Вынікі прыёмнай кампаніі падвялі ў ліцэях краіны

- 9:00Главная, Образование

З 16 чэрвеня па 1 ліпеня ў ліцэях Беларусі прайшлі ўступныя выпрабаванні, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У мінулым годзе методыка прыёму ў ліцэі адчула шэраг змяненняў. Раней экзамены праходзілі спачатку ў Ліцэі БДУ, а затым у іншых навучальных установах. У выніку абітурыент, які не паступіў у Ліцэй БДУ, мог паспрабаваць свае сілы і стаць навучэнцам іншага ліцэя. Аднак ужо другі год запар уступныя выпрабаванні ў ліцэях Беларусі праходзілі адначасова.

Згодна з правіламі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі, прыём (залічэнне) асоб у 10-ы клас ліцэяў, універсітэтаў для асваення зместу праграмы сярэдняй адукацыі, у 11-ы клас на свабодныя месцы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму па конкурсе на падставе вынікаў уступных выпрабаванняў.

Да 2022 г. уступныя выпрабаванні ў ліцэі праходзілі вусна, пісьмова або ў сумешчанай форме, г.зн. вусна і пісьмова. Цяпер экзамены праводзяцца толькі пісьмова. Экзаменацыйныя матэрыялы распрацоўваюцца Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў (РІКВ) і зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі.

Змест заданняў адпавядае зместу вучэбных праграм базавага ўзроўню. Час на правядзенне ўступных выпрабаванняў устанаўліваецца пры распрацоўцы экзаменацыйных матэрыялаў: па асноўных вучэбных прадметах — не больш за 180 мінут; пры выкананні творчага выпрабавання (малюнка) — не больш за 240 мінут.

Гатовыя работы абітурыентаў прыёмныя камісіі яшчэ да праверкі сканіравалі і перадалі ў РІКВ, дзе іх захаваюць да 1 верасня. Арыгіналы работ да восені будуць знаходзіцца ў самой навучальнай установе.

Тыя абітурыенты, хто атрымаў за экзамены станоўчыя адзнакі, г.зн. ад 6 балаў і вышэй, прынялі ўдзел у конкурсе. Калі першы экзамен абітурыент напісаў няўдала, то да другога яго не дапускалі. Тыя навучэнцы, хто не змог паступіць у ліцэй адразу, могуць трапіць на вакантныя месцы, калі яны застануцца пасля асноўнага набору. Дадатковы набор пройдзе ў жніўні.

Залічаныя ў ліцэй іншагароднія абітурыенты атрымаюць месцы ў інтэрнаце. Дарэчы, у новым Кодэксе аб адукацыі ёсць удакладненне наконт таго, якая навучальная ўстанова можа называцца ліцэем. Важныя ўмовы: арганізацыя профільнага навучання і наяўнасць інтэрната.

У Ліцэі БДУ сёлета, як, дарэчы, і ў папярэднія гады, высокі конкурс — 8,9 чалавек на месца. На 264 месцы (12 класаў па 22 месцы) была пададзена 2071 заява (больш за 1300 абітурыентаў, з іх 34 — без экзаменаў).

Вялікай папулярнасцю карыстаўся матэматычны профіль — 15 чалавек прэтэндавала на адно месца, фізічны — 14, грамадазнаўчы — 12,4 і хімічны — 11,9. Крыху ніжэй у рэйтынгу размясціліся інфарматыка-матэматычны профіль (11 чалавек на месца), эканамічны (8) і філалагічны (8,4). Дарэчы, інфарматыка-матэматычны профіль летась быў самым запатрабаваным. А замыкае спіс гуманітарны клас, у якім на павышаным узроўні вывучаюцца беларуская мова і гісторыя Беларусі, — 2,7 чалавека на месца.

Чаму такі высокі конкурс? На думку намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Надзеі Кушнер, сёлета была магчымасць падаваць заявы адразу на два напрамкі. У гэтым выпадку абедзве заявы ўлічваліся ў конкурсе. Такім правам скарысталіся 70 % абітурыентаў.

Прадастаўленне абітурыентам магчымасці выбіраць два напрамкі — удалае рашэнне, якое дазваляе ім падстрахавацца пры паступленні, — лічыць суразмоўніца.

У гэтым годзе ў Ліцэй ВДУ імя П.М. Машэрава было пададзена 142 заявы, якія размеркаваліся па профілях наступным чынам: гуманітарны — 52, фізіка-матэматычны — 51, хіміка-біялагічны — 39. Агульны конкурс склаў 2 чалавекі на месца.

Па выніках уступных выпрабаванняў сфарміраваны ўсе профілі. Сярэдні бал пасведчанняў абітурыентаў, якія паступілі на фізіка-матэматычны і гуманітарны профілі, — 9,0, на хіміка-біялагічны — 8,7. Сярод залічаных ліцэістаў у 40 чалавек сярэдні бал вышэйшы за 9, 24 з іх маюць пасведчанні з адзнакай.

Сёлета значна вырас прахадны бал на двух профілях: фізіка-матэматычным (з 23 да 30) і гуманітарным (з 46 да 56). Найвышэйшыя балы, набраныя абітурыентамі па выніках двух уступных выпрабаванняў, на хіміка-біялагічным і гуманітарным профілях — 91, на фізіка-матэматычным — 85, — адзначыла дырэктар Ліцэя ВДУ Наталля Шчаглова. — Ліцэісты прадстаўляюць 39 навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Сярод тых, хто паступіў, ёсць і навучэнка з Расійскай Федэрацыі. Геаграфія Ліцэя ВДУ пашырае свае межы. І гэта не можа не радаваць.

Рэчыцкі раённы ліцэй набіраў абітурыентаў у тры профільныя класы. У першы, дзе на павышаным узроўні будуць вывучацца руская і замежная мовы, запланавана было набраць 24 чалавекі. Абітурыенты падалі 29 заяў, прахадны бал — 14. У клас хіміка-біялагічнага напрамку планавалася набраць 22 абітурыенты, было пададзена 20 заяў, прахадны бал — 12. Найбольш запатрабаваным сярод абітурыентаў стаў фізіка-матэматычны профіль. Кантрольныя лічбы прыёму на яго склалі 26 чалавек. Было пададзена 33 заявы, прахадны бал склаў 12.

— У параўнанні з мінулым годам, а мы летась адкрывалі два класы, конкурс крыху знізіўся і склаў 1—1,2 чалавекі на месца (летась — 1,4), — расказаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алег Лякуцін. — Дзеці нядрэнна справіліся з заданнямі. РІКВ улічыў тыя рэкамендацыі, якія былі дадзены ў мінулым годзе па падрыхтоўцы кантрольна-вымяральных матэрыялаў. Абітурыенты адзначалі, што на экзаменах прапаноўваліся пасільныя, цікавыя заданні. У цэлым уступная кампанія прайшла спакойна, зладжана. Навучэнцы задаволены вынікамі. 2 абітурыенты — пераможцы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, 7 навучэнцаў мелі пасведчанні з адзнакай. Яны, дарэчы, пацвердзілі свае веды і задавалі тон усёй уступнай кампаніі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з сайта Ліцэя БДУ