Як у век штучнага інтэлекту пераканаць вучняў, што дасведчаныя людзі будуць запатрабаваны ва ўсе часы, ведае настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Старых Дарог Вольга Кумагер. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
За яе плячыма 30 гадоў педагагічнага стажу, 20 з іх Вольга Фёдараўна працавала ў вясковай установе адукацыі. Яшчэ з маленства яна вельмі любіла гуляць у школу. Нядзіва, што і сама падрыхтавалася да навучання вельмі добра, бо пасля першага класа адразу перайшла ў трэці. Першая настаўніца Марыя Сцяпанаўна Каролька стала яе кумірам і яшчэ больш умацавала жаданне пайсці такім жа шляхам. Таму пасля 9 класа, які Вольга Фёдараўна скончыла выдатна, было прынята рашэнне паступаць у Нясвіжскае педагагічнае вучылішча (зараз каледж) і атрымаць дыплом настаўніка пачатковых класаў.
— Аднак вакансіі настаўніка на першым працоўным месцы для мяне не аказалася, і спачатку я выконвала абавязкі выхавальніка ў групе прадоўжанага дня. Потым далі 1-ы клас. Дырэктар падштурхнуў мяне працягнуць адукацыю. Выбрала для сябе матэматыку. Вельмі любіла гэты прадмет у школе. Вучылася ў БДПУ завочна шэсць гадоў. Калі перайшла на трэці курс, мне далі 5-я і 6-я класы, дзе я і пачала выкладаць матэматыку, — узгадвае настаўніца.
Вопыт дазваляе ёй падзяліцца сваімі меркаваннямі і падыходам да работы з вучнямі, падчас якой яна імкнецца да таго, каб школьнікі пасля яе ўрокаў засталіся задаволенымі. Як гэтага дасягнуць?
— Тлумачу дзецям, што матэматыку нельга вувучыць, гледзячы, як рашае задачы сусед па парце. Неабходна самому знайсці рашэнне і патрэніравацца, каб замацаваць веды. Абавязкова даю навучэнцам практыка-арыентаваныя заданні, каб яны разумелі, што набытыя на ўроках веды спатрэбяцца ім у жыцці. Вельмі рэдка стаўлю нізкія адзнакі. З двойкі толку мала. Заўсёды даю яшчэ адзін шанс дзіцяці, каб яно разабралася з тэорыяй, калі трэба, дадаткова з ім займаюся. На занятках дазваляю памыляцца і задаваць шмат пытанняў, — падзялілася Вольга Кумагер.
Ёсць памылковае меркаванне, што ў вясковых школах дзеці слабейшыя, чым у гарадскіх. Вольга Фёдараўна абвяргае гэты стэрэатып. Менавіта ў вясковай школе яна змагла адкрыць талент да матэматыкі ў Сашы Каралені, якога вучыла з 5 па 7 клас. Хлопчык займаў прызавыя месцы на раённай, абласной алімпіядах. Потым перайшоў у гімназію і дастойна выступаў на рэспубліканскім узроўні.
Вольга Кумагер упэўнена, што настаўнік павінен увесь час развівацца. Нездарма дэвізам для сваёй працоўнай дзейнасці яна выбрала словы К.Д.Ушынскага: “Настаўнік жыве да той пары, пакуль вучыцца. Як толькі перастае вучыцца, у ім памірае настаўнік”. І калі ў 2004 годзе ёй прапанавалі перайсці ў гарадскую школу № 2 у Старых Дарогах, хоць і хвалявалася, але пагадзілася, разумеючы, што гэта стане штуршком для далейшага прафесійнага росту.
— Добра памятаю той верасень, такі ён быў насычаны і напружаны. Пасля вясковай школы, дзе ў калідорах ціха, прыйшлося прывыкаць да гулу і шуму. Класы вялікія, працавала ў дзве змены. А яшчэ трэба было паспяваць вучыцца на курсах, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Жыццё прымусіла сесці за руль, каб дабірацца з вёскі Пасека ў горад, бо пераязджаць мы не планавалі. Дзякуй богу, справілася, — з усмешкай расказвае суразмоўніца.
