На працягу 5 гадоў на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці дзейнічае Маладзёжны патрыятычны цэнтр, які неўзабаве атрымае статус рэспубліканскага, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Цэнтр размяшчаецца ў пабудове першай паловы 1930-х гадоў. На рэканструяваным аб’екце захаваліся сляды ад куль і асколкаў снарадаў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся 111-ы гвардзейскі артылерыйскі полк. З пачатку 2000-х будынак пуставаў.
— Арганізаваць у Брэсцкай крэпасці цэнтр як базу для патрыятычнай работы з моладдзю прапанавалі 15 гадоў назад удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба “Гарнізон” пры гаркаме БРСМ. У 2013 годзе на форуме “Маладосць. Традыцыі. Будучыня” праект паказалі Прэзідэнту. Затым канцэпцыю стварэння Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра разгледзелі на чарговым з’ездзе БРСМ. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову і даручыў частку сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, накіраваць на будаўніцтва цэнтра. Аб’ект абвясцілі абласной маладзёжнай будоўляй, дзе за 3 гады ў складзе добраахвотніцкіх атрадаў працавалі больш за 2 тысячы юнакоў і дзяўчат, — расказаў дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віктар Іваноў, філіялам якога з’яўляецца патрыятычны цэнтр.
Работы па рэканструкцыі праводзіліся вельмі акуратна. З даваеннага часу захавалася старая трылінка. Ля будынка — 150-гадовая таполя, выжыўшая пад артабстрэламі. У знешнім і ўнутраным дворыках здымаліся масавыя і батальныя сцэны вядомага мастацкага фільма “Брэсцкая крэпасць”.
Праект рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі пазіцыянуецца як народны і прадугледжвае рэканструкцыю іншых будынкаў і збудаванняў на Кобрынскім умацаванні: былой казармы для размяшчэння асабовага складу плошчай 2,6 тысячы квадратных метраў, казематаў з вучэбнымі класамі, цірам і сталовай, стадыёна. Будуць узведзены спартыўны і палатачны гарадкі. Плануецца добраўпарадкаваць тэрыторыю плошчай каля 3 га. Паводле папярэдніх ацэнак, рэалізацыя першай чаргі праекта патрабуе не менш за 45 млн рублёў, у тым ліку спонсарскіх сродкаў. Ужо адкрыты дабрачынны рахунак.
— Сёння цэнтр прымае штогод каля 450 чалавек, а з развіццём інфраструктуры зможа прымаць да 500 штомесяц. Атрымаецца паўнацэнная адукацыйна-спартыўна-аздараўленчая ўстанова, дзе будзе круглагадова арганізавана грамадзянска- і ваенна-патрыятычнае выхаванне па спецыяльных вучэбных праграмах, — адзначыў Віктар Іваноў.
Штотыдзень на базе цэнтра праходзяць 5-дзённыя вучэбна-трэніровачныя зборы “Пераможца” па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы моладзі і метадычным суправаджэнні настаўнікаў, якія займаюцца ёй у школах. “Курс маладога байца” ўключае фізічныя і стралковыя практыкаванні, знаёмства з ваеннай гісторыяй і ўмовамі службы вайскоўцаў.
Па суботах тут праводзяцца заняткі з гарадскімі школьнікамі: працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Юны разведчык”, “Ваенная гісторыя”, “Турызм і краязнаўства” і “Лабараторыя жывой гісторыі”. Летам арганізуецца лагер “Патрыёт”. Жадаючых адпачыць у ім заўсёды шмат.
Акрамя таго, на тэрыторыі цэнтра праходзяць ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, круглыя сталы з цікавымі людзьмі, спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту, ваенна-тактычныя гульні з выкананнем вучэбна-баявых задач, майстар-класы спецыялістаў па тактычнай і пагранічнай падрыхтоўцы, выжыванні ў экстрэмальных сітуацыях, абыходжанні са стралковай зброяй і паліталогіі, а таксама тэматычныя лекцыі і экскурсіі.
— Наш дэвіз — “Памятаць тое, што было, цаніць тое, што ёсць, ствараць і абараняць будучыню”, — гаворыць кіраўнік цэнтра гвардыі палкоўнік запасу Віктар Радамскі, які чвэрць стагоддзя аддаў службе ў паветрана-дэсантных войсках. — У арміі і ў цэнтры задачы па выхаванні патрыётаў амаль супадаюць. Сюды прыязджаюць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў, якія неўзабаве ўвойдуць у дарослае жыццё. І мы павінны падрыхтаваць іх да гэтага. Самае галоўнае — стварыць калектыў аднадумцаў, каб тут было цікава, карысна і пазнавальна дзецям.
Вучэбна-метадычнай работай у цэнтры займаецца Вольга Бурак, прадаўжальніца пакалення пераможцаў. Яе прабабуля Вольга Рыгораўна Сокал (Нарышкіна), жонка ваеннага камандзіра, сустрэла Вялікую Айчынную вайну ў Брэсцкай крэпасці, выратавалася і працягнула барацьбу з фашыстамі на фронце. Пра гісторыю жыцця і подзвігі мужнай прабабулі праўнучка хутка раскажа ўдзельнікам беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”.
Планаў і новых ідэй у калектыву цэнтра шмат. Калі аб’ект абвесцяць Усебеларускай маладзёжнай будоўляй, сюды прыедуць студэнцкія атрады з усёй краіны, як пры рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. У будучыні цэнтр стане добрым памочнікам у рабоце не толькі БРСМ, але і іншых грамадскіх арганізацый, месцам рэгулярных сустрэч вучняў Саюзнай дзяржавы.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота БелТА