У Чачэрскім раёне спецыялістаў для сельскай гаспадаркі рыхтуюць яшчэ са школы. Вопыт Залесся

- 9:48Главная, Образование

Дырэктар Залескай сярэдняй школы Чачэрскага раёна Яўгеній Цалка арганізаваў яе дзейнасць так, што праца на зямлі стала натуральнай патрэбай для вучняў і педагогаў. Да таго ж гэты напрамак работы прыносіць прыбытак і дазваляе значна знізіць кошт харчавання школьнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёлета мэтавым накіраваннем у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках (ад ААТ “Отар”) скарыстаўся выпускнік Залескай школы Іван Саўчанка. Хлопец будзе вучыцца на факультэце механізацыі. Былыя вучні Залескай школы, якія ўжо адвучыліся па мэтавых накіраваннях, атрымалі вышэйшую ці сярэднюю прафесійную адукацыю і вярнуліся ў родны аграгарадок. Сённяшнія юрысты, эканамісты, электрыкі, энергетыкі, трактарысты ўдзячныя роднай школе, якая дала ім пуцёўку ў прафесію.

— Мы імкнёмся працаваць напрамую з сельгаспрадпрыемствамі і з раённым упраўленнем па сельскай гаспадарцы, — расказвае Яўгеній Цалка. — Кіраўнікі нашых гаспадарак заўсёды падтрымліваюць талковых вучняў і нашу школу. Мы ўвесь час на сувязі як з дырэктарам ААТ “Отар” Таццянай Струк, так і з дырэктарам ААТ “Звязда” Галінай Трыбунах. Прэферэнцыі, якія даюцца маладым спецыялістам, рэальна прыцягальныя. З моладдзю, якая прыходзіць у гаспадарку, заключаюцца дагаворы. Сельгаспрадпрыемства, як правіла, прадастаўляе добраўпарадкаванае жыллё, дастойную зарплату і нармальныя ўмовы працы. Дарэчы, дзеці яшчэ да паступлення бачаць, што іх бацькі ў гаспадарцы атрымліваюць нядрэнныя зарплаты, і разумеюць, што іх праца таксама будзе годна аплачвацца. Да таго ж сённяшняя палітыка дзяржавы па падтрымцы сям’і дазволіць ім купіць дом або ўзяць крэдыт на будаўніцтва.

Усе пустыя землі Залескай школы даўно акультураны. На новай тэрыторыі плошчай у 1 гектар тырчаць тонкія дубчыкі з першымі лісцікамі — ужо прышчэп­лены яблынькі. На прышкольным участку ў пяці цяпліцах з капежнымі сістэмамі паліву вырошчваюць расаду памідораў, перцаў, баклажанаў, капусты. Усё гэта ахвотна раскупляюць мясцовыя жыхары.

— Усяго ў нас пасаджана каля 4 тысяч розных пладова-ягадных культур. Гэта наш бізнес, — з гордасцю паказвае плантацыі Яўгеній Цалка. — Вырошчваем тое, што ў нас добра прыжываецца. Гэта парэчкі, агрэст, маліны, дурніцы, туі, ядловец, ружы і нават годжы. У сезон мы рэалізоўваем саджанцы і атрымліваем дадатковы прыбытак для школы. Вядома, дзеці нам дапамагаюць. Перасаджваюць расліны, пасынкуюць, паліваюць, даглядаюць. Школьнікі бачаць увесь працэс знутры і ра­зумеюць, як можна вырасціць са­джанцы, якія ўжо праз год прынясуць прыбытак. Так і закладваецца любоў да зямлі.

Ёсць на тэрыторыі школы і грыбная плантацыя: на ўкапаных пяньках растуць вешанкі. Ёсць паспяховы вопыт вырошчвання кавуноў і дынь. Усе культуры, якія вырошчваюць у Залессі дзеці і настаўнікі, прыносяць дадатковыя сродкі ў школьную скарбонку.

Дарэчы, за кошт пазабюджэтных сродкаў у школе некалькі гадоў назад абсталявалі кухню. Тут ёсць усё неабходнае: сталовыя прыборы, пліта і духоўка, бытавая тэхніка. Дзеці з задавальненнем наведваюць урокі працы, вучацца варыць булёны, гатаваць дэсерты і іншыя стравы. Вырашчаныя ягады, садавіну і агародніну ўстанова адукацыі выгадна рэалізоўвае праз уласную гандлёвую пляцоўку ці на кірмашах.

У летні час дзеці дапамага­юць на школьным агародзе ў рамках другаснай занятасці. Сёлета, папрацаваўшы ў лагеры працы і адпачынку 8 дзён, дзеці атрымалі прыкладна па 150 рублёў. Школьнікі даглядалі кветнікі, праводзілі экалагічныя акцыі “Берагі роднай ракі”, “Чысты двор”.

Прафесійная арыентацыя — гэта не гадзінная экскурсія на прадпрыемства. Гэта жыццё, у якім на выбар прафесіі могуць паўплываць самыя розныя фактары. Для тых, хто толькі выбірае жыццёвы шлях, вельмі важныя канкрэтныя прыклады. Цяпер у Чачэрскім раёне ёсць некалькі фермераў, якія спецыялізуюцца на вырошчванні малін. З іх працай залескіх школьнікаў таксама знаё­мяць.

