Фізкультура — прадмет, які важна асвоіць не для добрых адзнак у школе, а для доўгага жыцця, лічаць у сярэдняй школе № 3 Ашмян. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Са спортам на ты
Спорт і фізкультура суправаджаюць кожнае дзіця ўсё яго школьнае жыццё. На сустрэчах з бацькамі з першых класаў педагогі ўстановы адукацыі абмяркоўваюць тэму “Здаровы лад жыцця — гэта важна”. Акрамя ўрокаў фізкультуры для малодшых школьнікаў, прадугледжаны факультатывы і дадатковыя заняткі па гульнявых відах спорту.
Пачынаючы з 5 класа хлопцы і дзяўчаты вучацца стральбе ў аб’яднанні па інтарэсах “Трапны стралок”. Незалежна ад узросту дзеці асвойваюць плаванне, лёгкаатлетычныя дысцыпліны, гуляюць у валейбол, баскетбол, футбол. Усе школьнікі — актыўныя ўдзельнікі спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню. Так, малодшыя дзеці з задавальненнем спаборнічаюць у конкурсе “300 талентаў для Каралевы”, “Шкаліядзе”. Школьнікі сярэдняга і старшага звяна адпраўляюцца на рэспубліканскую спартакіяду па мнагаборстве, лёгкай атлетыцы, плаванні, гульнявых відах спорту і г.д. Ну і, вядома ж, ніводная субота не абыходзіцца без спартыўных мерапрыемстваў ці свят.
Часлаў Унукевіч пасля заканчэння Гродзенскага тэхнікума фізічнай культуры працуе ва ўстанове адукацыі настаўнікам фізкультуры больш за тры дзясяткі гадоў. Сёння ў свае 66 гадоў педагог пачынае дзень з 10-мінутнай зарадкі, праганяючы сон, і спяшаецца на ўрокі фізкультуры, гадзіны здароўя і спорту да школьнікаў 6—11 класаў. Каля 25 гадоў настаўнік рыхтуе хлопчыкаў і дзяўчынак да спаборніцтваў па летнім і зімовым мнагаборстве.
— У аб’яднанні па інтарэсах “Трапны стралок” пачатковую падрыхтоўку па стральбе ў спецыяльна абсталяваным ціры асвойваюць 15 вучняў 5—6 класаў. Таксама заняткі па стральбе наведваюць 15 навучэнцаў 9—11 класаў. Стральба ўваходзіць у спаборніцтвы па летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе” і “Абаронца Айчыны”. Дзяўчынкі, дарэчы, нярэдка даюць фору хлопцам. Наша выпускніца Алена Цярэшка ў стральбе стоячы набрала 46 балаў з 50 магчымых. Гэты яе рэкорд ніхто ў школе і раёне пакуль не пабіў, — расказвае Часлаў Аляксандравіч і дадае: — Я заўсёды любіў мяч паганяць, пастраляць, таму дадатковыя заняткі вёў па футболе і стральбе. Звычайна так бывае: што сам любіш, таму і дзяцей вучыш.
Летняе мнагаборства “Здароўе”: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы (для навучэнцаў 9—11 класаў), плаванне на 50 м, скачок у даўжыню з месца, згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы (дзяўчаты), падцягванне на высокай перакладзіне (юнакі), спрынтарскі бег на 30 м з высокага старту, бег на вынослівасць (1000 м, 2000 м, 3000 м).
Вучні Часлава Аляксандравіча ўваходзяць у зборную раёна, выступаюць на раённых і абласных спаборніцтвах. Зараз яны поўным ходам рыхтуюцца да ўдзелу ў зімовых спаборніцтвах “Абаронца Айчыны”, якія ўключаюць у сябе стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванне на высокай перакладзіне — у юнакоў і адцісканне — у дзяўчат, а таксама лыжныя гонкі. У школьную каманду па мнагаборстве ўваходзяць 14 навучэнцаў з 5 па 11 клас: па адным юнаку і дзяўчыне з кожнай паралелі. Склад зімовай і летняй каманд звычайна адрозніваецца, бо хтосьці з дзяцей лепш плавае, чым рухаецца па лыжні.
Зімовае мнагаборства “Здароўе”: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы (для навучэнцаў 9—11 класаў), скачок у даўжыню з месца, згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы (дзяўчаты), падцягванне на высокай перакладзіне (юнакі), лыжная гонка (3 км, 5 км).
Выхаванцы Часлава Аляксандравіча ў розныя гады станавіліся ўдзельнікамі каманды чэмпіёнаў Гродзеншчыны. Некаторыя з юных спартсменаў пры гэтым дэманструюць добрыя вынікі ў рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры. Выпускнік мінулага года Вадзім Андрыеўскі, член абласной каманды па мнагаборстве, у раённай алімпіядзе па фізкультуры стаў першым, а на абласным этапе — трэцім.
— Кожны год знаходзяцца хлопцы і дзяўчаты, якія ўдзельнічаюць у алімпіядным руху. Пасля ўрокаў яны штудзіруюць тэарэтычныя блокі пытанняў. Ну а падрыхтоўка практычнай часткі мала чым адрозніваецца ад штодзённых заняткаў і трэніровак, у якія ўваходзяць рухавыя гульні, плаванне, бег, скачкі ў даўжыню з месца, падцягванне і г.д., — адзначае педагог.
Фізкультура і здароўе ўсяму галава
Не першы год функцыянуе ў школе спартыўны клас. Зараз у ім выкладае педагог з 20-гадовым стажам Віктар Багдановіч.
— Адукацыю я атрымаў завочна ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова і паралельна каля 5 гадоў працаваў у Цудзенішскай сярэдняй школе. А ў 2007 годзе ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 3 Ашмян, дзе шмат працую, дарэчы, разам з жонкай Ліліяй Яўгеньеўнай, настаўніцай гісторыі і мастацтва, — гаворыць педагог.
Сёння Віктар Іванавіч выкладае фізкультуру ў 5—8 класах, кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Футбол”, дзе займаюцца вучні 6—7 класаў. Яго выхаванцы ўдзельнічаюць у раённых спаборніцтвах “Скураны мяч”, першынствах раёна сярод гарадскіх школ. Ужо другі год настаўнік трэніруе 16 вучняў профільнага спартыўнага 6 “В” класа.
— Я сам раней займаўся лёгкай атлетыкай і ва ўніверсітэце на ёй спецыялізаваўся. Быў час, вёў у школе заняткі лёгкаатлетычнага клуба. Профільны спартыўны клас у нашай школе адкрыўся другі раз, хлопцы і дзяўчаты ў ім займаюцца з 5 па 9 клас. У першыя гады навучання ўдзяляецца ўвага агульнафізічнаму развіццю, школьнікі ўдасканальваюць лёгкаатлетычныя навыкі і асвойваюць бег на розныя дыстанцыі, скачкі, кіданне мяча. Лёгкая атлетыка — дастаткова цяжкі від спорту і сур’ёзная нагрузка для дзіцячага арганізма, які ўвесь час расце, таму трэба павышаць яе паступова, акуратна, каб не нанесці шкоды школьніку і не адбіць ахвоту да спорту, — дзеліцца нюансамі работы Віктар Багдановіч. — Спецыфіка вучобы ў спартыўным класе ў тым, што першыя два гады ў юных спартсменаў па 6 урокаў фізкультуры ў тыдзень і заняткі праводзяцца парай, доўжацца паўтары гадзіны. А з 7 класа ў дзяцей прадугледжана 9 урокаў у тыдзень. Для тых, хто паказвае добрыя вынікі і выбірае спартыўную сцежку, нагрузка павялічваецца. Мая задача як кіраўніка профільнага класа — знайсці здольнага юнага спартсмена, умацаваць яго ўсебакова і функцыянальна, развіць закладзеныя ў ім задаткі і аддаць у вышэйшае спартыўнае звяно.
У сярэдняй школе № 3 Ашмян больш за 750 школьнікаў да здаровага ладу жыцця і спорту далучаюць 4 настаўнікі фізічнай культуры і здароўя. Установа адукацыі займае ў раёне лідзіруючыя месцы ў розных спартыўных конкурсах і спаборніцтвах.
Пэўныя схільнасці да таго ці іншага лёгкаатлетычнага кірунку школьнікі звычайна праяўляюць праз год-два. Так, у 6 класе трэнер ужо ведае, хто з хлопцаў больш вынослівы і лепш бяжыць, скажам, доўгія дыстанцыі, а хто валодае спрынтарскімі якасцямі і таму асабліва добры вынік дэманструе на кароткай дыстанцыі. Зрэшты, бываюць выключэнні, і задаткі дзіцяці выяўляюцца вельмі хутка. Так, дарэчы, было са старэйшай дачкой педагога Вікторыяй. Яшчэ ў 2—3 класе дзяўчынка прадэманстравала добрыя вынікі ў спаборніцтве “300 талентаў для Каралевы”, у фінал якога выходзяць тры сотні самых спартыўных хлопчыкаў і дзяўчынак 7—9 гадоў з усёй краіны. Пасля 4 класа Віку запрасілі вучыцца ў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінск. Сёння яна адзінаццацікласніца, чэмпіёнка краіны па лёгкай атлетыцы на спрынтарскай дыстанцыі 400 метраў у закрытым памяшканні. У мінулым годзе дзяўчына стала асвойваць яшчэ і бар’ерны бег.
— Як матывуеце школьнікаў займацца спортам?
— Гадоў пяць назад, калі я яшчэ не працаваў у спартыўным класе, а вёў лёгкаатлетычны клуб, часта на занятках станавіўся ў строй разам са школьнікамі. Мы побач трэніраваліся, бегалі кросы. Так і павялося. Дарэчы, некалі да маіх штодзённых прабежак па вечарах прыклала руку дачка. Аднойчы, прыехаўшы з Мінска дадому на летнія канікулы пасля 5 класа, яна прапанавала пайсці пабегаць на стадыён. На трэцім крузе Вікторыя вырвалася наперад, і дагнаць яе я ўжо не змог. Пасля гэтага і стаў рэгулярна займацца бегам, падтрымліваць форму. У трохстах метрах ад школы ёсць лёгкаатлетычны стадыён. Там мы і практыкуемся з вучнямі. Дзецям заўсёды падабаецца адчуваць агульнасць інтарэсаў з педагогам.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара