Факультатыў «Размова аб культуры здаровага харчавання» накіраваны на фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў у пытаннях культуры здаровага харчавання, выхаванне культуры харчавання, усведамленне здароўя як галоўнай чалавечай каштоўнасці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Згодна з праграмай, школьнікі будуць навучацца па розных модулях. Так, у 5-х і 6-х класах прапаноўваецца «Формула здаровага харчавання», у 7-х і 8-х — модуль «Харчуемся правільна і прыгожа», а для 9-класнікаў — «Фізіялогія харчавання».
Навучэнцы будуць мець уяўленне аб каштоўнасці здароўя і ролі здаровага харчавання ў яго захаванні, даведаюцца аб патрабаваннях да гігіены і рэжыму харчавання, правілах этыкету, ролі арганічных і мінеральных рэчываў для арганізма чалавека. Таксама яны змогуць арыентавацца ў асартыменце прадуктаў, свядома выбіраць самыя карысныя з іх, складаць сутачнае меню і г. д.
Акрамя таго, падчас заняткаў школьнікі азнаёмяцца з народнымі традыцыямі, звязанымі з харчаваннем і здароўем, пашыраць кругагляд у пытаннях узаемасувязі кулінарыі і розных відаў мастацтва (жывапісу, літаратуры, музыкі), атрымаюць вопыт работы ў камандзе, праявяць актыўную грамадзянскую пазіцыю пры дзейнасці па захаванні і ўмацаванні свайго здароўя і здароўя тых, хто побач.
Праграма новага факультатыву зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 31 жніўня 2023 г. № 294. Дакумент прыняты ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фото средней школы № 52 Минска