Пераможца алімпіяды па працоўным навучанні С. Ярута: «Мама жартуе, што я нарадзіўся з адвёрткай у руках»

- 12:46Образование

Узрост перамозе не перашкода. Гэта засведчыў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, які адбыўся на базе сталічных сярэдніх школ №№ 25, 26, 204 і аб’яднаў 72 навучэнцы з усёй краіны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Спаборніцтвы складаліся з практычнага і тэарэтычнага тураў. Заданні для ўсіх класаў прапаноўваліся аднолькавыя. На практычным туры, на які адводзілася 4 гадзіны, юнакам было прапанавана зрабіць ціскі сталярныя (струбцыну). Удзельнікі павінны былі прадэманстраваць уменні чытаць чарцёж, каб зразумець спосабы злучэння дэталей, тэхнічнае заданне. Журы брала пад увагу дакладнасць апрацоўкі драўніны і якасць апрацаваных паверхняў, дакладнасць вырабу дэталей з металу і якасць іх апрацоўкі, зборку ўсяго вырабу, а таксама творчы складнік, які вучань можа прыўнесці ў зададзены выраб.

Тэарэтычны тур змяшчаў заданні некалькіх катэгорый: закрытага тыпу (на выбар правільнага адказу), на адпаведнасць, на выбар некалькіх адказаў, адкрытага тыпу. Юным кулібіным прапаноўваліся задачы на разлік, у якіх яны павінны былі прымяніць свае веды не толькі па тэхналогіі, але і па матэматыцы, фізіцы, задзейнічаць міжпрадметныя сувязі, а таксама творчае заданне: вучні распрацоўвалі свае вырабы, складалі графічную дакументацыю, тэхналогію вырабу, тэхнічныя малюнкі.

Па словах намесніка старшыні журы рэспубліканскай алімпіяды старшага выкладчыка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна Сяргея Гладкага, вучні паспяхова справіліся з алімпіяднымі турамі. Яны прадэманстравалі канструктарскія здольнасці, эстэтычны густ, майстэрства працаваць рукамі. Самыя моцныя набралі каля 75 балаў і больш са 100 магчымых. На практычным туры палова ўдзельнікаў набрала 30 і больш балаў. Аднак некаторыя юнакі, на жаль, не пакінулі сабе час на зборку вырабу – яны ўдзялілі ўвагу асобным дэталям, дакладнасці апрацоўкі, якасці паверхняў і інш.

– Што тычыцца тэарэтычнага тура, то няма прамой залежнасці вынікаў ад узроўню складанасці заданняў. Здавалася, што заданне з катэгорыі лёгкіх, але, магчыма, з-за самаўпэўненасці, спешкі або яшчэ чаго-небудзь навучэнцы давалі не той адказ, які патрэбны. А ў складаным заданні яны, наадварот, адзначалі правільны адказ. Радуе, што ў многіх добра ідуць разліковыя задачы, у некаторых атрымліваюцца і тэхналогія распрацоўкі, і эскізы. Многа васьмікласнікаў атрымалі добрыя вынікі. Дзякуючы сваёй ініцыятыве, актыўнасці, імкненню да перамогі, яны часта апярэджваюць выпускнікоў. Узрост перамозе не перашкода, – адзначыў С. Гладкі.

У практычным туры дзяўчаты выраблялі чахол для сонечных акуляраў з камбінаваннем двух відаў тканіны. Гэта дастаткова складаная канструкцыя з некалькіх дэталей, якія павінны быць злучаны такім чынам, каб увесь унутраны бок вырабу быў ідэальны, без дадатковых адкрытых зрэзаў.

95 % навучэнак цудоўна справіліся з гэтым заданнем, – расказвае старшыня журы дэкан тэхнолага-біялагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя І.П. Шамякіна Алена Ціханава. – Быў шэраг такіх работ, што нават журы было складана здагадацца, які спосаб быў прыдуманы, настолькі дакладна ўсё было апрацавана. Вырабы атрымаліся цудоўныя па знешнім выглядзе і вельмі высокай якасці. Асобная ўдзячнасць арганізатарам за цудоўны падбор матэрыялаў па колеры і якасці, што стварыла перадумовы для такой выніковай работы. У вышыўцы, вязанні кручком удзельніцы прадэманстравалі высокі ўзровень практычнай гатоўнасці, але камусьці проста не хапіла часу, магчыма, з-за псіхалагічных асаблівасцей, маруднага тэмпу работы. Ва ўмовах алімпіяды ўменне сабрацца і працаваць не толькі дакладна, але і хутка – вельмі важны фактар. У першым туры максімальная ацэнка склала 50,75. Гэта вельмі высокі вынік.

