Інтэрнэт-тыдзень хіміі ў Instagram. Унікальным вопытам падзялілася настаўніца Арына Гаўрыленка

- 10:53Главная, Образование

Чатыры гады назад Арына Гаўрыленка, настаўніца хіміі Бараўлянскай гімназіі, прыдумала цікавы фармат арганізацыі ўрокаў і пачала праводзіць інтэрнэт­-тыдзень хіміі ў Instagram. Нягледзячы на тое, што план анлайн-­заняткаў штогод абнаўляецца, іх ідэя застаецца нязменнай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Усе доследы, якія запланаваны па вучэбнай тэме, навучэнцы праводзяць дома, а вынікамі дзеляцца на сваёй старонцы ў папулярнай сацыяльнай сетцы.

“Упершыню тыдзень хіміі быў праведзены анлайн у 2020 годзе ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуа­цыяй, — расказвае Арына Віктараўна. — Якраз набліжаліся даты, калі мы арганізоўваем адпаведныя заняткі. Разумеючы, што большасць дзяцей вучыцца дыстанцыйна, я пачала ду­маць, як эфектыўна правесці ўрокі і зрабіць так, каб вучні нічога не ўпусцілі. Ідэю перайсці ў анлайн падказаў рэальны выпадак. У магазіне я стаяла ў чарзе за хлопчыкам, які вучыцца ў пачатковай школе. Ён гартаў ленту Instagram. Убачыўшы гэта, я зразумела: вось яна, цудоўная платформа для арганізацыі дыстанцыйных урокаў”.

Сёння Іnstagram-урокі хіміі карыстаюцца папулярнасцю нават у пяцікласнікаў, якія гэты прадмет яшчэ не вывучаюць. Настаўніца расказала, што навучэнцы заўсёды з ахвотай прымаюць удзел у мерапрыемствах тыдня: прахо­дзяць анлайн-апытанні і віктарыны, здымаюць у хатніх умовах эксперыменты, прысутнічаюць на прамых эфірах, удзельнічаюць у розыгрышах.

“Анлайн-тыдні хіміі і біялогіі сталі традыцыйнымі ў нашай гімназіі, — зазначае педагог. — Я ўпэў­нена: цікавасць да прадмета заўсёды пачынаецца з педагога і з таго, як ён будуе ўрок. А для настаўніка, які працуе творча, самы галоўны крытык і вучань — ён сам. Педагог павінен не толькі ведаць свой прадмет, але і арыентавацца ў каляпрадметных сферах. Толькі ў такім выпадку ён зможа даць дзецям тыя веды, якія не згубяцца ў патоку шматлікіх фактаў і дэталей”.

На сваіх уроках Арына Гаў­рыленка выкарыстоўвае шматлікія формы пазнавальных заданняў: экспрэс-апытанні, разлікова-эксперыментальныя задачы, дыдактычныя гульні, хімічныя дыктанты, вір­туальныя эксперыменты і інш.

“Часцей за ўсё на занятках прымяняю сучасныя прыёмы і метады, — працягвае настаўніца. — Сёння перад настаўнікам стаяць няпростыя задачы. У першую чаргу педагог павінен ствараць умовы для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, а таксама развіваць у іх імкненне да творчага ўспрымання ведаў, вучыць самастойна ду­маць, больш поўна рэалізоў­ваць патрэбы і павышаць матывацыю да вывучэння прадмета. Каб дасяг­нуць гэтага, я іду рознымі шляхамі: удасканальваюся сама і прыцягваю да вывучэння хіміі сваіх навучэнцаў.

Іnstagram уваходзіць у лік найбольш перспектыўных са­цыяльных платформ. Карыстальнікі гэтай сацыяльнай сеткі дэманструюць высокую зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні адно з адным. Атрымліваецца амаль ідэальная сацыяльная платформа для сучаснага чалавека, які жыве ў пастаянным руху”.

Кожны дзень на старонках Арыны Віктараўны (@arina_gavrilenko) і яе калегі настаўніцы біялогіі Алены Пілецкай (@piletskaialena) размяшчаюцца заданні. Безумоўна, перш чым правесці дома нейкі дослед, дзеці глядзяць, як яго выканалі настаўніцы. І толькі пасля гэтага, згодна з інструкцыяй, эксперыментуюць самі.

Вопыт Арыны Гаўрыленка ўнікальны для ўсіх: яна — аўтар інтэрнэт-тыдняў па хіміі ў Instagram. Каб падзяліцца сваімі ідэямі ў гэтым кірунку, настаўніца праводзіла адпаведны майстар-клас для педагогаў Міншчыны.

Такія дыстанцыйныя прадметныя тыдні дазваляюць школьнікам, якія захоплены хіміяй, задаволіць свой пазнавальны інтарэс. Да таго ж гэта дае ім магчымасць атрымліваць новую інфармацыю.

“Кожны дзень падчас анлайн-тыдня на нашых старонках расказваем і паказваем, што трэба зрабіць, —  тлумачыць педагог. —  У першы ж дзень аб’яўляецца конкурс на лепшае фота і самае крэатыўнае відэа. Таксама ў першы дзень выходзіць пост, дзе падрабязна выкладзены сутнасц­ь тыдня хіміі і ўмовы розыгрышу “хімбіябокса”. Калі навучэнцы здымаюць відэа доследу, то ім неабходна выста­віць яго на сваёй старонцы з адзнакай настаўніка хіміі або біялогіі(@arina_gavrilenko, @piletskaialena) і абавязкова гімназіі (@bor_gim). Аналагічна вучні робяць і з фота”.

