Якімі прафесіямі цікавяцца падлеткі, ведае педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 20 Бабруйска Таццяна Дудаль

- 17:25Новости, Психолог в школе

“Сто дарог — адна твая”. Такі плакат вісеў у маёй школе, і ў той юны час гэта здавалася цудоўным. Цяпер на гэтыя гіпатэтычныя “сто дарог” глядзіш па­іншаму — свядома. Як сучаснаму школьніку не заблытацца ў сотні дарог пры выбары адной сваёй? Пра гэта і многае іншае расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” педагог-­псіхолаг сярэдняй школы № 20 Бабруйска Таццяна Дудаль.

— Таццяна Уладзіміраўна, наколькі важная, на ваш погляд як спецыя­ліста, прафарыентацыйная дзей­насць школьнага псіхолага? Як наладжана работа ў гэтым напрамку ў сярэдняй школе № 20 Бабруйска?

— На мой погляд, прафарыентацыйная дзейнасць школьнага псіхолага з’яўляецца важнай і патрэбнай у наш час. Гэта ­адзін з прыярытэтных напрамкаў у сістэме сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Уся прафарыентацыйная работа ў школе накіравана на фарміраванне ўсвядомленага і адказнага выбару будучай прафесіі выпускнікамі школы. У нашай школе на працягу 5 гадоў працаваў клуб “Мая прафесійная будучыня” для навучэнцаў 8—9 класаў. Мэтай работы клуба было ўдасканаленне ведаў аб свеце прафесій, дапамога ў ажыццяўленні ўсвядомленага выбару прафесіі. У сувязі з адсутнасцю ўкамплектаванасці школы псіхолагамі на цяперашні момант работа клуба прыпынена, аднак у гэтым напрамку работу вяду і я, школьны псіхолаг, і класныя кіраўнікі. Таксама не магу не сказаць пра арганізацыю сёлета плённай сумеснай работы школы з установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Бабруйска: Бабруйскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным каледжам, Бабруйскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжам, Бабруйскім каледжам імя А.Я.Ларына, Бабруйскім дзяржаўным індустрыяльна-будаўнічым каледжам, Бабруйскім дзяржаўным тэхналагічным каледжам, Бабруйскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжам. На мой погляд, гэта эфектыўнае супрацоўніцтва.

— Якія прафесіі зараз у модзе ў старшакласнікаў? Ці супадаюць іх жаданні з патрэбамі ў спецыялістах у нашай краіне?

— Мода — стан часовы, аднак калі рабіць упор на сучасныя рэаліі, то цяпер да модных прафесій можна аднесці прафесіі, задзейнічаныя ў сферы IT, нанатэхналогій, абслугоўванні аўтаматызаваных сістэм і робататэхнікі. Нароўні з імі застаюцца і заўсёды запатрабаванымі ў нашых навучэнцаў прафесіі ўрача, інжынера, настаўніка, будаўніка, дызайнера. Сучасная моладзь заўсёды валодае інфармацыяй аб рынку працы ў нашай краіне, імкнецца ісці ў нагу з часам, таму і арыентавана на запатрабаваныя прафесіі. Выбіраючы тую ці іншую прафесію, дзеці ўжо зараз задумваюцца аб тым, дзе можна яе рэалізоўваць. Падбіраючы навучальную ўстанову, дзе можна атрымаць жаданую спецыяльнасць, яны часам прыходзяць да мяне з запытам: “Дзе патрабуюцца такія спецыялісты?”

— Ці супадаюць уяўленні аб сваёй прафесійнай будучыні ў падлеткаў і іх бацькоў? Што рабіць, калі гэтыя ўяўленні аб будучай прафесіі розныя ў дзяцей і бацькоў? І як часта гэта бывае ў вашай практыцы?

Па выніках штогадовага анкетавання, якое выяўляе далейшы прафесійны шлях навучэнцаў 9-х класаў, можна ска­заць, што ў апошні час часта ўяўленні аб прафесійнай будучыні супадаюць у бацькоў і дзяцей. Я думаю, гэта звязана з тым, што бацькі могуць атрымаць і атрымліва­юць інфармацыю аб дапамозе сваім дзецям у прыняцці рашэння, якое тычыцца выбару прафесіі. Кожны з бацькоў хоча бачыць сваё дзіця шчаслівым, таму абмяркоўвае яго прафесійны выбар, шансы паступлення, перспектывы далейшага росту. І гэта найлягчэйшы варыянт. Цяжэй бывае, калі гэтыя ўяўленні па якіх-небудзь прычынах не супадаюць. Аднак, калі правільна арганізаваць сумесны дыялог з бацькам і дзіцем, можна скарэкціраваць гэтыя рознагалоссі. Паглядзець на розныя ўяўленні з розных бакоў. Такія выпадкі здараюцца ў маёй практыцы, але іх не так шмат. Напрыклад, падлетак хацеў стаць дызайнерам, а яго баць­кі марылі, каб ён атрымаў прафесію фармацэўта. Важна праяўляць давер да выбару дзіцяці і не забываць аб тым, што, нягле­дзя­чы на любоў і клопат у адносінах да свайго дзіцяці, у дзяцей і баць­коў розныя шляхі ў жыцці і што кожны павінен прайсці менавіта свой шлях. Таксама ў сучасным прафесійным свеце заўсёды трэба быць гібкім і мець магчымасць у выпадку неабходнасці атрымаць яшчэ адну, а магчыма, і не адну, патрэбную прафесію.