Зараз Вольга Фёдараўна працуе ў школе № 1. Вядзе ўрокі ў 6 класе і ў трох профільных — 8, 10 і 11. Таксама з’яўляецца класным кіраўніком, лічыць гэта важным момантам і ставіцца адказна да сваіх абавязкаў. Пры гэтым прымае актыўны ўдзел у алімпіядным руху, займаецца з высокаматываванымі дзецьмі. Трэці год па суботах вядзе міжшкольны факультатыў па падрыхтоўцы да алімпіяд для вучняў з 6 па 8 клас.
— Узрост школьнікаў розны, таму рыхтуюся загадзя, падбіраю задачы і заданні, каб было цікава. Вось і сёння вечар прысвяціла рашэнню алімпіядных задач. Бывае, што і самому настаўніку яны паддаюцца не адразу, — адзначае настаўніца.
А яшчэ Вольга Фёдараўна ўзначальвае раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў па матэматыцы, праводзіць майстар-класы, адкрытыя ўрокі для калег, дзеліцца вопытам у галіне выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у выкладанні свайго прадмета. Звярнуцца да ІКТ яе, як і ўсіх педагогаў, прымусіла пандэмія.
— Тады я выкладала таксама ў 11 класе. Разумела, нельга ўпусціць час, ім жа паступаць. Вось і пачала думаць, як наладзіць дыстанцыйнае навучанне. Спрабавалі нават праз Viber з дзецьмі займацца, але хутка пакінулі гэтую ідэю, — успамінае суразмоўніца.
Яна ўпэўнена, што прымяненне інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца добрай матывацыяй для школьнікаў. Нават слабыя па ўзроўні ведаў вучні з цікавасцю далучаюцца да заняткаў.
— Я выкарыстоўваю ў рабоце адукацыйны інтэрнэт-рэсурс “Яклас”. З яго дапамогай можна прымяняць розныя формы работы: даваць і правяраць дамашняе заданне, тлумачыць новы матэрыял, праводзіць самастойныя работы і тэсты. Ёсць на партале трэнажор задач, які адпавядае школьнай праграме, і магчымасць самому настаўніку ствараць на платформе праверачныя работы. Для маіх вучняў доступ да апошняга бясплатны. Камп’ютар не ставіць адзнакі школьнікам, гэта ўжо мая работа. Мне прыходзіць паведамленне на электронны адрас, гляджу, колькі часу вучань затраціў на самастойную работу, якія заданні выканаў. І ацэньваю. Калі дзеці не справіліся, даю магчымасць вывучыць яшчэ раз тэарэтычны матэрыял і прайсці тэст. На гэтым рэсурсе ёсць тэхналогія генерацыі велізарнай колькасці варыянтаў. І кожны раз, калі вучань выконвае заданне, даныя мяняюцца. Таму ў класе спісаць адзін у аднаго не атрымаецца, — тлумачыць Вольга Фёдараўна.
Да плюсоў яшчэ можна аднесці той момант, што навучэнцы маюць магчымасць не адставаць па прадмеце, калі, напрыклад, хварэюць ці знаходзяцца ў санаторыі ці на спаборніцтвах. Галоўнае, каб было жаданне.
— Але ж дошку, крэйду і настаўніка нішто не заменіць! Гэта дазваляе адпрацаваць навыкі, паказаць прыклады на дошцы, абмеркаваць, замацаваць рашэнне і, канечне, убачыць вочы дзяцей і даведацца, зразумелі яны тэму ці не. У інтэрнэце можна знайсці дамашняе заданне і спісаць не задумваючыся. Аднак карысці будзе нуль. Таму для дамашняй работы падбіраю творчыя заданні, — падкрэслівае настаўніца і дадае: — Днямі шасцікласнік паказаў мне свой тэлефон, на якім устаноўлена праграма: наводзіш камеру на прыклад ці выраз — і штучны інтэлект выдае рашэнне і адказ. Навошта думаць, прыкладаць намаганні, праўда? І я засяродзіла ўвагу вучняў, наколькі штучны інтэлект пераўзыходзіць нас і ўжо зараз пачынае намі кіраваць. Напрыклад, той жа навігатар у машыне. Далей будзе больш. Ці згодны мы жыць па чужой падказцы? Сёння як ніколі становіцца відавочным: запатрабаванымі ў свеце будуць людзі, якія ўмеюць думаць самі, якія маюць свой пункт гледжання, могуць аргументаваць яго і адстаяць. Спадзяюся, яны мяне пачулі.
Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА