У Беларусі стартаваў мэтавы набор ва ўніверсітэты

- 10:27Главная, Образование

Першага чэрвеня стартавала ўступная кампанія для абітурыентаў-­мэтавікаў, што паступаюць ва УВА краіны. Якія дакументы ім неабходна падаць у прыёмныя камісіі, ці можна яшчэ паспець заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку і як будуць праходзіць уступныя экзамены? Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведалася ў начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея Пішчова.

Дзверы адкрыты

Сёлета абітурыенты, якія маюць намер вучыцца ва ўніверсітэце на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, адкрыва­юць уступную кампанію, бо ў бягучым годзе размежавалі конкурс для мэтавікаў і тых, хто паступае на бюджэт на агульных умовах.

Нагадаем, дакументы ад абітурыентаў-мэтавікаў чакаюць да 5 чэрвеня. Затым з 6 па 13 чэрвеня неабходна вытрымаць адзін вусны ўступны экзамен. Да 15-га выпускнікі школ павінны прадаставіць свае атэстаты або дыпломы аб заканчэнні каледжаў. Залічэнне ж абітурыентаў, якія выбралі мэтавую траекторыю навучання, адбудзецца 16 чэрвеня.

У гэтым годзе УВА краіны гатовы прыняць больш за 4,5 тысячы абітурыентаў-мэтавікаў.

“Каля 900 мэтавых месцаў зацверджана па педагагічных спецыяльнасцях і больш за 3600 — па ўсіх астатніх. Мэтавая падрыхтоўка заўсёды была запатрабаванай. Сёння мы назіраем рост цікавасці да яе, аб чым сведчыць павялічаная колькасць пададзеных заявак ад прадпрыемстваў і зацверджаных мэтавых месцаў у параўнанні з мінулым годам. Важна, каб і прадпрыемствы, і абітурыенты падышлі адказна да заключэння дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы”, — падкрэсліў С.М.Пішчоў.

Зараз у кожнай установе адукацыі працуюць гарачыя лініі па пытаннях прыёмнай кампаніі. Калі раптам у кагосьці яшчэ засталіся нейкія пытанні, напрыклад, па тым, як заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку і з якім прадпрыемствам, якія дакументы трэба падаваць, то варта звяртацца непасрэдна ў той універсітэт, куды і плануе паступаць абітурыент.

Да канца прыёму дакументаў (да 18 га­дзін 5 чэрвеня) абітурыенты могуць паспець як заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку, так і падаць дакументы.

“Але прадпрыемствы павінны ра­зумець, што, каб адбыўся мэтавы набор, ім неабходна стварыць конкурсную сітуацыю па спецыяльнасці — каб на адно мэтавае месца абавязкова прэтэндавала больш за аднаго чалавека. А гэта зна­чыць, коль­касць мэтавых дагавораў па спецыяльнасці павінна перавышаць колькасць выдзеленых мэтавых месцаў ва ўніверсітэце. Чым вышэйшым будзе такі конкурс, тым больш моцныя абітурыенты прыйдуць вучыцца па гэтай траекторыі”, — патлумачыў Сяргей Мікалаевіч.

Падача дакументаў

У прыёмную камісію з 1 па 5 чэрвеня неабходна прадаставіць:

  • заяву, напісаную ва ўніверсітэце;
  • дагавор на мэтавую падрыхтоўку, заключаны з арганізацыяй — заказчыкам кадраў;
  • медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору;
  • характарыстыку са школы (сёлетнім выпускнікам);
  • рэкамендацыю ад педагагічнага савета школы ці ад працоўнага калектыву.

Дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы — гэта трохбаковы дакумент, які заключаецца паміж установай адукацыі, абітурыентам і арганізацыяй — заказчыкам кадраў. У ім павінны быць прапісаны: прадмет дагавора, спецыяльнасць, па якой будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка, кваліфікацыя і ступень, тэрмін атрымання адукацыі, кошт навучання, стварэнне арганізацыяй — заказчыкам кадраў умоў для праходжання вытворчага навучання, практыкі і правядзення практычных заняткаў. А таксама павінны быць агавораны будучае працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, тэрмін абавязковай адпрацоўкі, пакрыццё сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку такога спецыяліста, калі ён вырашыць змяніць сферу дзейнасці.

“Мэтавы дагавор заключаецца ў трох экзэмплярах і абавязкова падпісваецца кіраўніком прадпрыемства. Усе тры экзэмпляры прывозяцца ў прыёмную камісію. Пасля праходжання ўступных іспытаў і пры залічэнні гэты дагавор будзе падпісаны рэктарам універсітэта”, — паведаміў Сяргей Пішчоў.

Неабходна памятаць: дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы пачынае дзейнічаць з моманту падпісання кіраўніком установы адукацыі і да заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі.

У характарыстыцы будуць пералічаны асабістыя якасці абітурыента, яго схільнасці, магчымасці, інта­рэсы і дасягненні. Гэта дапаможа ўніверсітэту выбудоўваць адукацыйны працэс, а таксама выхаваўчую работу.

“А яшчэ абітурыентам, якія маюць льготы пры паступленні, неабходна прадаставіць дакументы, што пацвярджаюць іх. Да ліку льготнікаў адносяцца медалісты, пераможцы рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і шэраг іншых катэгорый. Калі яны, напрыклад, паступаюць на спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай, то могуць прэтэндаваць на залічэнне без праходжання ўступных іспытаў”, — дадаў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

Унутраны экзамен

Калі абітурыент-мэтавік не мае льгот, то яму прыйдзецца здаваць вусны ўнутраны экзамен. Яго правядуць у класічнай форме. Абітурыент выцягне білет з двума пытаннямі і пойдзе рыхтаваць адказ на іх на працягу да 90 мінут. На спецыяльным бланку ён павінен выкласці свае адказы на пастаўленыя пытанні, а пасля пераказаць іх камісіі. У яе склад будуць уваходзіць адзін выкладчык універсітэта і настаўнік-прадметнік з установы агульнай сярэдняй адукацыі. Падчас правядзення экзамену будзе арганізаваны відэа- і аўдыязапіс іспыту.

“Экзамен будзе праводзіцца ў вуснай форме па першым профільным прадмеце або ў практычнай форме, калі абітурыент паступае на творчую альбо спартыўную спецыяльнасць. Матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — усё ў вуснай форме. Пералік пытанняў па кожным прадмеце дастаткова працяглы час размешчаны на сайце нашага міністэрства, і кожны мог падрыхтавацца да іх. Дарэчы, вусны экзамен прыйдзецца зда­ваць у абавязковым парадку, нават калі абітурыент-мэтавік мае сертыфікат ЦЭ па гэтым прадмеце”, — растлумачыў С.М.Пішчоў.

У сваю чаргу выпускнікам педагагічных класаў пры падачы дакументаў на педспецыяльнасці давядзецца прайсці субяседаванне, затое ім не трэба будзе здаваць унутраны экзамен. Абавязковымі ўмовамі пры гэтым з’яўляюцца наяўнасць у дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 7 балаў па ўсіх вучэбных прадметах і адзнак не ніжэйшых за 8 балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных уступных іспытаў. Таксама абітурыентам неабходна прадаставіць рэкамендацыю ад педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі.

“Час правядзення субяседавання абітурыенты даведаюцца пры падачы дакументаў. Пытанні для правядзення субяседавання будуць складзены ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У час размовы з абітурыентамі — будучымі настаўнікамі ў іх таксама запытаюцца, чаму яны выбралі педагагічную спецыяльнасць і з якой мэтай паступаюць на яе. Аналагічная сітуацыя і з выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія будуць мець рэкамендацыі назіральнага савета гэтай установы”, — праінфармаваў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

Адпрацоўка — станаўленне спецыяліста

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі мэтавікі абавязаны працаваць у таго заказчыка кадраў, які заключыў з імі дагавор пры паступленні. Абавязковы тэрмін адпрацоўкі пасля УВА для маладых спецыялістаў складае 5 гадоў. У гэты тэрмін могуць быць уключаны час прахо­джання тэрміновай службы ў арміі, а таксама дэкрэтны водпуск.

“Пяць гадоў адпрацоўкі — гэта перыяд станаўлення маладога спецыяліста на прадпрыемстве. Мэтавікі — гэта матываваныя абітурыенты. І калі яны загадзя пазнаёміліся з тым прадпрыемствам, з якім заключылі дагавор на мэтавую падрыхтоўку, а затым у час вучобы прайшлі на ім вытворчыя практыкі, то будуць добра ведаць свае будучыя працоўныя задачы. Пяць гадоў праляцяць вельмі хутка, але яны дазволяць маладому спецыялісту дасягнуць пэўнага прафесійнага і кар’ернага росту. Ён зможа павысіць сваю кваліфікацыю і нават пры жаданні атрымаць дадатковую адукацыю”, — перакананы Сяргей Пішчоў.

Па яго словах, мэтавая падрыхтоўка — адна з найбольш перспектыўных форм адукацыі.

“Па медыцынскіх спецыяльнасцях кантрольныя лічбы прыёму менавіта на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі сёння даходзяць да 80%. Пад­рыхтоўка кадраў за кошт рэспубліканскага бюджэту якраз і накіравана на тое, каб рыхтаваць кадры для канкрэтных прадпрыемстваў, бо і кантрольныя лічбы прыёму мы фарміруем на аснове заявак прадпрыемстваў, таму і размеркаванне ў нас сёння 100%-нае. Зга­дзіцеся, калі дзяржава ўкладае ў навучанне студэнтаў сродкі, то яна мае права патрабаваць ад іх адпрацоўку. Любое бюджэтнае навучанне — гэта таксама мэтавая форма падрыхтоўкі кадраў. І наша задача — максімальна замацаваць маладыя кадры на прадпрыемствах, каб яны ў далейшым развівалі вытворчасць або арганізацыю сацыяльнай сферы, куды размеркаваны, на карысць эканомікі і дзяржавы ў цэлым”, — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

На пытанне ж, ці зменіцца траекторыя мэтавага паступлення ў наступным го­дзе, Сяргей Пішчоў адказаў так: “У цэлым сістэма выбудавана, і мы лічым, што яна павінна сябе апраў­даць. Канечне, мы прааналізуем вынікі гэтага года, і калі ўзнікнуць нейкія ўдакладненні, то мы прыкладзём усе намаганні, каб іх адкарэкціраваць”.

Яшчэ раз нагадаем, што тыя абітурыенты, якія не паступяць ва УВА па мэтавым наборы, змогуць пазмагацца за званне студэнта-бюджэтніка на агульных умовах. Для гэтага неабходна будзе ­здаць ЦТ (спадзяёмся, што мэтавікі зарэгістраваліся на яго праходжанне), пасля падаць дакументы ў прыёмную камісію з 17 па 25 ліпеня і вытрымаць уступныя экзамены з 26 ліпеня па 2 жніўня (па некаторых спецыяльнасцях). Залічэнне ў рады студэнтаў адбудзецца па 4 жніўня. Дарэчы, уся неабходная інфармацыя па ўступнай кампаніі ў выгля­дзе інфаграфікі размешчана на сайце міністэрства, яе можна і трэба выкарыстоўваць.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.