— Нашы дзеці ведаюць і пра такі занятак, як фермерства, — адзначае Яўгеній Анатольевіч. — Упэўнены, хтосьці з нашых вучняў выпусціцца і праз некалькі гадоў будзе працаваць на сябе і атрымліваць прыбытак. Ёсць прыклад, калі юнак, сын фермера, спецыяльна прыйшоў да нас вучыцца. У нашу ўстанову рэгулярна прыходзяць вучні з суседніх базавых школ у старшыя класы, каб потым паступіць у профільныя сельскагаспадарчыя УВА.

“Настаўнік. Кіраўнік. Гаспадар” — пераможцам такой намінацыі стаў дырэктар Залескай сярэдняй школы Чачэрскага раёна Яўгеній Цалка ў абласным конкурсе “Педагагічны алімп”. Школа стала пераможцай абласнога конкурсу на лепшую ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі. Дружны калектыў рэалізоўвае шэраг ініцыятыў па аграрнай адукацыі, праводзіць эксперыменты, вырошчвае садавіну і агародніну, бярэ ўдзел у акцыях.

Сёння ў Залескай сярэдняй школе працуюць 33 педагогі, зай­маюцца 125 вучняў і 35 выхаванцаў дзіцячага сада. Многія з мнагадзетных сем’яў. Дарэчы, іх у аграгарадку 33.

— Вядома, не ўсе мнагадзетныя бацькі могуць сабе дазволіць адвучыць дзіця ва ўніверсітэце ці каледжы, — падключаецца да размовы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чачэрскага райвыканкама Ала Гулевіч. — Яны разумеюць: навошта плаціць вялікія грошы за вучобу дзіцяці, калі можна сэканоміць? Да нас у аддзел звяртаюцца бацькі, у тым ліку з гарадскіх школ, з пытаннем, дзе і як узяць мэтавае накіраванне. Паступова знікае тэндэнцыя, калі бацькі казалі дзецям: “З’язджайце з вёскі, шукайце, дзе жыццё лепшае”. Сёння менавіта бацькі часцей за ўсё выходзяць на нас з ініцыятывай атрымаць для свайго дзіцяці мэтавае накіраванне. Безумоўна, трэба будзе адпрацаваць тое, што ўкладзена ў яго навучанне. Але вельмі важна, што ў самай блізкай будучыні маладыя людзі будуць забяспечаны першым працоўным месцам, жыллём і дастойным заробкам.

Тым, як выхаваць сваіх спе­цыялістаў, і не толькі для сельскай гаспадаркі, увесь час заклапочаны мясцовыя ўлады. Ала Аляксандраўна запэўнівае, што сітуацыя ўвесь час на кантролі:

— На ўзроўні прафсаюзаў, кіраўніцтва раёна і прадпрыемстваў агавораны шэраг умоў, якія занесены ў калектыўныя дагаворы. Тыя маладыя людзі, якія вучацца па мэтавых накіраваннях, атрымліваюць ад сельгаспрадпрыемстваў, якія іх далі, па 5 базавых велічынь да стыпендыі. Маладыя спецыялісты з ліку мэтавікаў, якія вяртаюцца ў раён, атрымліваюць магчымасць бясплатнага пераезду, а таксама 10 базавых на тое, каб купіць сабе ўсё самае неабходнае на новым месцы і абжыцца. Калі добраўпарадкаванае жыллё даецца не адразу, то маладым людзям аплачваецца інтэрнат. За добрую працу выплачваюцца прэміі, якія дазваляюць сфарміраваць зарплату ў памеры больш за 1000 рублёў. Арганізаваны падвоз на працоўныя месцы. Ведаеце, спіс ільгот і выплат такі вялікі, што грэх не вярнуцца і не адпрацаваць.

У Залессі школьнікі разам з педагогамі адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі на зямлі і ганарацца тым, што сваімі рукамі вырошчваюць усё тое, што становіцца прадуктамі харчавання.

— Вельмі важна ведаць, што ты не толькі спажывец, але і вытворца, — дзеліцца сваімі назіраннямі Ала Гулевіч. — Многія дзеці так і гавораць: “Гэта мая праца, я гэта магу”. Для іх важна быць карыснымі грамадству, лю­дзям і працаваць на сваёй зямлі. Канечне, маладым людзям уласціва пакідаць сваё роднае гняздо, але ў той жа час яны разумеюць, што тут людзі, якія іх любяць і чакаюць. Можа, таму яны з задавальненнем вяртаюцца. Простую ісціну “дзе нарадзіўся, там і зга­дзіўся” яны разумеюць сэрцам.

Між тым сёлета мэтавыя накіраванні ў каледжы і УВА сельскагаспадарчай галіны атрымалі 7 школьнікаў Чачэрскага раёна. Усяго ад Чачэршчыны па мэтавых накіраваннях у розных установах адукацыі будуць вучыцца 37 чалавек.

Гэта гарантыя таго, што праз 4—5 гадоў на Чачэршчыне бу­дуць працаваць свае людзі, да таго ж прафесіяналы, якія шану­юць свае карані.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара