«Упершыню ла­дзілі брэйн-рынг». Якія цікавыя формы работы з навучэнцамі апрабавалі педагогі на канікулах

- 17:04Образование

Якія новыя цікавыя формы работы з навучэнцамі апрабавалі педагогі з розных рэгіёнаў на вясновых канікулах, спытала карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Ганна Януш, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Глуска, Магілёўская вобласць:

— Выхаванне падрастаючага пакалення — пра­цэс шматгранны. У якасці прыярытэтных напрамкаў у нашай гімназіі разглядаюцца фізічнае здароўе і маральны дабрабыт дзяцей, эстэтычнае і працоўнае выхаванне, інтэлектуальнае развіццё, фарміраванне духоўных каштоўнасцей і жыццёвых планаў школьнікаў, іх грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Установа адукацыі супрацоўнічае са Свята-Богаяўленскай царквой. На вясновых канікулах валанцёры руху Беларускай рэспубліканскай мала­дзёжнай арганізацыі “Добрае сэрца” з гімназіі Глуска прынялі ўдзел у акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі”, расчысціўшы прылеглыя да царквы тэрыторыі. Айцец Міхаіл правёў мерапрыемства для другакласнікаў на тэму “Праваслаўная кніга”, азнаёміўшы дзяцей са старадаўнімі праваслаўнымі рукапісамі. Для адраджэння і развіцця народных промыслаў гімназія цесна ўзаемадзейнічае з раённым Домам рамёстваў. У канікулярны час народныя ўмельцы дзяліліся сваімі ўменнямі з дзецьмі на майстар-класах. Напярэдадні надыходзячага свята Вялікадня дзяўчынкі і хлопчыкі вырабілі велікодны кошык для сваіх блізкіх. Яшчэ ў нас традыцыйна ў пачатку красавіка праводзіцца злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў руху, у якім гімназісты прымаюць удзел. Падрыхтоўка да конкурсу вядзецца вельмі карпатліва і закранае вучэбны працэс. У сувязі з гэтым сёлета на вясновых канікулах была арганізавана група для ўдзелу ў калектыўнай творчай справе “ЮІД”.

Васіль Каляда, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы в.Клейнікі імя Ю.В.Харытончыка Брэсцкая вобласць:

— На вясновых канікулах педагогі нашай установы актыўна выкарыстоўваюць як традыцыйныя, так і інавацыйныя формы работы з навучэнцамі. Актуальнымі застаюцца экскурсіі, гульні, КВЗ, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. З новых форм работы можна вылучыць дыстанцыйныя. Так, у канікулярны перыяд педагогі правялі з вучнямі анлайн-кансультацыі па падрыхтоўцы да алімпіяд, Viber-квесты і фотамарафоны па хэштэгах. Сёлета мы заўважылі, што навучэнцам больш за ўсё спадабаліся мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё інфармацыйнай культуры, — работа з медыярэсурсамі, сеткавае ўзаемадзеянне і творчасць у фармаце вэб-канструявання.

Марыя Уласавец, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 59 Мінска:

— Канікулы — час, вольны ад заняткаў, разумовай нагрузкі і дамашніх заданняў. Аднак навучэнцы нашай адукацыйнай установы не захацелі заставацца дома. Для дзяцей была арганізавана гутарка за круглым сталом на тэму бяс­пекі. Вучні свабодна абменьваліся думкамі аб тым, як можна пазбегнуць кур’ёзных сітуацый, успомнілі асноўныя правілы бяспечных паводзін дома і ў грамадскіх месцах. Што тычыцца новых форм работы на канікулах, то мы ўпершыню ла­дзілі брэйн-рынг, які развівае творчыя, пазнавальныя здольнасці вучняў і папулярызуе сярод моладзі веды па розных галінах навукі і культуры. Дарэчы, каманда, якая вызначылася хуткасцю рэакцыі пры адказах і кемлівасцю, была ўзнагароджана салодкімі прызамі. З мэтай выхавання патрыятызму і паважлівага стаўлення да гераічных учынкаў суайчыннікаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны была арганізавана Вахта Памяці. А яшчэ школьнікі ўпершыню наведалі з экскурсіяй  падстанцыю МНС. Усе гэтыя ідэі вучні падрымалі, жадаючых паўдзельнічаць у згаданых мерапрыемствах было шмат. Канікулы мы правялі з карысцю.

Алена Дубанос, настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, Гродзенская вобласць:

— У перыяд вясновых канікул мы апрабавалі новыя цікавыя формы работы з вучнямі. Пры іх выбары былі ўлічаны пажаданні і запыты вучняў, забяспечана іх занятасць карыснымі і змястоўнымі відамі дзейнасці. Так, напрыклад, сучасны падыход да арганізацыі вольнага часу навучэнцаў рэалізаваны праз работу школьнай бізнес-кампаніі. Супрацоўніцтва ў перыяд канікул з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ваўкавыскага райвыканкама вывела кампанію на новы фармат — выраб прадукцыі для Ваўкавыскага раённага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Такая форма работы спрыяе выхаванню міласэрнасці, дабрыні і чалавекалюбства ў падлеткаў. Эфектыўнай дзейнасцю, якая забяспечвае максімальную занятасць і зацікаўленасць школьнікаў у канікулярны час, з’яўляецца іх удзел у праф­арыентацыйных мерапрыемствах. Так, дзеці ўпершыню наведалі дзень адкрытых дзвярэй і фінал конкурсу “Лепшы па прафесіі” ў Ваўкавыскім каледжы Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На інтэрактыўных пляцоўках навучэнцы азнаёміліся са спецыяльнасцямі, асаблівасцямі прыёму ў каледж у 2023 годзе і паўдзельнічалі ў конкурсе па выяўленчым мастац­тве. Сярод шматлікіх форм работы, арыентаваных на інтэлектуальнае развіццё школьнікаў, асаблівае месца зай­мае прадметная алімпіяда. Інтэнсіўная пад­рыхтоўка да яе ажыццяўляецца падчас канікул з прыцягненнем пераможцаў прадметнай алімпіяды мінулых гадоў. На дапамогу настаўніку і традыцыйным формам работы прыходзяць віртуальны кабінет па працоўным навучанні, анлайн-курсы, майстар-класы і відэаўрокі па розных відах рука­­дзелля. Плануючы работу з навучэнцамі ў канікулярны час, неабходна праду­маць яе так, каб яна была не толькі цікавай, але і карыснай з пункту гледжання атрымання новага пазітыўнага жыццё­вага вопыту і прафарыентацыі.

Настасся ЧАРКАНАВА