Кастамайзінг па­-нашаму: як у аб’яднанні па інтарэсах «Майстрыхі» выкарыстоўваюць методыку пераробкі старых рэчаў

- 15:44АРТ-квартал, Образование

Сёння дызайнеры ўсё часцей выкарыстоўваюць для натхнення б/в рэчы, што прыйшлі ў нягоднасць. Матэрыялам для творчасці можа служыць усё, што раней выкідвалася ў смецце: пакеты, лямпачкі, рулоны ад папяровых ручнікоў, старыя джынсы… У сярэдняй школе № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава ўзялі гэтую тактыку на ўзбраенне.  У рамках аб’яднання па інтарэсах “Майстрыхі” тут актыўна выкарыстоўваецца методыка пераробкі старых рэчаў — кастамайзінг. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

 

Кіраўнік аб’яднання настаўніца абслуговай працы Надзея Генадзьеўна Шчэбет расказвае:

Нейкія прадметы адзення з часам выходзяць з моды, нейкія надакучваюць, а іншыя зношваюцца, рвуцца і, на думку многіх, больш не прыдатныя для нашэння. Але ў чуйных руках майстрыхі яны могуць ператварыцца ў нешта сапраўды цікавае. У нашай калекцыі “пераробак” ужо ёсць цацкі, вокладкі для штодзённіка, стыльныя прыхопкі, трымальнікі для сталовых прыбораў, святочныя гірлянды, утульныя пледы, упрыгажэнні, аксесуары: калье, завушніцы, шоперы, рукзакі, панамы, зроб­леныя з другаснага дэніму.

Што будзеце заказваць?

Кастамайзінг (ад англійскага слова customize — заказ) — гэта метад дэкарыравання і пераробкі ўжо гатовых рэчаў, у адпаведнасці з пажаданнямі і патрэбамі іх уладальніка. Па сутнасці, гэта зусім не новы кірунак, усе мы памятаем эфектную зялёную сукенку Скарлет О’Хара, дзеля якой ёй прыйшлося развітацца з выдатнымі “фамільнымі” шторамі. Але кастамайзінг — гэта не толькі пра перашыванне старых рэчаў. Да яго адносіцца і  ўнясенне новых эфектаў і дапаўненняў у толькі што набытую рэч (аплікацыя, вышыўка, роспіс), і ліквідацыя дэфектаў, пашкоджанняў адзення, і пэчворк — тэхніка злучэння невялічкіх шматкоў тканіны ў новы паўнавартасны выраб.

— Умець многае рабіць сваімі рукамі — залог упэўненасці ў сабе. Гэта я бачу па сваіх вучаніцах.  Створаная ўласным розумам і вырабленая сваімі рукамі рэч робіць чалавека больш гуманным і беражлівым, дазваляе значна скараціць уласныя расходы. Але актыўнае выкарыстанне другаснай сыравіны выгаднае не толькі па прычыне зніжэння асабістых выдаткаў, але і з пункту погляду экалагічнага падыходу да перапрацоўкі адзення. Звычайныя спажыўцы не маюць дакладнага ўяўлення пра ўмовы і этапы вытворчасці. Напрыклад, для таго, каб стварыць джынсы, трэба амаль сем тысяч літраў вады, тры кілаграмы хімікатаў, каля 13 квадратных метраў зямлі, на якой расце бавоўна… Сёння вытвор­часць адзення займае другое месца ў спісе самых шкодных і разбуральных для навакольнага асяроддзя відаў прамысловасці, адразу пасля нафтавай. Таму кастамайзінг — гэта не проста трэнд, які дазваляе ства­раць унікальныя рэчы ў адзінкавым экзэмпляры. Гэта спосаб беражлівага і адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя, — падкрэслівае Надзея Генадзьеўна.

Колер настрою — сіні

Для юных майстрых кастамайзінг пачаўся зусім не з жадання ісці ў нагу з модай.

— Уся справа ў джынсах, — расказвае Надзея Генадзь­еўна. — Нам тэрмінова спатрэбілася джынсавая тканіна, але сродкаў на яе набыццё катастрафічна не хапала. І мы арганізавалі ўнутрышкольную акцыю — павесілі аб’яву з прапановай абмяняць старыя джынсавыя рэчы на падарунак. Кожны, хто прыносіў нам непатрэбнае адзе­нне з дэніму, праз некаторы час атрымліваў маленькі сувенір з рэшткаў свайго ахвяравання (напрыклад, прыгожую бірульку ці цацку, створаную рукамі нашых майстрых). У выніку нам прынеслі столькі джынсавых рэчаў, што прайшло два гады, а матэрыял у нас не скончыўся і цяпер, хаця мы ўжо выпусцілі вялікую калекцыю другаснага джынсавага адзення. А ў гэтым годзе заняліся вырабам аксесуараў: сумачак, рукзакоў, упрыгажэнняў, рукавічак, капелю­шоў і шапак-вушанак з джынсавай тканіны.

