Калі стварала тапанімічны атлас, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Валожына Святлана Федарака хацела далучыць вучняў да даследчай работы. І ў яе гэта атрымалася. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Праз некаторы час педагог разам с навучэнцамі склала “Тапанімічны слоўнік Валожынскага раёна”. Даследчай работай настаўніца геаграфіі настаўнік-метадыст Святлана Федарака захапілася пасля таго, як пачала ўкараняць у навучанне геаінфармацыйныя тэхналогіі. Дзякуючы ім, педагог разам з гімназістамі стала аўтарам многіх цікавых і значных не толькі для Валожынскага раёна, але і для ўсёй краіны праектаў.
Святлана Федарака прызналася, што з мноства настаўніцкіх абавязкаў і кірункаў работы ёй больш за ўсё падабаецца даследчая работа. У настаўніцы ўжо даўно распрацавана ўласная сістэма пошуку і падрыхтоўкі навучэнцаў, якія зацікаўлены адпаведнай дзейнасцю.
Разам з даследчай работай настаўніцу заўсёды цікавіла краязнаўства. Яна аўтар вучэбна-метадычнага комплексу “Валожыназнаўства”, які ўключае ў сябе праграму факультатыўнага курса, метадычныя матэрыялы, рабочы сшытак, а таксама дыск з картамі і матэрыяламі.
“Менавіта з майго захаплення даследаваннямі пачалася работа, да якой стала прыцягваць дзяцей, — расказвае педагог. — Не кожнае дзіця, нават самае адоранае, можа займацца гэтым. Вучань можа паспяваць у многіх дысцыплінах, выступаць на сцэне і займацца спортам, але не любіць даследчую дзейнасць”.
Святлана Вітольдаўна — кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі Валожынскага раёна, член савета клуба “Флагман”, удзельнік клуба “Крыштальны журавель”.
Першая работа даследчага кірунку была прысвечана тапаніміцы — вывучэнню паходжання геаграфічных назваў і аб’ектаў Валожынскага раёна. Тады Святлана Федарака з вучнямі стварыла лічбавы атлас тапонімаў і распрацавала “Тапанімічны слоўнік Валожынскага раёна”. Сёння ён уключае больш чым 400 назваў, паходжанне 50% якіх педагог і яе дапытлівыя вучні ўстанавілі самі. У слоўніку тапонімаў — легенды Валожына, дакладны пералік тых населеных пунктаў, якіх у раёне ўжо даўно няма.
У мінулым навучальным годзе навучэнец Святланы Вітольдаўны Арцём Сікорскі атрымаў дыплом на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.
“Работа навучэнца нашай гімназіі вельмі цікавая і неардынарная, — адзначае настаўніца геаграфіі. — Ён працаваў над тэмай “Крытэрыяльны аналіз складу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з першага па апошняе скліканне як асяроддзе стварэння адукацыйнага рэсурсу электаральнай геаграфіі”. Мы па кожным скліканні, пачынаючы з 1996 года, прааналізавалі яго склад, паглядзелі, колькі мужчын і жанчын сюды ўваходзіць і г.д.”
Даследчая работа натхніла навучэнца на стварэнне квест-гульні па электаральнай геаграфіі. Настаўніца ўпэўнена: іх гульнявая распрацоўка дапаможа дзецям разабрацца ў тым, як фарміруецца ўрад, якія людзі ў яго ўваходзяць.
“Калі Арцём рабіў блок карт па выбарчых акругах, нас зацікавілі біяграфіі нашых дэпутатаў, — звяртае ўвагу Святлана Федарака. — Мы вызначылі сярод іх дзеячаў мастацтва, навукі, спартсменаў і інш.”
Убачыць сярод вучняў тых, хто будзе добрым даследчыкам, Святлане Федарака дапамагае багаты педагагічны вопыт і ўласныя аўтарскія методыкі.
