Настаўнікі агульнаадукацыйных школ Светлагорска праходзяць падрыхтоўчыя біблейскія адукацыйныя курсы, у рамках якіх яны вывучаюць Новы Запавет і літургіку.

Мэта курсаў — дапамагчы настаўнікам паглыблена вывучыць Свяшчэннае Пісанне, асвоіць асновы праваслаўнай педагогікі і ў далейшым кваліфікавана выкладаць факультатыў па духоўна-маральным выхаванні і патрыятызме для школьнікаў.
— Прычынай арганізацыі курсаў паслужыла тое, што да нас часта звяртаюцца настаўнікі з просьбай растлумачыць тое ці іншае пытанне, выступіць па пэўнай тэме ў школе, — гаворыць благачынны Светлагорскай акругі протаіерэй Аляксандр Кісель. — Мы, дзейнічаючы ў рамках супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі Светлагорскага райвыканкама, арганізавалі курсы. Сёлета да вывучэння Новага Запавету і літургікі дабавіцца катэхізіс.
Біблейскія курсы ў новым навучальным годзе пачаліся для настаўнікаў з набажэнства ў храме Праабражэння Гасподняга. Малебныя спевы ўзначаліў старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі протаіерэй Арцемій Крывіцкі. На адкрыццё курсаў былі запрошаны благачынны Рэчыцкай акругі протаіерэй Алексій Пяшко і благачынны Жлобінскай акругі протаіерэй Алексій Сматрыцкі.
Пасля завяршэння богаслужэння госці сумесна з выкладчыкамі і слухачамі курсаў прайшлі ў вучэбныя класы ў храме велікамучаніка і лекара Панцеляймона. Тут яны абмеркавалі арганізацыйныя пытанні, а таксама тэму Пакроўскіх чытанняў, якія маюць адбыцца, “Праваслаўе і айчынная культура: страты і здабыткі мінулага, вобраз будучыні”.
Дзмітрый ХАМІЦЭВІЧ
Фота sn.by





