Даследчая дзейнасць настаўніка фізікі і матэматыкі Комсеніцкай сярэдняй школы імя Р.І.Шыбанава Магілёўскай вобласці Міхаіла Трыфанава пачалася з інавацыйнага праекта “Цьютарскае суправаджэнне”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўнік фізікі і матэматыкі Міхаіл Трыфанаў вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Потым паспяхова скончыў магістратуру і быў накіраваны ў Круглянскі раён для педагагічнай дзейнасці.
— У Комсеніцкай сярэдняй школе імя Р.І.Шыбанава працую ўжо трынаццаты год. Мяне заўсёды цікавіла даследчая дзейнасць, таму кірунак у рабоце я выбраў хутка, — расказвае педагог.
Міхаіл Міхайлавіч працягвае педагагічную дынастыю. Яго мама працавала настаўніцай фізічнай культуры і здароўя. І так выйшла, што жонка таксама педагог.
— З жонкай мы пазнаёміліся ў студэнцкія часы, яна на курс маладзейшая за мяне. Хоць мы абое настаўнікі фізікі і матэматыкі, саперніцтва паміж намі няма, я б назваў нашы прафесійныя ўзаемаадносіны супрацоўніцтвам. Асабістыя адносіны пакідаем дома, а на рабоце падтрымліваем адно аднаго як калегі. Напрыклад, раімся, як лепш расказаць тую ці іншую тэму дзецям. Жонка таксама займаецца даследчай дзейнасцю, толькі ў інфарматыцы, — дзеліцца Міхаіл Трыфанаў.
Даследчая дзейнасць настаўніка пачалася з інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогій цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосаба пабудавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”, які праходзіў у сценах Комсеніцкай сярэдняй школы.
— Я адказваў за адзін з кірункаў гэтага праекта. Займаўся структураваннем работы, вызначаў, якімі павінны быць падрыхтоўчы, асноўны і карэкцыйны этапы. Арганізаваў метадычную работу ў цэлым. Удзел у “Цьютарскім суправаджэнні” паказаў, як настаўнік павінен планаваць кансультацыі і правільна накіроўваць дзіця, каб яно вучылася самастойна выконваць задачы. Такім чынам, падчас праекта рэалізоўваўся карэкцыйны этап і былі распрацаваны карты дыягностыкі. Яны дазваляюць дыягнаставаць, напрыклад, здольнасць вучня да даследчай дзейнасці. Набываючы ўсё больш вопыту, я напрацоўваў пэўныя матэрыялы, якія сёння дапамагаюць пашыраць этапы даследавання, — удакладняе настаўнік.
Пасля першых крокаў у даследчай дзейнасці педагог усвядоміў важнасць такога паняцця, як кампетэнцыя.
— Нашы даследаванні накіраваны на тое, каб вучань мог падрыхтавацца да жыццёвых рэалій, а не толькі да вучэбнага прадмета. Лічу, што дзіця, прыходзячы на заняткі ў школу, павінна развівацца і ў метапрадметных кампетэнцыях. Тыя ж самыя гіпотэзы ў даследаваннях вучаць крытычнаму мысленню. Што ўражвае ў даследчай дзейнасці, дык гэта тое, як дзеці, уключыўшыся ў работу, моцна мяняюцца. Гэта датычыцца і іх камунікатыўных здольнасцей. Пасля выканання даследавання работу трэба прэзентаваць публіцы. Адпаведна, дзеці вучацца выступаць, пазбаўляюцца сарамлівасці і набываюць упэўненасць у сабе, — адзначае Міхаіл Міхайлавіч.
Педагог лічыць: каб дзіця ўдзельнічала ў даследчай дзейнасці, яму дастаткова шчырага жадання. А ўсе патрэбныя кампетэнцыі можна напрацаваць.
— Вядома, я раблю ўваходную дыягностыку навучэнцаў. Назіраю за тым, як вучань умее ставіць мэты і вызначаць задачы. Для дапамогі даю задачу і прапаноўваю разбіць яе на падзадачы — такім чынам дзеці вучацца планаваць рабочы працэс. Таксама выкарыстоўваю дапаможныя прыёмы. У выніку дзіця расце як асоба. Таму перакананы, што развіваць канкрэтныя элементы даследчай дзейнасці неабходна ўсім вучням, — расказвае педагог.
