У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы прынялі ўдзел 160 чалавек

- 17:00Образование

160 чалавек прыехалі ў Слонім для ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Алімпіяда для навучэнцаў 8—11-х класаў праходзіла ў два туры, у кожным трэба было выканаць 4 заданні. Пяць насычаных дзён доўжыўся матэматычны марафон, які вызначыў дыпламантаў трох ступеней, а таксама тых, хто працягне спаборніцтвы на міжнародных матэматычных алімпіядах. Усяго было ўручана 13 дыпломаў І ступені, 23 — ІІ і 38 — ІІІ ступені. Чатыры навучэнцы адзначаны пахвальнымі водгукамі.

Прыз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымаў навучэнец 9 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Міхаіл Райхман як абсалютны пераможца сярод навучэнцаў 9-х класаў. Атрымаў падарунак і навучэнец гімназіі № 2 Віцебска Мацвей Арэшчанка. Яго павіншавалі з днём нараджэння, які быў 27 сакавіка.

Як паведаміла галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля Іванова, навучэнцы 9—11 класаў, якія паказалі высокія вынікі на алімпіядзе, прымуць удзел у вучэбных зборах, па выніках якіх будзе сфарміравана каманда для ўдзелу ў 64-й Міжнароднай алімпіядзе. У гэтым годзе яна пройдзе ў Японіі.

Дыпламантамі І ступені сталі навучэнцы 11-х класаў Мікіта Шутро і Мацвей Зарко з Ліцэя БДУ, Аляксандр Сыцін (гімназія № 1 Слуцка), Уладзіслаў Максіменкаў (гімназія № 2 Віцебска), навучэнцы 10-х класаў Іван Коршунаў (гімназія № 2 Віцебска), Мацвей Вылягжанін і Веслаў Красненка (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Павел Цітоў (гімназія № 51 Гомеля), навучэнцы 9-х класаў Міхаіл Райхман (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Максім Манастырскі (гімназія № 2 Віцебска), сярод навучэнцаў 8-х класаў — Марыя Нарбіна (гімназія № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага), Яўгенія Масленнікава (гімназія № 3 імя В.І.Соламавай Гродна), Дзяніс Вістуноў (сярэдняя школа № 12 Наваполацка).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