Навукоўцы НАН працуюць над 15-томным тлумачальным слоўнікам беларускай мовы

- 12:19Новости

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў 15 тамах будзе налічваць больш за 250 тыс. слоў, расказаў дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА «Развіццё і папулярызацыя сучаснай беларускай мовы», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Такіх у нас яшчэ не выдавалася. Слоўнік будзе адлюстроўваць лексічнае багацце мовы з улікам змен, якія адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з сацыяльна-эканамічнымі, палітычнымі зменамі, у культурным жыцці, — падзяліўся І. Капылоў. — Ідзе работа па стварэнні тлумачальнага слоўніка ХІХ стагоддзя, слоўнікаў пісьменнікаў, у прыватнасці Дуніна-Марцінкевіча. Неўзабаве з’явіцца электронны зводны слоўнік беларускіх народных гаворак, які будзе ахопліваць мову пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя і да пачатку ХХІ стагоддзя.

Праходзяць экспедыцыі па зборы дыялектнай мовы. Мінулым летам І. Капылоў прымаў удзел у экспедыцыі на тэрыторыі Браншчыны і быў вельмі здзіўлены, што жыхары памежнага Суражскага раёна, які мяжуе з Касцюковіцкім раёнам, выдатна захавалі беларускую мову, яна фактычна нічым не адрозніваецца ад гаворак Гомельшчыны і часткова Магілёўшчыны, захавалі нашы традыцыі, культ вышыванкі, песні, фальклорныя ансамблі. Таксама навукоўцы НАН даследуюць кітабы — пісьмовую спадчыну, што пакінулі татары, якія з даўніх часоў жывуць на беларускай тэрыторыі.

Летась выйшаў «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» ў двух тамах аб’ёмам каля 65 тыс. слоў. У ім улічаны змены, зафіксаваны запазычанні, якія трапілі ў беларускую мову, словы, за кошт якіх папоўніўся лексічны склад мовы ў апошнія дзесяцігоддзі. Важная падзея: у 2022 г. выйшла фундаментальнае выданне «Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы».

Упершыню ў гісторыі КНР і Беларусі выйшаў перакладны слоўнік кітайска-беларускі і беларуска-кітайскі аб’ёмам 18 тыс. слоў. Зараз у рамках дзяржпраграмы ідзе работа над акадэмічным кітайска-беларускім слоўнікам. Яго завяршэнне плануецца на 2025-ы. Праводзяцца сумесныя даследаванні з Узбекістанам, прысвечаныя параўнанню моўных сістэм узбекскай, беларускай і рускай моў.

Адзін з новых і перспектыўных праектаў інстытута сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі і Адміністрацыяй Прэзідэнта звязаны з перакладам міжнародных дагавораў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і актаў органаў ЕАЭС з рускай мовы на беларускую. За 2022 г. перакладзена 616 міжнародных дакументаў агульным аб’ёмам больш за 15 тыс. старонак.

Па даручэнні Прэзідэнта працягваецца пераклад кодэксаў на беларускую мову. Іх перакладзена ўжо 17. Удасканальваецца юрыдычная тэрміналогія па-беларуску.

— Існуе задача папулярызаваць беларускую мову ў даступнай форме. Падрыхтаваны рукапіс работ, прысвечаных пісьмовым старабеларускім помнікам ХІV—ХVІІІ стагоддзя, напісаны не акадэмічнай, а навукова-папулярнай мовай, — адзначыў І. Капылоў. — Таксама ў 2024 г. выйдзе ілюстраваная навукова-папулярная кніга, дзе будуць разглядацца адметныя асаблівасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы, давацца характарыстыка яе дыялектнай асновы, апісанне найбольш яркіх адрозненняў гаворак Беларусі. Рабочая назва выдання — «Як гавораць беларусы». Адначасова з падрыхтоўкай выдання вядуцца здымкі відэароліка пра гісторыю стварэння кнігі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фото с сайта pixabay.com