У школе маладога спецыяліста “Прафстарт”, пасяджэнне якой адбылося ў дзіцячым садзе № 44 Барысава, прайшла сустрэча з педагогамі па тэме “Самаадукацыя педагога: учора, сёння, заўтра”. Пасяджэнне праходзіла ў форме ток-шоу “Місія невыканальная”.
Школа маладых спецыялістаў — гэта ўнікальная пляцоўка арганізацыі і стварэння ўмоў для прафесійнага росту пачынаючых педагогаў.
На пачатку пасяджэння школы ўвазе маладых спецыялістаў была прадстаўлена прэзентацыя “Самаадукацыя — ключавая кампетэнцыя педагога”, падчас якой я абгрунтавала і аргументавала, чаму менавіта самаадукацыя сёння з’яўляецца ключавой кампетэнцыяй спецыяліста. Раскрыццё паняцця самаадукацыі і магчымасцей, якія з’яўляюцца ў педагога дзякуючы ёй, былі прадстаўлены ў інфарм-дайджэсце “Арганізацыя самаадукацыі”.
Падчас мерапрыемства маладым спецыялістам было прапанавана падумаць аб тым, якой будзе самаадукацыя ў будучыні. Пасля гэтага сваім вопытам падзяліліся педагогі дзіцячага сада № 44 Барысава. Так, творчай справаздачай “Выхаванне патрыятызму ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў працэсе азнаямлення з родным горадам” падзялілася выхавальніца Юлія Чуіс. Медыякейс “Забеспячэнне развіцця дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту з дапамогай выкарыстання здароўезберагальных тэхналогій” прадставіла выхавальніца Кацярына Плотнікава, а Алена Мірук, педагог-псіхолаг, правяла трэнінг “Я гатовы ўсё пераадолець”.
Практычная частка мерапрыемства пачалася з дзелавой гульні, падчас якой маладыя спецыялісты стваралі вобразы педагогаў, паказваючы практычную значнасць самаадукацыі. Складанне перфакарты дапоўніла і замацавала ўяўленні ўдзельнікаў пра самаадукацыю, а таксама пра тое, як правільна і наколькі важна ў сваёй рабоце ставіць мэту і шукаць матывацыю.
Праводзячы напрыканцы сустрэчы рэфлексію, маладыя спецыялісты падзяліліся сваімі думкамі і падзякавалі за магчымасць павышэння асабістай кампетэнтнасці ў пытаннях самаадукацыі. Удзельнікі мерапрыемства ўпэўніліся, што самаадукацыя — гэта важная і неабходная частка развіцця прафесійных кампетэнцый педагогаў.
Вераніка НЯЎЗОРАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 44 Барысава,
кіраўнік школы маладога спецыяліста “Прафстарт”
Фота аўтара