Але самы любімы від творчай перапрацоўкі ў дзяўчат — стварэнне шопераў.

Не ведаю чаму. Магчыма, гэта даніна модзе, а можа, прычына ў тым, што шоперы вельмі лёгка робяцца. У любым выпадку гэты від пераробак самы папулярны. Яшчэ навучэнкі з задавальненнем майструюць цацкі з дэніму. Карацей кажучы, мы замахваемся на многае, — працягвае Надзея Генадзьеўна.

Каб вы маглі ўявіць маштабы джынсавай дзейнасці аб’яднання — у іх ёсць нават рэпрадукцыя карціны Ван Гога “Зорная ноч”.

— Гэтую работу мы стваралі з дзяўчатамі калектыўна, для абласной экалагічнай акцыі “Хто, калі не мы”. Па ўмовах конкурсу, неабходна было зрабіць рэпрадукцыю вядомай карціны з другаснай сыравіны. Мы пачалі думаць, успомнілі, што ў нас засталося шмат розных адценняў джынсавай тканіны, і паспрабавалі з маленькіх квадрацікаў вылажыць карціну, прыклеілі яе на клеявую павуціну, замацавалі метадам мастацкага цыравання… Па выніках конкурсу  атрымалі дыплом ІІ ступені, — з усмешкай расказвае Надзея Генадзьеўна.

Круэла супраць далмацінцаў

Сёння джынсавыя рэчы часова адкладзены ўбок — дзяўчаты кінулі ўсе сілы на новы праект. Цяпер яны ўсюды шукаюць вырабы з анімалістычным прынтам.

Наша новая калекцыя называецца “Круэла”. А натхніў на яе стварэнне персанаж аднайменнага фільма. У інтэрпрэтацыі папулярнай кінастужкі (у адрозненне ад мультфільма “101 далмацінец”) гэта вельмі цікавая, неадназначная гераіня — таленавітая дзяўчына, якая спрабуе рэалізаваць свае ідэі ў галіне дызайну адзе­ння. Яна імкнецца ўвесці новы погляд на модныя тэндэнцыі, прапануе смелыя, часам эксцэнтрычныя дызайнерскія рашэнні, што мы і паспрабавалі перадаць у сваёй калекцыі. У кожнай ма­дэлі выкарыстоўваецца элемент з экаскуры і роспіс літарамі, каб падкрэсліць адметныя асаблівасці персанажа, яго экстравагант­насць. Самым праблемным для нас аказаўся пошук тканіны з прынтам “далмацінец”: яго выкарыстанне было прынцыповым, бо ў Круэлы вельмі неадназначныя адносіны з гэтай пародай, касцюм з натуральнай плямістай шкуркі яна рабіла дзеля помсты. Мы з дзяўчатамі, вядома, не такія крыважэрныя, аднак дзеля  анімалістычнага прынту і нам прыйшлося пайсці на ахвяры. Мы нідзе не маглі яго раздабыць, у мясцовых магазінах не знайшлі такога матэрыялу.  Крыху падобнае да таго, што нам трэба, адшукалі толькі ў міжнародным інтэрнэт-маркеце, але па такім ашаламляльным кошце, што толькі рукамі развялі. Нарэшце адна з навучэнак адкапала дома старую падушку ў характэрныя чорныя плямкі. Яе мы і пусцілі на “шкурку далмацінца”, — прыгадвае педагог.

Умець многае рабіць сваімі рукамі — залог упэўненасці ў сабе.

Яна спадзяецца на поспех калекцыі, якая хутка будзе прадстаўлена на гарадскім конкурсе дызайн-праектаў у галіне мадэ­лявання і дызайну адзення  Junior Style.

— Кожная з дзяўчат з задавальненнем прымерала на сябе экстравагантны вобраз, — заўважае Надзея Гена­дзьеўна. — Гэта бачна па тым, як майстрыхі паво­дзяць сябе на дэфіле, — упэўнена, выразна, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад пераўвасаблення ў каралеву подыума. Не ведаю, як наконт перамогі, але  задавальненне ад удзелу ў конкурсе мы дакладна атрымаем.

У рэшце рэшт, кожны дызайнер адзення ў душы крыху Круэла.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота з архіва школы