Настаўнік фізікі і матэматыкі з вучнямі 7—8 класаў даследаваў даволі цікавую тэму — “Верагоднае і неверагоднае ў казках з пункту гледжання фізікі”.
— Мы разглядалі шэраг казак. Напрыклад, казку “Чырвоная шапачка”, дзе воўк цалкам праглынае бабулю. Навучэнцы высвятлялі, ці магчыма гэта зрабіць. Мы вымяралі рост і вагу ваўка і бабулі. Ездзілі ў музей, дзе прадстаўлены экспанаты жывёл. Нават памералі пашчу ваўка. У выніку даказалі, што гэта немагчыма. У казцы “Курка Рабка” залатое яйка падае і разбіваецца. Мы таксама правялі сур’ёзнае даследаванне. Узялі сілу, вызначылі падзенне прадмета і прыкладную вагу з улікам шкарлупіны з золата. Пасля даследаванняў казак мы прыйшлі да высновы, што выдумка павінна заставацца выдумкай, — адзначае настаўнік.
Яшчэ адно вельмі цікавае даследаванне — “Выкарыстанне пажарнага апавяшчальніка як сродку папярэджання затаплення жылога дома”. Педагог з навучэнкай Лізаветай Кушняровай перарабілі пажарны апавяшчальнік у датчык затаплення.
— Дарэчы, без дадатковых прыбораў ён рэагаваў у сваім звычайным рэжыме, але разам з тым апавяшчаў аб працяканнях у доме. Акрамя гэтага, мы арганізавалі дазвон. Гэта азначае, што прыбор можа тэлефанаваць на звычайны тэлефон. Такім чынам, мы пашырылі функцыянал апавяшчальніка і з фізічнага пункту гледжання апісалі, як гэта адбываецца, — прадстаўляе распрацоўку Міхаіл Міхайлавіч.
Работа “Уплыў змянення размяшчэння велічыні масы ў формулах на фарміраванне агульнай карціны свету” цікавая тым, што настаўнік з вучнямі разгледзелі неверагодную тэорыю. Практычна ва ўсіх формулах па фізіцы ўсё прама прапарцыянальна масе. А што будзе, калі перавярнуць формулы ў адваротны бок — не памнажаць на масу, а дзяліць, іншымі словамі — памяняць усе законы фізікі.
— З вучаніцай Хрысцінай Вырвіч мы задаліся пытаннем, які тады будзе свет. Мы апісвалі, якое наша жыццё ў такім становішчы. Памянялі ўсе законы, імпульсы і сілы, шмат фантазіравалі. Напрыклад, калі ўзяць сілу трэння, то, падзяліўшы яе на масу, мы атрымаем, што нашы будынкі можна зрушыць з месца, штурхнуўшы нагой, а вось пёрка ўжо складаней зрушыць, — удакладняе педагог.
Міхаіл Міхайлавіч з вучнямі займаецца і праектнай дзейнасцю. Штогод педагог з выхаванцамі ўдзельнічаюць у рэспубліканскім інавацыйным маладзёжным праекце “100 ідэй для Беларусі”.
— На раённых і абласных этапах конкурсу заўсёды паказваем даволі высокія вынікі. З работай “Атрыманне электрычнай энергіі з дапамогай выкарыстання п’езаэлектрычнага эфекту” выхаванкі Паліны Кротавай мы занялі 1-е месца на абласным этапе. Для гэтага я дапамог дзяўчынцы перарабіць даследчую работу ў праектную, — адзначае Міхаіл Трыфанаў.
Яго навучэнцы таксама штогод удзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”.
— Стараемся, каб гэтыя тэмы былі цікавыя дзецям. А вызначаю я гэта такім чынам: прашу напісаць за мінуту, што ім цікава. І далей выбіраю, што з пералічанага можна развіць у паўнавартасны праект. Таму прапаноўваць, нават нешта фантазійнае, трэба ўмець. Мяне радуе, што вучні ў далейшым прымяняюць атрыманыя навыкі даследаванняў. Галоўная задача педагога — быць каардынатарам, накіроўваць і паказваць, як рабіць правільна. Але выбар шляху застаецца за вучнямі, — падсумоўвае настаўнік фізікі.
Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара