Больш за 170 прамысловых прадпрыемстваў сказалі “так”

- 14:49Кампетэнтна
Факультэт маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва (ФММП) БНТУ ініцыяваў адкрыццё ва ўніверсітэце падрыхтоўкі спецыялістаў па групе спецыяльнасцей “Эканоміка і інавацыйнае развіццё вытворчасці”. У гэтым годзе адкрываюцца дзве спецыяльнасці: “Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў” і “Кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве”. Але гэта яшчэ не ўсё. У далейшым, лічаць на факультэце, павінны з’явіцца іншыя, “інавацыйныя”, спецыяльнасці.
Характэрна, што гаворка ідзе аб першай ступені вышэйшай адукацыі, бо да гэтага часу спецыяльнасці інавацыйнага плана прапаноўвала толькі магістратура. Новыя спецыяльнасці можна атрымаць ужо пачынаючы з 2013 года.

На ФММП БНТУ называюць мноства прычын, якія літаральна вымушаюць да новаўвядзенняў. (Дарэчы, афіцыйна група спецыяльнасцей “Эканоміка і інавацыйнае развіццё вытворчасці” зарэгістравана ў Агульнадзяржаўным класіфікатары “Спецыяльнасці і спецыялізацыі” толькі ў бягучым годзе.)
Напрыклад, калі перад краінай стаіць мэта развіваць навуку і тэхніку, а праз іх — эканоміку, то ў першую чаргу гэта магчыма дзякуючы інавацыям і новым тэхналогіям. Менавіта інавацыі зрабілі лідарамі па вытворчасці прамысловай прадукцыі такія краіны, як Японія, Фінляндыя, Германія, Англія, ЗША, Кітай. Недахоп сыравіны яны кампенсуюць за кошт высокатэхналагічных прадпрыемстваў, якія ствараюць навукаёмістыя прадукты з высокім дабаўленым коштам. Як ні дзіўна, абмежаванасць прыродных сыравінных і энергетычных рэсурсаў стала стымулам для таго, каб будаваць інавацыйную эканоміку. І Беларусь не выключэнне. Але каб працавалі інавацыйныя прадпрыемствы, патрэбны кадры.
Хоць не ўсё так проста. На факультэце глядзяць на праблему шырэй: для таго, каб працавала інавацыйная эканоміка, патрэбна вельмі многае. Павінен стварацца “ланцуг інавацыйнага руху”. А ў яго ўваходзяць і інавацыйныя прадпрыемствы (тэхнапаркі), і банкі, якія ацэньваюць і фінан-суюць інавацыйныя праекты, і прамысловыя прадпрыемствы для масавай вытворчасці інавацыйнай прадукцыі і, вядома, спецыялісты ў галіне інаватыкі.
— У тэхнічных універсітэтах Расійскай Федэрацыі падрыхтоўка спецыялістаў па такіх напрамках, як інаватыка, кіраванне інавацыйнымі праектамі, прамысловы дызайн вядзецца з 2002 года, — адзначае дэкан факультэта маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ Андрэй Міхайлавіч Цемічаў. — Мы вельмі доўга ішлі да адкрыцця такіх спецыяльнасцей. Назапасілі немалы вопыт падрыхтоўкі інжынераў-эканамістаў, менавіта “рыначнікаў” для прамысловых прадпрыемстваў у межах спецыяльнасцей “Сусветная эканоміка”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Маркетынг”, “Бізнес-адміністраванне” і іншых.

Чаго чакаюць ад праект-менеджараў? У ідэале яны павінны праектаваць і распрацоўваць сучасныя вытворчыя тэхналогіі, аналізаваць айчынны і замежныя рынкі, комплексна вырашаць пытанні кіравання вытворчасцю. Кіраваць фінансавымі рэсурсамі прадпрыемства так, каб паменшыць выдаткі і павялічыць прыбытак. Што да менеджараў-дызайнераў, то відавочна прамая сувязь паміж працай моцнай каманды прамысловых дызайнераў і продажамі тавараў на знешніх рынках. Розныя краіны сёння вырабляюць шмат аднатыпнай прадукцыі, і менавіта дызайн можа стаць канкурэнтнай перавагай беларускага прадукту, падкрэслівае А.М.Цемічаў.

