Выхаванцы дзіцячага сада № 2 Карэліч даглядаюць расліны ў зімовым садзе, жывёл — у жывым кутку, праводзяць эксперыменты ў лабараторыі і экскурсіі ў міні-музеі “Спадчына”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Тут нават сцены “гавораць”. Дзіцячы сад у 2018 годзе першым сярод устаноў адукацыі Карэліцкага раёна пачаў рэалізацыю адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”, які і надаў экалагічны напрамак рабоце з дзецьмі.
Гісторыя ўстановы налічвае 38 гадоў. За гэты час склаўся дружны, працавіты калектыў аднадумцаў, які вылучаецца невычэрпнай энергіяй, творчасцю, ініцыятыўнасцю, імкненнем да развіцця. Ва ўстанове працуюць 25 педагагічных работнікаў, у мінулым годзе прыйшлі 4 маладыя спецыялісты, трое з іх — былыя выхаванцы дзіцячага сада.
Дашкольнікі наведваюць 9 груп, яшчэ ў дзвюх займаюцца першакласнікі сярэдняй школы № 2. У садзе створаны ўсе ўмовы для ўмацавання здароўя выхаванцаў, развіцця іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей. Ёсць музычна-фізкультурная і харэаграфічная залы, кабінеты пазнавальнай практычнай дзейнасці, педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага.
— Напрамак экалагічнага выхавання дзяцей актуальны і асабіста мне вельмі блізкі, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Галіна Паўлаўна Жук. — Таму ўзяла ініцыятыву ў свае рукі, падключыла педагогаў, і мы заняліся рэалізацыяй праекта “Зялёныя школы”. Па выніках работы ў 2019 годзе ўстанова ўдастоена дыплома III ступені Міністэрства адукацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з прысваеннем статусу “Зялёная школа”. У 2020/2021 і 2021/2022 навучальных гадах дзіцячы сад пацвердзіў гэты статус і ўзнагароджаны дыпломамі II ступені.
Кабінет пазнавальнай практычнай дзейнасці не проста спрыяе рэалізацыі праекта — выхавальнікі здолелі стварыць цікавае для дзяцей асяроддзе. Кабінет умоўна падзелены на зоны: зімовы сад і лабараторыю. У зімовым садзе сабраны калекцыі раслін розных кліматычных зон, на кожную распрацаваны пашпарт, таблічкі з правіламі догляду. Ёсць тут і жывы куток — адно з любімых месцаў дзятвы, у якім утульна сябе адчуваюць хамяк Пушок, папугай Кеша, чарапашкі Ая і Ія, рыбкі і слімакі. У лабараторыі выхаванцы сярэдніх і старшых груп праводзяць доследы і эксперыменты з вадой, паветрам, пяском, назіраюць за аб’ектамі жывой прыроды. Зранку ў кабінеце праходзяць заняткі па адукацыйнай галіне “Дзіця і прырода”. У другую палову дня выхаванцы з радасцю спяшаюцца на заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Чароўная палітра”, “Умелыя пальчыкі”, “Добры свет”, “Экаляты”, “Інфарматыка без разеткі”.
— Дзяцей выхоўвае і развівае ўсё, што іх акружае, — расказвае і паказвае Галіна Жук. — Адным з элементаў прадметна-развіццёвага асяроддзя, які выкарыстоўваецца ў кабінеце, з’яўляецца тэхналогія “Гавораць сцены”. Яна дапамагае педагогам ненадакучліва замацаваць і пашырыць атрыманы дзецьмі вопыт, зрабіць адукацыйны працэс яркім і дынамічным. На сценах у нас адлюстраваны прыродныя супольнасці краіны: балота, лес, поле, а таксама макет Сонечнай сістэмы. Нашы педагогі распрацоўваюць пазнавальныя заняткі, аўтарскія развіццёвыя гульні, дыдактычныя дапаможнікі. Для заняткаў з дзецьмі 4—6 гадоў па адукацыйных галінах “Дзіця і прырода”, “Дзіця і грамадства”, для фарміравання ў іх асноў экалагічнай культуры распрацаваны дыдактычны гульнявы дапаможнік “Замак гномаў Эканомаў”. Вопыт работы па выкарыстанні актыўных форм узаемадзеяння педагогаў, дзяцей і бацькоў абагульнены ў кнізе “Квест-гульні”.
Выхаванцы разам з бацькамі былі актыўнымі ўдзельнікамі экалагічных праектаў “Пакормім птушак зімой”, “Адходы ў даходы”, “Першацветы”, “Зялёная аптэка”. Сумесная работа дзяцей, педагогаў і бацькоў прынесла свае вынікі. Праект “Зялёная аптэка” пад кіраўніцтвам выхавальніцы дашкольнай адукацыі Н.А.Цярэшка ўдастоены дыплома II ступені рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёныя школы” ў намінацыі “Зялёныя слядочкі”.
На тэрыторыі ўстановы створана экалагічная сцежка, якая складаецца з 14 краявідных кропак. Педагогі распрацавалі сцэнарыі арганізацыі назіранняў, картатэкі доследаў і эксперыментаў для кожнага аб’екта экалагічнай сцежкі.
У кутку лесу растуць елкі, хвоі, рабіны, размешчаны макеты жывёл. Увесну і ўлетку дзеці з задавальненнем працуюць у кутку поля, дзе яны вырошчваюць жыта, пшаніцу, лён, даглядаюць агарод, назіраюць за красаваннем яблынь, груш, вішань, паспяваннем пладоў у садзе. Свае назіранні і адкрыцці яны фіксуюць у дзённіках. Вырашчаны лён стаў аб’ектам даследавання выхаванца старшай групы Мацвея Зайко. Яго даследчая работа пад кіраўніцтвам М.У.Коршун “Чаму лён — прыродны сімвал Рэспублікі Беларусь” узнагароджана дыпломам I ступені ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шлях да пазнання”.
Яшчэ адзін цікавы і важны праект, у рэалізацыю якога ўстанова ўключылася ў 2022/2023 навучальным годзе, — “Інфарматыка без разеткі”. Па выніках адкрытага конкурсу сярод устаноў дашкольнай адукацыі дзіцячы сад узнагароджаны дыпломам III ступені ў намінацыі “Падарожжа ў краіну Інфарматыка”.
Калектыў установы выкарыстоўвае ў рабоце разнастайныя педагагічныя тэхналогіі беларускіх аўтараў, метады і прыёмы ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі. Выхавальніцы Ніна Алегаўна Цярэшка і Аксана Мікалаеўна Крапіўніцкая з’яўляюцца ўдзельнікамі абласнога клуба педагагічных сустрэч выхавальнікаў дашкольнай адукацыі па ТРВЗ-тэхналогіі. Пяць педагагічных работнікаў — кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў і фарміраванняў.
Выйшаў дапаможнік з вопыту работы педагогаў “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў”. Ён уключае ў сябе каляндарна-тэматычнае планаванне па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для дзяцей сярэдняй групы, распрацаванае выхавальніцай І.М.Арцюх, і канспекты заняткаў, складзеныя творчай групай выхавальнікаў установы. Намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці распрацавана каляндарна-тэматычнае планаванне для старшай групы.
— У нас назапашаны багаты вопыт работы па фарміраванні ў выхаванцаў асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры, — падзялілася загадчыца дзіцячага сада Аксана Аляксандраўна Дзівак. — Дзелімся ім на раённых метадычных аб’яднаннях, пасяджэннях розных фарміраванняў. Свае напрацоўкі ў гэтым напрамку дэманстравалі на абласным фестывалі педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню” ў ГрАІРА. Ганарымся створанай у нашай установе танцавальнай групай “Журавушки”, у склад якой уваходзяць супрацоўнікі дзіцячага сада і выхаванцы. Поспеху ў патрыятычным выхаванні можна дасягнуць толькі тады, калі самі дарослыя будуць любіць і ведаць гісторыю сваёй краіны. Нашы педагогі з’яўляюцца для дзяцей прыкладам.
***
Асаблівае месца ў адукацыйным працэсе ўстановы займае фарміраванне ў выхаванцаў асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры.
Больш за 15 гадоў функцыянуе міні-музей “Спадчына”, які складаецца з экспазіцый “Беларуская хатка” і “Вырабы майстроў”. Выхаванцы знаёмяцца з прадметамі побыту, іх назвамі, прызначэннем і гісторыяй. Дзеці вучацца імі карыстацца, атрымліваюць практычныя навыкі і ўяўленні аб хатняй гаспадарцы сваіх продкаў. У музеі ладзяцца гульні, экскурсіі, тэатралізаваныя паказы. Многія заняткі праходзяць у форме гульняў-падарожжаў. У музеі дзецям прадастаўляецца магчымасць выступіць у якасці экскурсавода і правесці невялікі агляд па экспазіцыях. Пачэснае месца тут займае “Музей у чамадане”, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Знаёмячы з цэнтрам грамадзянска-патрыятычнай культуры, выхавальніца малодшай групы Ніна Алегаўна Цярэшка расказала, што тут займаюцца дзеці 3—4 гадоў. Для больш старэйшых выхаванцаў сумесна з бацькамі падрыхтаваны лэпбукі “Мая малая радзіма”, “Сімвалы маёй краіны”, “Беларуская армія”, дыдактычныя дапаможнікі “Апранаемся па-беларуску” і “Беларускае нацыянальнае адзенне”, гульні “Складзі герб і сцяг”, “Народныя промыслы” і іншыя. Дзеці прымаюць удзел у святочных мерапрыемствах, конкурсах, віктарынах, сумесных забавах з бацькамі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара