Адукацыя. Лепшы экспарцёр

- 13:00Кампетэнтна

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прызнаны пераможцам у конкурсе “Лепшы экспарцёр — 2020” у намінацыі “Адукацыя”. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбылася ў Мінскай гарадской ратушы.

Дыплом і памятную статуэтку рэктару БДУ Андрэю Каралю ўручыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.

Такая высокая ўзнагарода стала магчымай дзякуючы актыўнай рабоце БДУ па навучанні замежных грамадзян. Сёння ва ўніверсітэце праходзяць падрыхтоўку звыш 4 тысяч замежных студэнтаў з больш як 60 краін. Гэта самы высокі паказчык па краіне.

За апошнія чатыры гады колькасць адукацыйных англамоўных праграм павялічана ў БДУ амаль у шэсць разоў. Зараз ва ўніверсітэце дзейнічаюць 23 такія праграмы (5 — на першай ступені навучання і 18 — у магістратуры).

Дарэчы, для БДУ ўзнагарода ў конкурсе экспарцёраў стала другой за ўсю гісторыю яго правядзення. Падобны статус універсітэт атрымаў таксама ў 2016 го­дзе (лаўрэатаў у намінацыі “Адукацыя” сталі вызначаць з 2015 года).

Зараз пераможцамі рэспубліканскага конкурсу сталі 22 прадпрыемствы і 30 узнагароджаны заахвочвальнымі дыпломамі ў 22 розных намінацыях. Сярод іх — “Вытвор­часць побытавых тавараў для насельніцтва”, “Распрацоўка інфармацыйных тэхналогій”, “Машынабудаванне і металаапрацоўка”, “Металургія”, “Сельская гаспадарка”, “Транспарт і лагістыка”, “Паслугі”, “Вытвор­часць тавараў, прызначаных для лячэння і рэабілітацыі”, “Электроніка, прыбора­будаванне, электратэхнічная і оптыка-механічная прамысловасць”, “Лёгкая прамысловасць”, “Малочная прамысловасць” і інш.

У фінальным этапе спаборніц­тва ацэньвалася фінансава-гаспадарчая дзейнасць 118 рэспубліканскіх прадпрыемстваў.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадстаўлена  прэс-службай БДУ.