Тэарэтычны тур паказаў, што інварыянтная частка праграмы ўдзельніцамі засвоена цудоўна, а вось варыятыўная выклікала некаторыя цяжкасці: менавіта тут праявіліся ступень валодання рамяством, сістэмнасць мыслення. Задачы творчага характару прадугледжвалі дэманстрацыю ўласнага кругагляду ў галіне прадметных ведаў, жыццёвага вопыту. Дзяўчаты прапанавалі розныя варыянты меню, метады апрацоўкі ў выпадку ўзнікнення складанай тэхналагічнай сітуацыі, правілы догляду гатовых вышытых вырабаў. Журы адзначыла дастаткова высокі ўзровень выканання заданняў тэарэтычнага тура. Удзельніца-пераможца са 100 магчымых балаў набрала 81,75. Узровень падрыхтоўкі навучэнак з году ў год павышаецца.

Па выніках алімпіяды школьнікі заваявалі 31 дыплом і 4 пахвальныя водгукі. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сярод дзяўчат сталі: адзінаццацікласніца Дар’я Лагун з сярэдняй школы № 3 Калінкавіч (настаўніца С.У. Дзенісюк), дзевяцікласніца Юлія Кляшчэнка з гімназіі Светлагорска (настаўніца Л.П. Лучына), адзінаццацікласніца Таццяна Гесь з Аношкаўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна (настаўніца Т.А. Ялковіч); сярод юнакоў: адзінаццацікласнік Данііл Пілевіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца (настаўнік С.А. Карпец), навучэнец 11 класа Сяргей Ярута з сярэдняй школы № 16 Пінска (настаўнік А.В. Тарэлкін), васьмікласнік сярэдняй школы № 13 Жлобіна Мацвей Лапцеў (настаўнік Д.Б. Доўнар). Прыз міністра адукацыі ў намінацыі «Паспяховы дэбют» уручаны васьмікласнікам Мацвею Лапцеву з гімназіі № 13 Жлобіна і Настассі Савасцеенка з гімназіі Светлагорска (настаўніца Л.П. Лучына). Па колькасці заваяваных дыпломаў лідзіруюць Гомельская і Віцебская вобласці.

Удзельнікі алімпіяды падзяліліся ўражаннямі.

Навучэнка 8 класа гімназіі Светлагорска Настасся Савасцеенка:

Працоўнае навучанне вельмі дапамагае мне ў штодзённым жыцці і вучобе. Фізічная праца стымулюе разумовую актыўнасць. Любоў да яе прывілі мая мама Наталля Кірылаўна і настаўніца Л.П. Лучына. Гэта была мая другая рэспубліканская алімпіяда. Сёлета выраб быў больш складаны, чым у мінулым годзе, аднак я справілася – вышывала, вязала, шыла. Тэарэтычны тур быў для мяне складаным. Былі пытанні, з якімі не сустракалася ўвогуле. Але гэта таксама вопыт. Я займаюся чатыры разы на тыдзень пасля ўрокаў у гімназіі, а таксама ў свой вольны час. Упор робіцца на практыку, а тэорыяй займаюся дома. Планую звязаць сваё жыццё з дызайнам адзення.

Навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 Лунінца Данііл Пілевіч:

– З дзяцінства люблю майстраваць штосьці сваімі рукамі, вынаходзіць. У школе займаўся канструктарскай дзейнасцю: для ўдзелу ў конкурсах былі распрацаваны тэхнаёлка, апарат для салодкай ваты. Летась мой настаўнік Сяргей Аляксандравіч Карпец прапанаваў паўдзельнічаць у алімпіядзе, і мне ўдалося прайсці на рэспубліку. Праўда, дыплома не ўзяў, але паставіў мэту і цэлы год мэтанакіравана да яе ішоў. Сёлета на алімпіядзе і практыка, і тэорыя добра атрымаліся. Думаў, што будзе складаней. Займаўся па некалькі гадзін у дзень. Як правіла, дома вывучаў тэорыю, а ў школе – практычныя пытанні. Планую паступаць у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 16 Пінска Сяргей Ярута:

– Ужо трэці раз удзельнічаю ў рэспубліканскай алімпіядзе. Мяне падрыхтаваў настаўнік тэхнічнай працы Андрэй Васільевіч Тарэлкін, за што вельмі ўдзячны яму. Менавіта ён далучыў да алімпіяднага руху. З дзяцінства я захоплены рамонтам бытавой і сельскагаспадарчай тэхнікі, электронікай. Магу гадзінамі сядзець за гэтым заняткам. Мама жартуе, што я нарадзіўся з адвёрткай у руках. Шмат займаўся ў школе пасля ўрокаў, па суботах, чытаў дадатковую літаратуру. Планую паступаць у БДУІР.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара