Сёлета ГрДУ імя Янкі Купалы запрашае абітурыентаў на тры новыя спецыяльнасці: “Архітэктура”, “Электраэнергетыка і электратэхніка” (дзённая форма) і “Тылавое забеспячэнне войскаў” з прафілізацыяй “Гаруча-змазачныя матэрыялы”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Работа з абітурыентамі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вядзецца не толькі ў час уступнай кампаніі. Знаходзяцца новыя формы, да працэсу далучаюцца партнёры ўніверсітэта. Так, пляцоўкі сямі заказчыкаў кадраў — галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, тэлерадыёкампаніі “Гродна”, спарткомплексу “Нёман”, упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, Гродзенскай рэгіянальнай мытні, ААТ “Белкард” — працавалі ў снежні 2022 года на кірмашы мэтавай падрыхтоўкі ў Купалаўскім універсітэце.
— Кірмаш праводзіўся ў дзень адкрытых дзвярэй універсітэта сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, — расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Карлюкова. — Быў прадстаўлены парадак і асаблівасці паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, можна было паразмаўляць з заказчыкамі кадраў. Удзел у мерапрыемстве прынялі больш за 650 навучэнцаў 9—11 класаў школ Гродзенскай і Гомельскай абласцей, іх бацькі і педагогі. Вялася анлайн-трансляцыя мерапрыемства на YouTube.
Кожны чацвер, пачынаючы з 9 лютага гэтага года, а 16-й гадзіне ў прамым эфіры ў рамках стрымаў у Instagram прадстаўнікі факультэтаў адказваюць на пытанні па ўступнай кампаніі 2023 года. У прамы эфір выходзяць розныя спікеры, сярод якіх дэканы, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Дні адкрытых дзвярэй ГрДУ праходзяць не толькі ў сценах універсітэта. У сакавіку пра жыццё альма-матар, уступную кампанію даведаліся навучэнцы Шчучына, Слоніма, Навагрудка. Дзеці сустрэліся з рэктарам ГрДУ Ірынай Кітурка, першым прарэктарам Аляксандрам Карэўскім, прарэктарам па навуковай рабоце Андрэем Праневічам. Было прадстаўлена і творчае жыццё купалаўцаў — яны арганізавалі святочны канцэрт. Таксама ў Навагрудку быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж універсітэтам і Навагрудскім райвыканкамам.
Усё бліжэй час уступнай кампаніі. І многія 11-класнікі вясновыя канікулы правялі разам з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Кожны факультэт арганізаваў мноства мерапрыемстваў у рамках праграмы “Канікулы ў ГрДУ”. Так, на факультэце псіхалогіі на працягу трох дзён абітурыенты знаёміліся са студэнцкім жыццём, для іх правялі трэнінгзнаёмства, спецыяльныя заняткі ад студэнтаў, вучні наведалі лекцыйныя і практычныя заняткі, сходы студэнцкага самакіравання. На інжынерна-будаўнічым факультэце абітурыентам расказалі аб будаўнічых спецыяльнасцях, ІТ-тэхналогіях у будаўніцтве, новай спецыяльнасці “Архітэктура”.
— Архітэктар павінен быць таленавітым крэатыўшчыкам і дасведчаным інжынерам-праекціроўшчыкам, — гаворыць дэкан інжынерна-будаўнічага факультэта Ала Волік. — Для засваення гэтай спецыяльнасці патрабуецца сур’ёзная падрыхтоўка: трэба ўмець маляваць, чарціць, рабіць разлікі і замеры, ведаць гісторыю і фізіку, матэматыку і замежныя мовы.
Будучыя архітэктары будуць вывучаць гісторыю мастацтваў, каларыстыку, кампазіцыю, жывапіс, малюнак, графіку, начартальную геаметрыю, матэматыку, матэрыялазнаўства, фізіку, механіку. Большая частка курса прысвечана непасрэдна архітэктурнаму праектаванню, эстэтыцы архітэктуры і вывучэнню сучасных будаўнічых канструкцый. Навучанне будзе суправаджацца практыкай — абмернай, будаўніча-тэхналагічнай і практыкай па жывапісе, падчас якіх студэнты выканаюць рэальныя праекты і зоймуцца праектаваннем асобных будынкаў і архітэктурных груп, гарадоў і пасёлкаў.
Тэрмін навучання па спецыяльнасці “Архітэктура” — 6 гадоў, што дае студэнтам магчымасць атрымаць кваліфікацыю “архітэктар”, а таксама ступень магістра. Для паступлення на спецыяльнасць неабходна здаваць не толькі цэнтралізаваны экзамен па рускай ці беларускай мове, ЦЭ/ЦТ па матэматыцы, але і дадатковы ўступны іспыт “Творчасць” ва ўніверсітэце. Да яго падрыхтоўкі інжынерна-будаўнічы факультэт арганізуе падрыхтоўчыя курсы, якія пачнуцца з красавіка.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы
Чытайце матэрыялы дадатку “Абітурыент” да “Настаўніцкай газеты” ў нумары ад 31 сакавіка 2023 года.