Чаму вучыць дзяцей экалагічная квестгульня?
Што такое шчаслівае дзяцінства для чалавека? Гэта сям’я, дзе цябе любяць, ладзяць святы, чытаюць кнігі. А яшчэ гэта зносіны з сябрамі, вясёлыя і займальныя прыгоды, час летуценняў і здзяйснення жаданняў. Са з’яўленнем камп’ютараў, смартфонаў традыцыйная гульня становіцца менш цікавай для дзяцей, бо лічбавыя гульні больш маляўнічыя, суправаджаюцца спецэфектамі. Тым не менш гульня — вядучы від дзейнасці дзіцяці. І ў гэтым годзе ў летні аздараўленчы перыяд мы прапанавалі нашым выхаванцам экалагічную квест-гульню пад назвай “Юныя сябры прыроды”.
Праз QR-код быў зашыфраваны відэазварот лясных жыхароў, у якім яны просяць пасадзейнічаць з навядзеннем парадку ў лесе пасля моцнага ўрагану.
Вельмі важна з ранняга дзяцінства вучыць дзяўчынак і хлопчыкаў любавацца прыгажосцю прыроды і берагчы яе, клапаціцца пра жывёл. Усё, што нам удаецца засвоіць з маленства, становіцца часткай бясцэннага вопыту, што дазваляе арыентавацца ў дарослым жыцці. У ходзе правядзення квест-гульні дзеці знаходзяцца ў руху, яны вучацца думаць і разважаць, знаходзіць правільныя рашэнні, не баяцца памыліцца. Падчас выканання заданняў патрэбны кемлівасць, хуткасць, спрыт, камандная ўзаемадапамога і падтрымка дарослых. Пры падрыхтоўцы загадзя быў запісаны і зашыфраваны ў выглядзе QR-кода відэазварот лясных жыхароў, у якім яны просяць пасадзейнічаць з навядзеннем парадку ў лесе пасля моцнага ўрагану. А каб малыя не заблудзіліся, Ліска падрыхтавала карту са спецыяльна адзначанымі месцамі, дзе звяры чакаюць дапамогу. Выхаванцы разам з блазнам Плюхам вывучалі карту, знаходзілі адрасы выканання заданняў, з задавальненнем спраўляліся з перашкодамі. А іх было нямала: сабраць усё смецце, адфільтраваць брудную ваду з сажалкі, нанова пасадзіць усе вырваныя ветрам кветачкі. Вельмі спадабалася дзецям слухаць спевы птушак і адгадваць іх на малюнку. З асаблівай цікавасцю яны выконвалі заданне “Чым быў — чым стаў”. У канцы гульні хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў сюрпрыз. Да іх у госці зноў завітала Ліска. Яна падзякавала за праведзеную работу ад імя лясных жыхароў, пахваліла дзяцей за тое, што яны былі дружнымі, актыўнымі, вясёлымі. А ў якасці ўзнагароды выхаванцы атрымалі салодкія пачастункі. Хочацца адзначыць, што правядзенне квест-гульні ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў летні час дазваляе вырашаць вялікую колькасць задач. Свежае паветра, сонца, рух — галоўныя складнікі здароўя і развіцця дзіцяці.
Наталля ЦАЛІЧЫНА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 1 Докшыц.





