«Дапамог раскрыць сябе як творчую асобу»: Настасся Пераходзька — пра фестываль «Педагагічны дэбют»

- 10:02Главная, Образование

Выхавальніца Настасся Пераходзька са спецыяльнага дзіцячага сада № 17 Пінска працуе ўсяго два гады, але за гэты час малады педагог ужо сцвердзілася ў любімай справе і нават дасягнула ў ёй першых прафесійных поспехаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Да выбару жыццёвай дарогі Настасся Сяргееўна падышла інтуітыўна і іншыя варыянты, акрамя педагогікі, не разглядала. Першая практыка падчас вучобы ў Пінскім каледжы БрДУ імя А.С.Пушкіна пераканала дзяўчыну ў правільнасці рашэння, таму яна з задавальненнем прадоўжыла профільную адукацыю ў БарДУ на факультэце педагогікі і псіхалогіі.

Нягледзячы на 19-гадовы ўзрост, выхавальніца даволі хутка адаптавалася на першым працоўным месцы. У гэтым вялікая заслуга дружнага педкалектыву дашкольнай установы на чале з Валянцінай Водчыц.

— Калегі сустрэлі вельмі цёпла, нібыта дома, — гаворыць Настасся Пераходзька. — Ад іх атрымала сур’ёзную метадычную і практычную падтрымку. Асаб­ліва ўдзячна намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлане Гаўрыловіч, якая дапамагала з арга­нізацыяй заняткаў і іх аналізам.

Настасся Сяргееўна працуе з дзецьмі з парушэннем зроку. Работа з імі ў маладога педагога цяжкасцей не выклікае. Галоўнае — метадычна правільна арганіза­ваць заняткі і зацікавіць выхаванцаў. У гэтым дапамагаюць элементы здароўе­зберагальнай, праблемна-развіццёвай, сацыя­гульнявой і інфармацыйна-камунікацыйнай тэхналогій.

Працаваць з маленькімі чамучкамі Настассі Сяргееўне вельмі падабаецца, бо гэта дазваляе рэалізаваць ёй уласныя асобасныя і прафесійныя якасці, пабыць псіхолагам, сябрам і артыстам, раскрыць новыя здольнасці ў дзяцей і ў сябе. Нездарма яе крэдам з’яўляюцца словы “Думаю смялей — прыходзяць ідэі!”.

Настасся Пераходзька — педагог актыўны, адказны і мэтанакіраваны, які любіць вучыцца, займацца самаўдасканаленнем, удзельнічаць у майстар-класах, трэнінгах і розных конкурсах, у тым ліку прафесійнага майстэрства. Выхавальніца не толькі ахвотна пераймае чужы вопыт, але і дзеліцца сваім: яе метадычныя напрацоўкі размешчаны на профільных сайтах pedportal.by і uchportal.by.

На рахунку Настассі — перамога ў сёлетнім абласным фестывалі “Педагагічны дэбют”, якую яна лічыць вынікам каманднай работы творчага педкалектыву. Калі маладая выхавальніца ўдзельнічала ў адборачным этапе спаборніцтва, то на перамогу асабліва не разлічвала, але ўрэшце стала лепшай у сваёй намінацыі і ў гарадскім, і ў абласным этапе, чым вельмі ганарыцца.

— Гэта істотна пашырыла прафесійныя зносіны, падарыла новы цікавы вопыт, дапамагло паказаць і раскрыць сябе як творчую асобу, — заўважае Настасся Сяргееўна.

На дасягнутым малады педагог спыняцца не збіраецца, як і сыходзіць з прафесіі. У планах — магістратура. Сярод іншых зацікаўленняў — псіхалогія.

Настасся Пераходзька жыве любімай справай і марыць стаць у ёй высакакласным спецыялістам, каб самарэалізавацца ў прафесійным плане і прыносіць карысць іншым. Акрыленая першымі поспехамі, малады педагог упэўнена глядзіць у будучыню.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