Праграма эксперыментаў анлайн-тыдня мяняецца штогод. Дзякуючы творчаму і сучаснаму падыходу Арыны Гаўрыленка да прадмета, навучэнцы гімназіі выкарыстоўваюць Іnstagram не толькі для таго, каб размясціць свае фота або паставіць некаму лайк, але і з адукацыйнай мэтай. Менавіта так у дзяцей фарміруюцца навыкі супрацоўніцтва і су­творчасці з педагогам і вучнямі.

“На працягу тыдня хіміі самых актыўных і крэатыўных навучэнцаў трэба абавязкова ацэнь­ваць, — звяртае ўвагу Арына Віктараўна. — Для гэтага можна выкарыстоўваць бонусную сістэму, як раблю я. Напрыклад, вучань можа атрымаць + 1 бал да самастойнай або лабараторнай работы, адмовіцца ад таго, каб яго ацэньвалі па хімічнай дыктоўцы, папрасіць дапамогі настаўніка на практычнай рабоце і г.д. Право­дзячы такія тыдні ўжо 4 гады, магу адзначыць, што вельмі часта раскрываюцца тыя навучэнцы, якія на ўроках сябе не так ярка праяўляюць. Неабавязкова для правядзення анлайн-тыдня прымяняць асабістую старонку — будзе дастаткова школьнай, яна ёсць ва ўсіх. Такім чынам можна разнастаіць школьны акаўнт, і ён будзе актыўна працаваць.

Падчас арганізацыі анлайн-тыдня хіміі вельмі важна стварыць творчую групу навучэнцаў і размеркаваць іх ролі. У дзяцей заўсёды многа крэатыўных ідэй, а педагог будзе выступаць толькі ў ролі кіраўніка. Часта чую ад настаўнікаў, што яны не ўме­юць карыстацца Instagram. Нічога страшнага! Галоўнае, што ім умеюць карыстацца вашы навучэнцы. Паверце: варта адзін раз правесці такі тыдзень — і вы ўсяму навучыцеся. Гэта праверана на маіх калегах!”

Год назад, каб пашырыць межы вывучэння хіміі, Арына Віктараўна стварыла Telegram-канал “Карысная хімія”.

“Мой канал мае адукацыйны фармат, — падкрэслівае настаўніца. — Слоган канала — “Раскажу пра хімію простай мовай і зраб­лю навуку больш блізкай”. У дзяцей, якія прапусцілі лабараторную ці практычную работу, ёсць магчымасць пагля­дзець яе на канале. Дарэчы, у ім дзялюся інфармацыяй не толькі з навучэнцамі, але і настаўнікамі. На “Карыснай хіміі” ёсць доступ да Google-дыска, на якім размешчаны многія кантрольныя, самастойныя работы, тэставыя заданні. Усё гэта можна выкарыстоўваць на ўроках хіміі”.

У 2016 годзе Арына Гаўрыленка разам са сваімі навучэнцамі стварыла на тэрыторыі гімназіі экалагічную сцежку, якая складаецца з дзесяці станцый. Яна спрыяе павышэнню навукова-экалагічнай адукацыі дзяцей і дарослых.

“Веды, якія навучэнцы атрымліваюць на сцежцы, цесна звязаны з вучэбным матэрыялам і дапамагаюць прымяняць на практыцы веды з розных дысцыплін, — тлумачыць педагог. — Сёння плануем пашы­рыць экалагічную сцежку за кошт стварэння новых станцый, такіх як “Зялёная аптэка” і “Проста раздзяляй”. Наша ініцыятыўная група цесна супрацоўнічае з факультэтам прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, з якім мы заключылі два акты ўкаранення па рабоце на экалагічных сцежках. Такім чынам, экалагічная сцежка — гэта перспектыўная вучэбная тэрыторыя, дзе школьнікі не толькі вучацца, але і вучаць адно аднаго. Аб’яднанне па інта­рэсах “Юныя хімікі і эколагі”, якім я кірую, — гэта яшчэ адзін спосаб прыцягнуць дзяцей да навукі і паказаць, наколькі цікавай і захапляльнай з’яўляецца хімія”.

Вопытам сваёй работы Арына Віктараўна актыўна дзеліцца з калегамі. Настаўніца прымае ўдзел у семінарах, канферэн­цыях, а таксама праводзіць майстар-класы.

У яе педагагічным партфелі — 35 публікацый ў міжнародных і рэспубліканскіх навуковых зборніках і часопісах. Але сваім галоўным дасягненнем і гордасцю настаўніца называе перамогі і дасягненні навучэнцаў. Ужо 8 гадоў яна выкладае ў Бараўлянскай гімназіі хімію на павышаным узроўні.

“Каб вучыць дзяцей і адпавядаць іх патрабаванням, педагог павінен пастаянна развівацца, — упэўнена Арына Гаўрыленка. — Самаадукацыя — гэта вельмі важна для сучаснага настаўніка. Сёння я працую над кандыдацкай дысертацыяй, а таксама вывучаю перадавы вопыт калег, наведваю шматлікія курсы, каб ісці ў нагу з часам. Упэўнена: настаўнікі не павінны баяцца вывучаць новыя тэхналогіі і ўкараняць іх. Толькі дзякуючы такому падыходу, можна знайсці сябе і сваё прызванне, як калісьці зрабіла я”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА