Новая традыцыя: на алімпіядзе па інфарматыцы ўручылі пераходны кубак камандзе з найбольшай колькасцю пераможцаў

- 11:10Образование

Сучасныя навукі ў сучасным месцы — заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” прайшоў у навукова­-тэхналагічным парку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Перад навучэнцамі стаяла вельмі адказная задача — не толькі прадэманстраваць свае веды, але і паспяхова выступіць за свой  рэгіён. Забягаючы наперад, скажам, што сёлета на алімпіядзе па інфарматыцы адбылася падзея, якая стане традыцыяй, — уручаць пераходны кубак камандзе з найбольшай колькасцю пераможцаў. У гэтым годзе кубак адправіўся ў Гомель. Усяго ў алімпія­дзе прынялі ўдзел 120 навучэнцаў у складзе 8 каманд з усіх абласцей Беларусі, Мінска і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Як паведаміў старшыня журы старшы выкладчык кафедры дыс­крэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Буслаўскі, удзельнікі ў кожным туры рашалі па 4 алгарытмічныя задачы на працягу 5 га­дзін.

Начальнік галоўнага ўпраў­лення адукацыі Гро­дзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык падкрэсліў, што для навучэнцаў алімпіяда — гэта вельмі важны этап, таму што з’яўляецца адной з прыступак уступнай кампаніі для адзінаццацікласнікаў. Перамога і нават прызавое месца ў алімпіядзе — гэта залог гарантаванага паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову. І такія гарантыі ўжо ёсць ва ўладальнікаў дыпломаў І ступені навучэнцаў 11-х класаў Дзмітрыя Анташкевіча з гімназіі № 2 Магілёва, Станіслава Полыня і Рыгора Кошмана з Цэнтра юных пажарных Мазыра, Уладзіміра Мароза­ва і Арцёма Савіча з Ліцэя БДУ, Арцёма Бельскага з гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава, Дзмітрыя Барчука з гімназіі № 2 Віцебска.

Навучэнцы 10-х класаў з гімназіі № 8 Віцебска Андрэй Сабаленка і Артур Рубіш, Дзмітрый Гарбатоўскі з гімназіі № 51 Гомеля таксама адзначаны дыпломам І ступені.

Самым малодшым сярод узнагароджаных дыпломамі І ступені ўдзельнікаў алімпіяды па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” стаў навучэнец 8 класа сярэдняй школы № 27 Гомеля Міхаіл Брэль. Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе Міхаіл быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені. А самым малодшым сярод усіх удзельнікаў стаў шасцікласнік сярэдняй школы № 11 Гомеля Генадзь Марцынкевіч. Таксама былі ўручаны 16 дыпломаў ІІ ступені і 27 дыпломаў ІІІ ступені.

Некалькі вельмі напружаных дзён выпала перажыць удзельнікам алімпіяды. Але арганізатары стварылі ўмовы не толькі для паспяховай работы, але і для якаснага адпачынку. Як расказала метадыст упраўлення метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Марына Ярома, для навучэнцаў былі арганізаваны экскурсіі ў Гро­дзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Стары замак і па славутых месцах горада.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі