Сучасны педагог павінен ведаць, як знайсці падыход да кожнага дзіцяці, умець зацікавіць сваім прадметам і даць навучэнцам максімум ведаў, каб яны змаглі рэалізаваць сябе ў будучай прафесіі. Такое меркаванне выказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч падчас правядзення фіналу абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які прайшоў у гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
“У Мінскай вобласці больш чым 28 000 педагагічных работнікаў, і сённяшняе свята — для іх усіх, — падкрэсліла Соф’я Філістовіч. — У Маладзечне сабраліся лепшыя настаўнікі, фіналісты абласнога этапу. На сцэну выйдуць 23 педагогі, якія будуць змагацца за права атрымаць пераможную сініцу. Напэўна, нездарма існуе прыказка “Лепш сініца ў руках, чым журавель у небе”. Але мы спадзяёмся, што восенню і пераможны журавель прыляціць у Мінскую вобласць”.
Фіналістаў абласнога этапу павіншаваў таксама намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
“Педагогі рухаюць наша жыццё, таму мне хочацца выказаць словы прызнання і падзякі ўсім настаўнікам, — сказаў А.Кадлубай. — Якімі б ні былі вынікі фіналу, вы ўсе — пераможцы. Вы рызыкнулі падзяліцца ўласнымі напрацоўкамі, методыкай, не пабаяліся прадставіць іх і ўзаемна абагаціцца, што ў далейшым дапаможа прымяняць атрыманы вопыт у сваёй рабоце”.
23 педагогі-фіналісты змагаліся ў 8 намінацыях. Падлічыўшы балы, журы вызначыла пераможцаў.
Так, у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” першым стаў настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 13 Слуцка Аляксей Арцем’еў.
У намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” перамагла настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Слуцка Настасся Грынкевіч. У намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” — настаўнік гісторыі гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна Арцём Бабровіч.
Лепшай у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” стала выхавальніца дзіцячага сада Копішча Кацярына Толкач, а ў намінацыі “Замежная мова” перамагла настаўніца кітайскай мовы сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л.Сячко Ірына Куляшэўская.
У намінацыі “Пачатковыя класы” журы назвала пераможцай настаўніцу пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Вілейкі імя В.Л.Сасонкі Наталлю Андрыеўскую.
У намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” не было роўных настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Юліі Савановіч. А ў намінацыі “Хімія, біялогія” лепшым стаў настаўнік біялогіі і геаграфіі Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна Раман Корань.
Спецыяльны прыз за найбольшую колькасць балаў атрымала настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Юлія Савановіч.
Конкурс “Настаўнік года” не толькі стварае сітуацыю канкурэнцыі, але і збліжае педагогаў.
“Настаўнік павінен быць сябрам для навучэнцаў і падтрымліваць іх словам, — сцвярджае Ю.Савановіч. — Паколькі я вучу слову, то ўкладваю ў яго самы важны сэнс і імкнуся да таго, каб дзеці яго разумелі.
Што тычыцца конкурсу, то настрой ва ўсіх удзельнікаў баявы. Проста так ніхто не ўдзельнічае ў спаборніцтве, усе хочуць перамогі і ў першую чаргу над самімі сабой, над сваімі страхамі. Удзел у конкурсе — гэта выхад з зоны камфорту. Мы ўсе рызыкнулі і выйшлі з яе, менавіта таму сярод нас няма прайграўшых”.
Конкурс “Настаўнік года” не толькі стварае сітуацыю канкурэнцыі, але і збліжае педагогаў, даючы ім магчымасць пасябраваць. Прынамсі, такім вопытам падзяліўся начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко: 30 гадоў назад ён таксама ўдзельнічаў у “Настаўніку года”.
“Конкурс мае свае традыцыі і пераможцаў, і вельмі прыемна, што сярод іх ёсць прадстаўнікі Мінскай вобласці, — падсумаваў Мікалай Башко. — Думаю, што сярод плеяды новых канкурсантаў мы можам чакаць пераможцу заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Тое, што кожны дзень вы прыносіце ў клас, тое, што робіце, пасля ўдзелу ў конкурсе вы будзеце рабіць яшчэ лепш. Упэўнены, маючы такі вопыт, вы будзеце на сваім прыкладзе паказваць калегам, як эфектыўна працаваць з дзецьмі. Калі сустракаліся з вамі ў першы дзень, мы гаварылі пра тое, што тых, хто пераможа, чакае цікавы вопыт, няпросты летні адпачынак, новыя захапляючыя задачы, якія неабходна вызначыць і да дасягнення якіх трэба абавязкова імкнуцца. Дзякуй вам усім за самааддачу, за жаданне спаборнічаць. Як і ў любым конкурсе, пераможца ў кожнай намінацыі будзе толькі адзін. Але, нягледзячы на гэта, вы ўсе — пераможцы, і мы вам вельмі ўдзячны за гэтую перамогу”.
Наталля САХНО
Фота аўтара