— У вашай школе адзін час дзейнічаў клуб “Мая прафесійная будучыня”. Раскажыце, калі ласка, пра яго дзей­насць. На ваш погляд, ці ёсць перспектывы ў гэтай рабоце?

— Так, клуб дзейнічаў, працаваў 1 раз у месяц і быў створаны, як я казала раней, для ўдасканалення наяўных у падлеткаў ведаў аб свеце прафесій, для выяўлення ўласных прафесійных інтарэсаў і асобасных асаблівасцей, неабходных у прафесіі, а таксама для прыняцця ўсвядомленага і адказнага рашэння ў выбары прафесіі. Работа клуба ажыццяўлялася па трох кірунках: прафесійная асвета, прафесійная дыягностыка і прафесійнае мадэляванне. Заняткі праходзілі з выкарыстаннем разнастайных форм: лекцыі-гутаркі, лекцыі-дыялогі, заняткі з элементамі трэнінгу, псіхалагічныя гульні, дыскусіі, заняткі з элементамі арт-тэрапіі.

Улічваючы, што ўдзельнікаў клуба была невялікая колькасць, гэта дазваляла ўдзя­ліць шмат увагі кожнаму навучэнцу, а таксама забяспечвала поўнае ўключэнне ўсіх у работу. Што да пытання перспектывы такой работы, то мой адказ адназначны — так. Усе падлеткі, якія наведвалі клуб, зрабілі свой выбар і паступілі ў прафесійныя навучальныя ўстановы, каб атрымаць выбраную прафесію.

— Прафесіі будучыні — якія яны на погляд педагога-псіхолага? Ці цікавяцца імі сучасныя падлеткі?

— Вельмі складана адназначна адка­заць на ваша пытанне. Цяпер настолькі хутка ўсё мяняецца, развіццё ідзе такімі тэмпамі, што не заўсёды за ім паспяваеш! Але, што ўжо відавочна, прафесіі будучыні будуць звязаны з захаваннем экалогіі нашай планеты, а таксама з узнаўленнем яе рэсурсаў, са сферай замены чалавечай працы аўтаматызаванымі сістэмамі і робатамі, сферай забаў, выкарыстаннем магчымасцей штучнага інтэлекту. Падлеткі цікавяцца прафесіямі будучыні, яны зацікаўлены ўносіць свой уклад у прагрэсіўнае развіццё нашай краіны.

— Ці важная сямейнасць у пытанні выбару прафесіі, на ваш погляд? Як вы ставіцеся да феномена прафесійных дынастый, ці гатовы сучасныя дзеці выбіраць прафесію бацькоў? І чаму?

— Сямейнасць важная, бо, на мой погляд, здольнасць да вызначанай прафесіі, а таксама яе падмацаванне ў некалькіх пакаленнях даюць велізарны патэнцыял для давядзення яе да дасканаласці, а таксама ўнясення ў гэтую прафесію чагосьці новага, звязанага з сучасным прымяненнем гэтай прафесіі. Нездарма пра некаторых спецыялістаў гавораць — “майстар ад Бога”. Я думаю, гэта звязана менавіта з гэтым феноменам. Некаторыя дзеці гатовы ісці па шляху бацькоў, хтосьці не гатовы да гэтага і выбірае прафесію, абсалютна не звязаную з прафесіяй бацькоў. Важна іншае: шчаслівы той, хто выбраў прафесію па душы. Мала проста выбраць прафесію, важна ­стаць прафесіяналам у сваёй справе. А каб ім стаць, неабходна ўвесь час адточваць свае ўменні.

— Таццяна Уладзіміраўна, як дапамагчы падлетку выбраць прафесію? Хто гэта зможа зрабіць?

— Важная любая дапамога: гэта і інфармацыя аб той ці іншай прафесіі, наведванне прафесійных навучальных устаноў у дні адкрытых дзвярэй, выступленні спецыя­лістаў, абмеркаванне выбранай прафесіі з бацькамі і аднакласнікамі, сябрамі, прахо­джанне прафарыентацыйных тэстаў, ­удзел у майстар-класах. Акрамя пералічаных лю­дзей, якія так ці інакш уплываюць на выбар прафесіі падлеткам, такую дапамогу можа аказаць класны кіраўнік, школьны псіхолаг, прафарыентолаг, калі такі ёсць у штаце школы. Але сам выбар застаецца за выбіраючым, а менавіта за падлеткам. І гэта важна разумець!

 Наталля КАСТЭНКА