Захаванне і прымнажэнне традыцый вызначаюць траекторыю развіцця Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Школа знаходзіцца ў аграгарадку Здзітава. Сучасны будынак са светлымі класамі, калідорамі і холамі здзіўляе сваёй прасторнасцю і ўрачыстасцю. Дырэктар Святлана Шумовіч у ходзе знаёмства адзначае, што навучальная ўстанова працуе з 1 верасня 2011 года і стала камфортным і ўтульным домам для сваіх вучняў і педагогаў. Для арганізацыі сучаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу абсталявана 18 вучэбных кабінетаў, сярод якіх кабінеты апрацоўкі металу і драўніны, кулінарыі, апрацоўкі тканін, лінгафонны кабінет, кабінеты інфарматыкі, фізікі і астраноміі, хіміі і біялогіі і інш.
Для арганізацыі спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы з навучэнцамі школа мае спартыўную залу, гімнастычны гарадок, стадыён з пляцоўкамі для гульнявых відаў спорту (футбола, валейбола, баскетбола). Школьная бібліятэка — з чытальнай залай і кнігасховішчам — абсталявана сучаснай камп’ютарнай тэхнікай з высакаскорасным выхадам у інтэрнэт. На тэрыторыі ўстановы ёсць пляцоўкі для вывучэння правіл дарожнага руху і для фігурнага ваджэння веласіпеда.
У школу прыязджаюць вучыцца дзеці з навакольных вёсак. Арганізаваны падвоз з 8 населеных пунктаў Здзітаўскага і Бярозаўскага сельскіх Саветаў, а таксама з горада Бярозы. У бягучым навучальным годзе на базе 10 і 11 класаў матэматыка і беларуская мова вывучаюцца на павышаным узроўні. У 10 класе дзейнічае група педагагічнай накіраванасці, а ў 10 і 11 класах працуюць групы аграрнай накіраванасці.
Чытайце матэрыял Вольгі ДУБОЎСКАЙ у нумары “Настаўніцкай газеты” ад 31 сакавіка 2023 года.