Ні адна спецыяльнасць у нашых універсітэтах не адкрываецца проста так. Для гэтага не дастаткова гатоўнасці факультэта, наяўнасці базы і выкладчыкаў (усё гэта ФММП мае). Не дастаткова нават і агульнага тэарэтычнага абгрунтавання неабходнасці адкрыцця новых напрамкаў падрыхтоўкі. Патрэбна яшчэ і гатоўнасць прадпрыемстваў да таго, каб працаўладкаваць такіх спецыялістаў.
Каб высветліць, ці будуць запатрабаваны спецыялісты па кіраванні інавацыйнымі праектамі ва ўмовах беларускай прамысловасці, ФММП правёў маркетынгавае даследаванне. І прыйшоў да высновы: у праект-менеджарах маюць вострую патрэбу і прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі, і банкі, і тэхнапаркі, і прадпрыемствы ў свабодных эканамічных зонах, створаных для прыцягнення інвестыцый у беларускую эканоміку.
Было праведзена апытанне патэнцыяльных работадаўцаў — больш за 170 (!) прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці, “Белзнешэканом-банка”, “Мінскагатранзітнага банка”, а таксама Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік”. Высветлілася, напрыклад, што агульная штогадовая патрэба ў кадрах са спецыяльнасцю “Кіраўніцтва інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў” на найбліжэйшыя 10 гадоў складзе 20—25 чалавек. У БНТУ іх будуць рыхтаваць часткова за кошт бюджэтных сродкаў, часткова — за кошт сродкаў студэнтаў.
Як паведаміў намеснік дэкана ФММП Сяргей Аляксеевіч Харытановіч, на факультэце плануецца стварыць маркетынгавы цэнтр, які комплексна займаўся б рэкламаваннем і прасоўваннем свайго “прадукту” — будучых спецыялістаў — на рынак працы. Усе перадумовы для гэтага, а менавіта трывалыя сувязі з прадпрыемствамі, у факультэта ёсць. “Гэта будзе наступны крок развіцця адукацыі, — упэўнены С.А.Харытановіч, — калі мы выключым “двайное” навучанне: спачатку тэарэтычнае ва ўстанове адукацыі, а потым практычнае — на прадпрыемстве. Універсітэт і работадаўца павінны рыхтаваць спецыялістаў сумесна”. У інавацыйнай сферы такі падыход прасцей за ўсё рэалізаваць, лічыць намеснік дэкана, паколькі прадпрыемствы літаральна “палююць за галовамі” студэнтаў факультэта: гатовы браць іх на работу з 3 курса.

Высокая ступень зацікаўленасці з боку прадпрыемстваў у спецыялістах па кіраванні праектамі не здзіўляе.
“Такая агульная тэндэнцыя развіцця вышэйшай адукацыі: найбольшую ролю ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі адыгрываюць менавіта тэхнічныя ўніверсітэты, — гаворыць дэкан, — на базе якіх можна комплексна вырашаць пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў новага тыпу. Спецыялістаў, якія валодалі б адначасова тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі інжынера, а таксама эканаміста і менеджара. Акрамя таго, інтэрнацыяналізацыя бізнесу ставіць перад гэтымі спецыялістамі дадатковыя задачы: свабоднае валоданне замежнымі мовамі, асновамі знешнеэканамічнай дзейнасці і сродкамі сучасных камунікацый”.

Адкрыць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях факультэту дазволіў высокі ўровень метадычнага, тэхнічнага і кадравага забеспячэння навучальнага працэсу. Гэта — гарантыя якаснай падрыхтоўкі.
Ужо згадвалася, што на базе ўніверсітэта працуе тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік”, які з’яўляецца базай для навуковай і практычнай дзейнасці студэнтаў. Дарэчы, пералік арганізацый, з якімі ў ФММП заключаны дагаворы на праходжанне практыкі, уключае 36 назваў. Сярод іх — “Гарызонт”, МТЗ, МАЗ, прадпрыемствы ў свабоднай эканамічнай зоне “Мінск” і шмат іншых.
І яшчэ важны момант. Для выпускнікоў двзвюх новых спецыяльнасцей прадугледжана магчымасць працягу адукацыі ў практыка-арыентаванай (або інавацыйнай) магістратуры па спецыяльнасці “Кіраванне інавацыйнымі праектамі на вытворчасці” з прысваеннем кваліфікацыі “магістр эканомікі”.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.