Нацыянальны інстытут адукацыі падрыхтаваў прыкладныя матрыцы адзінага ўрока да Дня Перамогі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Мэта ўрока — пашырэнне ведаў вучняў аб подзвігах юных герояў у гады Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне патрыятычных пачуццяў да сваёй Радзімы, гордасці за яе гераічнае мінулае, гатоўнасці служыць на карысць свайго народа, фарміраванне разумення каштоўнасці міру на зямлі.
Гэтае мерапрыемства рэкамендавана правесці ў музеі ўстановы адукацыі, музейным пакоі, актавай зале, бібліятэцы, дзе можна аформіць выставу кніг, фатаграфій, малюнкаў навучэнцаў «Юныя героі Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг.». Вітаецца выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу, інфармацыі з афіцыйных сайтаў музеяў, бібліятэк, СМІ, дзе расказваецца пра юных герояў. У пачатку ўрока важна нагадаць навучэнцам інфармацыю пра вайну, трагедыю ў Хатыні, генацыд беларускага народа, значэнне Дня Перамогі. Расказаць і пра подзвіг юных герояў. З 1941 па 1945 год у ваенных дзеяннях прымалі ўдзел тысячы непаўналетніх хлапчукоў і дзяўчынак. Яны ваявалі нароўні з дарослымі ў дзеючай арміі і партызанскіх атрадах, удзельнічалі ў падпольных арганізацыях. За баявыя заслугі многія дзеці былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Лёня Голікаў, Марат Казей, Валя Коцік, Зіна Партнова ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пра подзвігі юных герояў напісаны вершы і апавяданні, зняты фільмы, іх імёны носяць школы, вуліцы, караблі. Для вучняў 1—4-х класаў можна падрыхтаваць прэзентацыю пра юных герояў і арганізаваць прагляд і абмеркаванне фрагментаў фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» (для 1—2-х), “Вуліца малодшага сына» (для 3—4-х). У 5—8-х класах прапануецца правесці ўрок у форме вуснага часопіса «Маленькія героі Вялікай вайны» (кожная старонка прысвечана аднаму чалавеку) з выкарыстаннем розных сродкаў візуалізацыі (прэзентацыя, відэаролікі). Можна арганізаваць размову «У імя чаго здзяйсняюцца подзвігі?» з выкарыстаннем прыёму «Рамонак пытанняў» — складаецца з некалькіх пялёсткаў, кожны з якіх змяшчае пэўны тып пытанняў: простыя, удакладняючыя, інтэрпрэтацыйныя, творчыя, ацэначныя, практычныя. У 9—11-х класах урок можна прадставіць у выглядзе жывой кнігі (апавядання пра юных герояў вайны) «Героямі не нараджаюцца, героямі становяцца» з выкарыстаннем мультымедыйнай прэзентацыі, фрагментаў відэаролікаў. У якасці апавядальнікаў загадзя рыхтуюць навучэнцаў, а абмеркаванне ідзе ў фармаце адкрытага мікрафона «За будучыню свету мы ў адказе». Сярод пытанняў для абмеркавання: што значыць для вас — прапраўнукаў тых, хто заплаціў за Вялікую Перамогу сваім жыццём, — дата 9 Мая? Чаму Дзень Перамогі — галоўнае гістарычнае свята ў нашай краіне? Чаму Перамогу называюць Вялікай? Які ўклад у агульную справу Перамогі ўнеслі юныя беларусы? Чаму так важна захаваць мір? Што неабходна рабіць, каб трагічныя падзеі вайны ніколі не паўтарыліся на зямлі Беларусі?
Урок завяршаецца мінутай маўчання. Магчыма, навучэнцы на лістах у выглядзе трохвугольніка напішуць словы падзякі юным героям вайны і выканаюць творчае заданне: зробяць плакат «Дзякуй за Перамогу», складуць сінквейн да слова «Перамога» (для пачатковых класаў); з дапамогай геаінфармацыйных сэрвісаў створаць інтэрактыўную карту з пазначэннем помнікаў і абеліскаў героям і ўдзельнікам вайны (свайго рэгіёна, мясцовасці) з выкарыстаннем рэсурсу Google Maps (для сярэдняга звяна); створаць постар на аснове архіўных фатаграфій (альбо з выкарыстаннем здымкаў школьнага музея) на тэму «Юныя героі Вялікай Айчыннай вайны» (для старшых класаў).
Падрабязней чытайце тут.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва рэдакцыі