Стварэнне ўмоў для арганізацыі бяспекі ў навучальных установах, харчаванне навучэнцаў і ахова працы педагагічных работнікаў — гэтыя і шэраг іншых тэм абмеркавалі падчас чарговага пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на якасці харчавання навучэнцаў. З улікам пераходу на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання гэты напрамак работы патрабуе павышанай увагі.
Як паведаміла кіраўнік абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі Ганна Сіманоўская, у рэгіёне створана сістэма якаснага і збалансаванага харчавання навучэнцаў.
— Арганізацыя харчавання знаходзіцца на пастаянным кантролі. Недахопы здараюцца, але, дзякуючы рэгулярным маніторынгам, яны своечасова выпраўляюцца. Новыя магчымасці ва ўдасканаленні харчавання дзяцей адкрыў адпаведны эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі, — расказала Ганна Уладзіміраўна.
Па яе словах, удзел у эксперыменце прымалі тры навучальныя ўстановы — сярэднія школы №№ 39 і 45 Магілёва, а таксама Вяйнянская сярэдняя школа Магілёўскага раёна. Ва ўсіх гэтых школах вучні знаходзяцца менш за 10 гадзін, таму харчаванне было арганізавана два разы на дзень. Сярод адметнасцей — абноўленыя рацыёны з шэрагам страў, якія распрацоўваліся зыходзячы з пажаданняў дзяцей. А яшчэ — абавязковы дзень беларускай кухні. Яго плануецца праводзіць па чацвяргах: у меню будуць уключаны боршч з пампушкамі, бабка, бульба па-вясковаму і іншыя традыцыйныя нацыянальныя стравы.
— Прамежкавыя вынікі эксперымента падведзены. Новаўвядзенні станоўча ўспрыняты як вучнямі, так і бацькамі, педагогамі. Але ёсць і заўвагі, якія ўжо адпраўлены ў Міністэрства адукацыі. Прапануецца скараціць час паміж пачаткам заняткаў і прыёмам ежы да 2—2,5 гадзіны. Для вучняў, якія наведваюць групу прадоўжанага дня, зрабіць 3-разовае харчаванне, сфарміраваць адзіныя падыходы па рэгулярнасці прыёму ежы незалежна ад месца размяшчэння ўстановы адукацыі, — заўважыла Ганна Сіманоўская.
Дарэчы, з верасня пераход на новыя прынцыпы харчавання плануюць ажыццявіць звыш 100 навучальных устаноў па ўсёй вобласці. Зараз вядзецца істотнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школьных харчаблокаў і ствараецца даступны для ўсіх дапаможнік з тэхналагічных карт новых фірменных страў, распрацаваных у рамках рэалізацыі эксперымента.
Падчас пасяджэння ў фокусе ўвагі аказалася і тэма бяспекі. Як было адзначана, прымаюцца ўсе меры для недапушчэння надзвычайных сітуацый. Органамі кіравання адукацыяй праводзіцца значная работа па выкананні заканадаўства аб ахове працы, прафілактыцы дзіцячага траўматызму. Паляпшаюцца ўмовы, якія забяспечваюць захаванне жыцця і здароўя работнікаў у працэсе работы. Толькі летась на тэхнічную мадэрнізацыю спартыўнага, гульнявога і іншага абсталявання было накіравана звыш 1,2 млн рублёў. Праведзена мноства вучэбных мерапрыемстваў. Аднак прэцэдэнты ўсё ж здараюцца. У мінулым годзе зарэгістраваны няшчасныя выпадкі як з педагогамі, так і з навучэнцамі. Прычыны розныя, але часцей за ўсё гэта невыкананне правіл бяспекі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, недастатковы кантроль за паводзінамі дзяцей.
— Ад няшчасных выпадкаў ніхто не застрахаваны. Іншая справа, калі яны здараюцца ў выніку халатнасці, невыканання сваіх службовых абавязкаў, недастатковай інфармаванасці аб нормах аховы працы. Кантроль за выкананнем усіх даведзеных інструкцый павінен быць першачарговым. Менавіта гэта дапаможа пазбегнуць магчымых трагедый, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.
У ходзе пасядження калегіі абмяркоўваліся таксама далучэнне навучэнцаў да заняткаў спортам, тэндэнцыя да павелічэння выпадкаў насілля супраць дзяцей і спосабы прадухілення такіх злачынстваў. Для падтрымання добрых паказчыкаў трэба імкнуцца да ўдасканалення работы, і на гэта павінны быць накіраваны намаганні кожнага — ад кіраўніка да педагога.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара, а таксама з архіва рэдакцыі