Прывабны «Жураўлік». Жыхары Мёраў лічаць дні да адкрыцця новага дзіцячага сада: якім ён будзе?

- 9:08Главная, Образование

Будоўля ўваходзіць у пералік 136 найбольш важных аб’ектаў краіны, праектаванне і ўзвядзенне якіх прадугледжвае Дзяржаўная інвестыцыйная праграма, зацверджаная Указам Прэзідэнта № 26 ад 7 лютага 2023 г., паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Незвычайны трохпавярховы будынак з казачнымі вежамі прыгажэе з кожным днём. Вось толькі нядаўна фасады былі шэрыя, а потым, нібы сама прырода так распарадзілася, пачалі насычацца цёплай сонечнай пяшчотай, расцвітаючы адценнямі ружовага, жоўтага і аранжавага. За пераўтварэннямі з надзеяй назіраюць гараджане, асабліва жыхары мікрараёна — хутка, хутка адкрыццё!

— Ніколі раней не даводзілася ўзводзіць дзіцячыя сады, — прызнаецца начальнік участка ААТ «Будаўнік» горада Ашмяны Яўген Альшук. — Адказнасць вялікая. Зараз на парадку дня чыставая аддзелка, афарбоўка, падлога, паркет кладзём. Добраўпарадкаванне тэрыторыі — часткова. Канчатковы выгляд яна набудзе крыху пазней, калі ўстановім малыя архітэктурныя формы, абсталяванне для гульнявых пляцовак. Неабходныя падрыхтоўчыя работы ўжо раней выканалі. Згодна з праектам, дзе трэба, залілі бетон, нават газонную траву пасеялі, падкормку ў належны тэрмін правялі. Заўсёды цудоўна бачыць добры вынік уласнай працы. А ў гэтым выпадку мы найперш працуем для дзяцей: незвычайнае адчуванне. Сям’ю я пакуль не стварыў, гэта наперадзе. Але магу сказаць упэўнена, што сваіх дзяцей з радасцю вадзіў бы ў такую дашкольную ўстанову.

Дзіцячы сад на 200 месцаў у Мёрах будзе трэцім на Віцебшчыне з уведзеных у эксплуатацыю будынкаў па такім праекце. Аб’ект мае без перабольшання стратэгічнае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Забудова мікрараёна ідзе актыўна, штогод яго кварталы прырастаюць навасельцамі. Пераважна гэта маладыя сем’і з маленькімі дзецьмі. Многія з бацькоў — работнікі мясцовага металапракатнага завода: буйная сучасная вытворчасць дыктуе запыт на кадры. Між іншым з вокнаў размешчанай у крокавай даступнасці жылой пяціпавярхоўкі, узведзенай прадпрыемствам для металургаў, новы дзіцячы сад відаць як на далоні.

Па словах будучага кіраўніка дашкольнай установы Ніны Лагун, у дзіцячым садзе адкрыецца 12 груп. Сярод іх 4 ясельныя, прычым адна для зусім маленькіх выхаванцаў, ва ўзросце ад аднаго да двух гадоў. У перспектыве плануецца адкрыць санаторную групу з прадоўжаным рэжымам знаходжання. Тут найперш будуць арыентавацца на тое, якія прыйдуць дзеці, што актуальна для бацькоў, у тым ліку ў адпаведнасці з графікам работы металапракатнага завода. Працоўны калектыў практычна набраны, а жадаючых запісаць сюды дзяцей вельмі шмат. Што заканамерна, бо ў новым дзіцячым садзе прадугледжаны ўсе ўмовы для камфортнага і бяспечнага знаходжання выхаванцаў, іх развіцця. У фізкультурна-аздараўленчым блоку, напрыклад, дзве залы: для лячэбнай фізкультуры і гімнастычных заняткаў.

— Яшчэ ў нас басейн памерам пяць на сем метраў з сістэмай бяспечнай ачысткі вады, музычныя залы, харчаблок і медыцынскі блок, тры ліфты — два грузавыя і адзін пасажырскі, — знаёміць з інфраструктурай Н. Лагун. — А галоўнае, сучасныя памяшканні для груп. Згодна з санітарна-гігіенічнымі нормамі кожнае з іх знаходзіцца ізалявана. У групе — прасторны і светлы гульнявы пакой, утульная спальня, буфет, падсобныя памяшканні. Дарэчы, колеравае афармленне для кожнай групы выбіралі сваё: у гульнявых пакоях яркія адценні, у спальнях больш спакойныя. На сёння набыты амаль поўнасцю мэбля, абсталяванне айчыннай вытворчасці — значыць, не проста сучаснае, але і з надзейнымі якаснымі характарыстыкамі. Варта дадаць, я таксама жыву ў новым мікрараёне. Калі іду па вуліцы, апошнім часам ніводнага разу не было, каб хто-небудзь з сустрэчных не спытаўся: «А што новага зрабілі, што ўжо завезлі? Як дзіця ўладкаваць у новы сад? Калі нарэшце адкрыццё?» Уражанне такое, што ўвесь горад у чаканні. Некаторыя бацькі нават хітруюць крыху, не спяшаюцца сваіх дзяцей аддаваць у першы клас — вельмі ім хочацца, каб хаця б год яшчэ сын ці дачка да нас пахадзілі. Усе разлічваюць, што тут будуць найлепшыя ўмовы для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Зразумела, прыярытэт на залічэнне ў новы дзіцячы сад — у жыхароў мікрараёна.

Наваселле запланавана на 3 ліпеня, між тым назву для дашкольнай установы выбралі ўжо даўно — «Жураўлік». Пазнавальным турыстычным брэндам раёна стаў экалагічны асенні фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю».

Штогод падчас сезоннай міграцыі на адным з самых буйных балот Еўропы, знакамітай Ельні, спыняюцца на адпачынак тысячы шэрых жураўлёў. Якраз тады паспяваюць і журавіны. Фестываль збірае мноства людзей, выявы жураўлёў з журавінамі ў райцэнтры і наваколлі можна ўбачыць паўсюдна: на будынках, вуліцах, у парках і скверах. Будуць яны і ў новым дзіцячым садзе. Акрамя таго, выхаванцаў чакае знаёмства з мясцовымі ляснымі жыхарамі, для гэтага спецыяльна стылізавалі малыя архітэктурныя формы і гульнявое абсталяванне на дзіцячых пляцоўках. А галоўны персанаж, Жураўлік, гасцінна сустрэне іх на ўваходзе.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара