Вучаніцы 11 класа Тупічынскай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна Дар’я і Яўгенія Сталяровы пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове становяцца ўжо трэці год запар.
За званне лепшых у беларускай мове змагаліся звыш 70 вучняў Магілёўшчыны. Школьнікам трэба было напісаць водгук на мастацкі твор і выканаць комплексную работу.
— Сёлета для водгуку былі прапанаваны творы Аляксея Пысіна, Цішкі Гартнага і Максіма Танка. Вучні змаглі пабыць у ролі сапраўдных літаратуразнаўцаў: вызначалі тэму і праблему твора, вызначалі мастацкія сродкі і інтэрпрэтавалі іх. З гэтым заданнем усе справіліся даволі добра, а некаторыя навучэнцы ўразілі журы нестандартнай формай выканання. Што тычыцца комплекснай работы, то гэта была не проста праверка ведаў па беларускай мове і літаратуры, а выяўленне ўзроўню творчага мыслення, умення разумець, аналізаваць тэксты і ствараць уласныя па зададзеных крытэрыях. Задача не з лёгкіх, але вучні справіліся з ёй выдатна. Вельмі цешыць тое, што ў нашай вобласці ёсць захопленыя настаўнікі і навучэнцы, якія цікавяцца роднай мовай, літаратурай, гісторыяй, — паведаміла старшыня журы алімпіяды па беларускай мове дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі МДУ імя А.А.Куляшова Алеся Доўгаль.
Добрыя вынікі прадэманстравалі і ўдзельнікі абласной алімпіяды па рускай мове. Як і беларусазнаўцы, спачатку хлопцы і дзяўчаты пісалі водгук, а потым выконвалі комплексную работу.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 17 студзеня 2023 года.