На працягу тыдня ў дзіцячым садзе № 17 Жодзіна адзначалі Сусветны дзень тэатра. Ідэяй яго правядзення натхніла музычны кіраўнік Вольга Суша.
На працягу двух гадоў Вольга Пятроўна працавала над праектам “Узаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і ў развіцці творчых здольнасцей дашкольнікаў сродкамі тэатралізаванай дзейнасці”. Падчас рэалізацыі педагагічнага праекта прасочвалася цеснае супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў па ўзбагачэнні развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя, развіцці маўленчай актыўнасці і творчага патэнцыялу дзяцей. Вынікі работы радавалі бацькоў, падабаліся дзецям і педагогам, аднак было адно “але”: у праекце прымала ўдзел адна група дзіцячага сада, а хацелася паглыбіць у свет тэатра максімальную колькасць выхаванцаў.
Сучасныя дзеці — візуалы. Калі ім даць выбар, яны аддадуць перавагу прагляду мультфільмаў, а не сумеснаму чытанню кніг, а тым больш гульні ў тэатр. Бацькам таксама зручна арганізаваць прагляд мультфільмаў, каб дзіця не перашкаджала. Падабраць цікавы твор, пачытаць яго, прааналізаваць вобразы персанажаў і пагуляць у тэатр, як паказвае практыка, складана для большасці дарослых. Дзеці не цікавяцца мастацкай літаратурай, а ў бацькоў недастаткова развіта культура сямейнага чытання і арганізацыі гульняў з дзецьмі. Таму ўзнікае праблема: бацькі чытаюць дзецям мала, а калі чытаюць, то творы не заўсёды адпавядаюць узросту выхаванцаў.
Педагагічная дасведчанасць бацькоў дае добрыя вынікі: бацькі з задавальненнем далучаюцца да сумеснай дзейнасці, у дзяцей павышаецца камунікатыўная актыўнасць, дапытлівасць, актывізуюцца творчыя здольнасці.
Прааналізаваўшы работу па развіцці маўленчых і тэатральных здольнасцей дзяцей у межах адной групы ўстановы дашкольнай адукацыі, мы зрабілі пэўныя вынікі. Правільна арганізаваная дзейнасць па павышэнні педагагічнай дасведчанасці бацькоў дае добрыя вынікі: бацькі з задавальненнем далучаюцца да сумеснай дзейнасці, у дзяцей павышаецца камунікатыўная актыўнасць, дапытлівасць, актывізуюцца творчыя здольнасці.
Менавіта сумеснымі намаганнямі бацькоў і педагогаў падчас правядзення тыдня тэатра для дзяцей нашага дзіцячага сада былі паказаны такія тэатралізаваныя пастаноўкі, як “Калабок”, “Снягурачка і Ліса”, “Рукавічка”, “Марозка”, “Пад грыбам”, “Церамок”, “Бычок — смаляны бачок”. Героямі казак сталі выхаванцы старшых і сярэдніх груп дзіцячага сада. Гледачы, якімі былі выхаванцы малодшых груп, работнікі дзіцячага сада і бацькі, з задавальненнем назіралі за дзеяннямі герояў. Кожны пражыты дзень з тэатрам падарыў дзеткам новыя эмоцыі, яны пасябравалі з казачнымі героямі і знайшлі новых сяброў.
Таццяна ХАДАРОНАК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 17
“Залаты ключык” Жодзіна
Фота аўтара