Не кожнае дзіця, нават самае адоранае, можа займацца даследчай работай. Вучань можа паспяваць у многіх дысцыплінах, выступаць на сцэне і займацца спортам, але не любіць даследчую дзейнасць.
“Мне пашанцавала: я адзіны настаўнік геаграфіі ў гімназіі, — расказвае пра свае падыходы ў рабоце педагог. — Дзеткі да мяне прыходзяць вучыцца ўжо ў 5 класе. Спачатку я да іх прыглядаюся, а ў другім паўгоддзі 6 класа даю тэст на выяўленне праблем, якія перашкаджаюць займацца даследчай работай. Напрыканцы кожнага навучальнага года паўтараю тэст, бо хочацца адсачыць, ці змянілася што-небудзь”.
У рабоце з навучэнцамі старшых класаў ідэальным настаўніца называе метад “ПЛИС” — праектны ліст даследчыка.
“Для таго каб праводзіць даследчую работу, навучэнцы павінны выдзеліць гіпотэзу, актуальнасць тэмы, яе аб’ект, прадмет, мэты і задачы, — пералічвае Святлана Вітольдаўна. — Вучні не вельмі добра ўяўляюць, як гэта вызначаць. Таму на ўроках, калі разглядаем тэму, якая не патрабуе татальнага тлумачэння настаўнікам, дзеці працуюць самастойна. Я ім прапаную знайсці праблему ў параграфе і прапанаваць яе класу. Пасля таго як праблема была агучана, клас запаўняе ліст даследчыка”.
Да кожнай тэмы па геаграфіі Святлана Федарака распрацавала прэзентацыі: сённяшнія вучні — візуалы, таму лягчэй успрымаюць карцінку, а не тэкст. А геаграфія — той прадмет, які патрабуе прыгожага ўспрымання.
У адрозненне ад даследчых работ, падрыхтоўка навучэнцаў да прадметных алімпіяд павінна пачынацца як мага раней.
“Мне падабаецца, што ўдзельнічаць у алімпіядзе вучні могуць ужо ў 6 класе. Але іх важна зацікавіць гэтым. Ёсць сярод навучэнцаў перфекцыяністы: калі ім не ўдалося паказаць высокі вынік, яны ідуць на алімпіяду зноў, бо хочуць стаць лепшымі. Для таго каб дапамагчы дзецям у гэтым, у гімназіі ёсць усе ўмовы”, — адзначае педагог.
Часта жаданне дзяцей стаць удзельнікам алімпіяды па геаграфіі не падтрымліваюць бацькі, бо гэты прадмет амаль нідзе, за выключэннем некаторых педагагічных спецыяльнасцей, больш не патрэбны. Каб запэўніць дарослых у адваротным і паказаць, што геаграфія цікавая і дае шмат магчымасцей, Святлана Федарака арганізуе ў гімназіі цікавыя прафарыентацыйныя сустрэчы.
Часты госць у гімназіі — былы выпускнік Святланы Вітольдаўны, а сёння першы прарэктар БДУ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Дзмітрый Курловіч. Калі дзесяць гадоў назад настаўніца пачынала працаваць з геаграфічнымі інфармацыйнымі сістэмамі, было цяжка разабрацца з імі самастойна. Таму Дзмітрый прыязджаў і дапамагаў у гэтым сваёй настаўніцы і гімназістам. Магчыма, будучым калегам.
“Тыя, хто любіць геаграфію, могуць быць не толькі настаўнікамі, але і вучонымі, займацца ІТ-тэхналогіямі, бо сёння развіта ГІС-праграмаванне, — лічыць настаўніца. — Геаграфія адкрывае вялікія магчымасці для кожнага. А веды па прадмеце будуць заўсёды дарэчы, калі дзеці з бацькамі адправяцца ў падарожжа і захочуць адкрыць для сябе нешта новае. Ведаючы геаграфію, гэта зрабіць вельмі проста”.
Наталля САХНО
Фота аўтара