Без булінгу: як дзеці з Мінска і Мінскай вобласці ствараюць дружалюбную атмасферу ў сваіх школах

- 17:09Образование

У Мінску прайшоў анлайн-марафон, дзе падлеткі з пілотных школ праекта «Дружалюбнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школе, свабоднае ад булінгу» падзяліліся сваім вопытам і рашэннямі па прафілактыцы булінгу. Праекты прэзентавалі вучні з СШ № 45, 66, 125, гімназіі № 146 Мінска і Бараўлянскай СШ № 2, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Каб справіцца з праблемай булінгу і стварыць дружалюбную і падтрымліваючую атмасферу ў школах, Міністэрства адукацыі пры падтрымцы ЮНІСЕФ у Беларусі ў 2020 г. запусціла эксперыментальны праект «Адаптацыя мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі» ў 26 школах краіны. У 2022-м да праекта далучыліся яшчэ чатыры школы. А сама мадэль ужо паказала сваю выніковасць у Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі, дзе ўзровень насілля ў школах знізіўся на 50 %, а ўзровень булінгу — на 75 %.

ЮНІСЕФ імкнецца абараняць дзяцей ад усіх форм насілля, уключаючы булінг або цкаванне. Праект якраз накіраваны на абарону і прафілактыку насілля. Мы імкнёмся, каб школы і суполкі, у якіх яны функцыянуюць, працавалі разам над стварэннем культуры павагі і разумення, пры якой усе дзеці адчуваюць сябе запатрабаванымі і што яны ў бяспецы. Пры гэтым мы і нашы партнёры разумеем, што самі дзеці з’яўляюцца важным звяном у барацьбе і прафілактыцы булінгу, таму яны павінны быць далучаны да распрацоўкі мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне здзекаў, — расказаў старшы каардынатар ЮНІСЕФ у Беларусі па абароне дзяцінства Дзмітрый Шылін.

Дзякуючы рэалізацыі праекта ў школах з’явіліся механізмы барацьбы з насіллем, якія ў асноўным былі прыдуманы самімі дзецьмі і прэзентаваны на марафоне.

Так, напрыклад, вучні паказалі найбольш эфектыўныя рашэнні, створаныя ў рамках навучання па метадалогіі сацыяльнага праектавання UPSHIFT.  У ходзе трэнінгу з’явіліся дзесяць прататыпаў, пяць з якіх атрымалі фінансавую падтрымку на рэалізацыю ад ЮНІСЕФ у Беларусі і Інстытута псіхалогіі БДПУ. Квесты, настольная гульня, цьютары для новенькіх у класе, рабочы сшытак для падлеткаў, стыкерпак, чат-бот і коміксы — гэта толькі частка праектаў, якія прапанавалі хлопчыкі і дзяўчынкі.

Без цяжкасцей не абышлося, — расказала Насця з Мінска, якая разам з іншымі школьнікамі рыхтавала тэматычныя коміксы. — Напрыклад, нам трэба было наладзіць камунікацыю паміж рознымі школамі: у нас розныя гарады, розныя расклады заняткаў. Мы доўга шукалі ілюстратара, працавалі над заданнямі, каб яны былі эфектыўныя і цікавыя. Але рады, што выбралі такі сучасны падыход, шчаслівыя, што ўсё атрымалася.

Таксама падчас анлайн-марафону слухачы даведаліся пра ўражанні ўдзельнікаў ад камунікатыўнага трэнінгу і фестывалю супраць булінгу, якія летась праходзілі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Асноўным вынікам работы ў «Зубраняці» стаў праект канстытуцыі школы, свабоднай ад булінгу, у якой самі дзеці сфармулявалі асноўныя правы і абавязкі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў прафілактыцы насілля. Некалькі школ ужо прынялі гэты дакумент і падзяліліся сваім вопытам.

На камунікатыўным трэнінгу пасля навучання мы маглі задаваць пытанні экспертам. І гэта было самае класнае. Абмеркавалі ўсе праблемы, якія нас турбавалі. А яшчэ было вельмі цікава паслухаць прыклады з уласнага вопыту экспертаў, — расказалі падлеткі. — Мы таксама набылі навыкі камунікацыі з аднагодкамі і малодшымі школьнікамі па пытаннях булінгу: вельмі важна, як правільна данесці думку да суразмоўцы аб прафілактыцы цкавання, падтрымаць пацярпелага і расказаць, куды звярнуцца па дапамогу.

Другая частка мерапрыемства была прысвечана міні-форуму дарослых — гэта партнёры-рэалізатары праекта, педагогі, псіхолагі, ментары і бацькі. Яны абмеркавалі важныя пытанні: чаго дасягнуў праект за 2,5 года і што трэба падкарэкціраваць, каб яшчэ больш эфектыўна рухацца наперад.

Так, напрыклад, бацькі падзяліліся, што заўважылі істотныя станоўчыя змены ў паводзінах дзяцей, у школьнай атмасферы ў цэлым.

Падлеткі сталі больш адкрыта гаварыць аб гэтай праблеме і не баяцца звярнуцца па дапамогу, у тым ліку да педагогаў або псіхолага, — адзначыла мама аднаго са школьнікаў.

На сёння мы сапраўды прайшлі сярэдзіну шляху, здолелі не толькі прыняць правілы праекта, але і зацвердзіць іх, трансліраваць іншым: «Гавары смела». І сёння мы гаворым пра цяжкасці і праблемы, якія стануць нашымі пунктамі росту. Нам трэба нарошчваць дыягнастычны, метадычны інструментарый, каб працаваць лёгка і проста, — расказала кіраўнік праекта, загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы БДПУ Ала Музычэнка. — У Беларусі рэалізацыя пілотнага праекта разлічана на 5 гадоў. Пройдзена палова дыстанцыі, таму важна было зрабіць яго прамежкавую ацэнку, атрымаць зваротную сувязь ад вучняў, педагогаў і бацькоў.

***

Булінг — гэта агрэсіўныя паводзіны, якія паўтараюцца, з намерам прычыніць іншаму чалавеку фізічны або эмацыянальны боль. Ён можа прымаць розныя формы, у тым ліку фізічную, і праходзіць у інтэрнэце або ў аўтаномным рэжыме.

Мадэль праекта «Адаптацыя мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі» прадугледжвае 7 асноўных крокаў рэалізацыі, накіраваных на шырокае інфармацыйнае асвятленне праблем канфліктаў у падлеткавым асяроддзі, фарміраванне каштоўнасцей узаемнай павагі ў вучняў школ і ўстанаўленне сістэмы кантролю за іх выкананнем, уключэнне ў працэс прафілактыкі насілля шырокага кола ўдзельнікаў (бацькоў, настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады).

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены ЮНІСЕФ у Беларусі

Навіна па тэме: 

Тэхналогіі работы па прафілактыцы школьнага булінгу: тэматычныя гадзіны, выкарыстанне гульняў і практыкаванняў