Аб правілах паводзін з падлеткамі і псіхалагічным клімаце ў сям’і расказвае медыцынскі псіхолаг Наталля Громава.

- 17:30Новости, Психолог в школе

Медыцынскі псіхолаг, навуковы супрацоўнік аддзела псіхічных і паводзінскіх расстройстваў, загадчык адукацыйнага цэнтра РНПЦ псіхічнага здароўя Наталля Громава заўсёды арыентуе бацькоў падлеткаў на пазітыўныя і прадукцыйныя адносіны да сябе і сваіх дзяцей, а лепшым настаўнікам для дзіцяці лічыць асабісты прыклад бацькоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падлеткі імкнуцца да самастойнасці

— Ад дарослых мне часта даводзіцца чуць, маўляў, у падлеткавым узросце мы не былі такімі, як нашы дзеці, — адзначае Наталля Уладзіміраўна. — Я пагаджаюся, але задаю пытанне: “Няўжо вы ў дзяцінстве нічым не хвалявалі сваіх бацькоў? Без шапак на вуліцу не выходзілі, а ў мароз тонкія калготкі не апраналі?” Мы былі такімі ж, проста ў нас былі іншыя знешнія абставіны, умовы жыцця. Калі раней дзеці гулялі ў казакоў-разбойнікаў, то цяпер у Brawl Stars. Пакаленне Z не расстаецца з гаджэтамі. Забараніць гэта немагчыма, таму трэба ведаць і ра­зумець інтарэсы сваіх дзяцей.

Дзесьці да 25 гадоў у чалавека канчаткова фарміруюцца ўсе аддзелы галаўнога мозга. Мозг падлетка абапіраецца на лімбічную сістэму, а гэта зона эмоцый. Таму падлеткі не ў сілах кантраля­ваць свае эмацыянальныя перапады. Эмоцыі заўсёды мацнейшыя, чым таго патрабуе сітуацыя: не памылка, а правал, не перамога, а эйфарыя, раніцай я бурна радуюся, а ўвечары горка плачу. Да гэтага можна дабавіць і гарманальную перабудову арганізма, і ўзроставыя крызісы (1 года, 3 гадоў, 6—7 гадоў, 14—15 гадоў і г.д.). Але крызіс — не значыць дрэнна, гэта заўсёды пераход да новага. Для падлетка гэта з’яўленне пачуцця даросласці.

…Бацькі забаранялі 15-гадовай дзяўчынцы фарбаваць валасы. Прычым колер быў выбраны не радыкальны — чорны, тым больш што ад прыроды дзяўчынка цёмнавалосая. У выніку бацькі здаліся, а наўзамен папрасілі дачку добра вучыцца і дапамагаць у хатніх справах. Як можна ацаніць паводзіны бацькоў? Што яны выхоўваюць? Падпарадкаванне, а ў перспектыве — маніпулятыўныя паводзіны па прынцыпе “я табе забараню, ты зробіш тое, што мне хочацца, а далей пачнецца ўсё спачатку”. Другасная выгада ў дзіцяці, а ў будучыні ў дарослага, магчыма, аформіцца ў неўратычны стан.

— Асноўнае, на што накіраваны падлеткавы ўзрост, прычына таго, чаму дзіця праяўляе агрэсію, паводзіць сябе як правакатар, — гэта стан неабходнай сепарацыі, калі дзіця павялічвае адлег­ласць ад блізкага чалавека, мяркуючы, што будзе весці самастойнае жыццё, што, дарэчы, супадае з асноўнай мэтай выхавання — навучыць чалавека жыць самастойна, — адзначае Наталля Громава. — У падлетка з’яўляецца свая пазіцыя, ён лічыць сябе дастаткова дарослым, хоча, каб усе адносіліся да яго так. Але пры гэтым яго не засмучае, што правоў ён патрабуе больш, чым бярэ на сябе абавязкаў. І адказваць за нешта падлетак зусім не хоча, хіба што на словах. Дзе вы бачылі падлетка, які адказна заявіць “Я дарослы, таму пайду працаваць і забяспечваць сябе”? Усвядомленасці няма, затое эмоцый шмат, адсюль і правакацыі, якія падспудна нацэлены на тое, каб бацькі самі ўзялі адказнасць і “выгналі” сваё дзіця ў дарослае жыццё: “Ідзі на ўсе чатыры бакі, раз ты не слухаешся”. Калі дарослы, нават на словах, на гэта паддасца, то зафіксуе свае безадказныя паводзіны. Тут трэба быць асцярожным: дзіця не здольна кантраляваць свае дзеянні і можа здзейсніць учынак на эмоцыях, без разумення нас­тупстваў. Што неабходна зрабіць дарослым? Узяць паўзу, пераключыцца. Пакуль іграе адрэналін і іншыя нейрамедыятары ў мозгу, гэта будзеце не вы, а ваша хімія. Канфлікт можа вырашыцца сам, але нельга пакідаць яго незавершаным, бо можа ўзнікнуць неўроз.

Не параўноўвайце дзяцей. Гэта можа прывесці да катастрофы…

З падлеткам нельга мець зносіны, як з маленькім дзіцем, не трэба сюсюкаць, гаварыць, што ён нічога не разумее ў жыцці. Дарослы можа паставіць сябе на пазіцыю вышэй за дзіця толькі з боку адказнасці, якая прапісана ў заканадаўстве. Ва ўсім астатнім дзіця роўнае даросламу.

— Толькі праўда і спачуванне нараджаюць любоў. Калі мы расказваем пра нешта дзецям і перабольшваем сітуацыю або гаворым няпраўду, каб выпадкова не пакрыўдзіць, не знява­жыць, то гэта не праява любові. Ваша няпраўда можа стаць для дзіцяці зыходным пунктам пры прыняцці рашэнняў, — адзначае спецыя­ліст. — А пазней вы прызнаецеся яму, што насамрэч усё было не так, чым яшчэ больш нашкодзіце. Таму альбо адразу гаварыце праўду, альбо да канца прытрымлівайцеся свайго міфа.

І яшчэ адзін наказ: ніколі не параўноўвайце сваё дзіця з іншымі, ні ў якіх сэнсах. Адзінае, што вы можаце сказаць: “Ты лепшы!” Калі вы скажаце “Паглядзі, якая добрая дзяўчынка (добры хлопчык) у нашай цёткі Машы. А вось ты…”, гэта можа стаць апошняй кропкай у прыняцці рашэння аб суіцыдзе. У даследаваннях стагадовай даўнасці аддзялення дзіцячай псіхіятрыі Санкт-Пецярбургскага інстытута імя У.М.Бехцерава навукоўцы прыйшлі да меркавання, што суіцыд — гэта спроба змя­ніць стаўленне аднаго з бацькоў да падлетка, прымусіць яго раскаяцца. Заўважце: не няшчаснае каханне і адносіны з аднагодкамі на першым месцы, а адносіны з бацькамі. І я пагаджуся з гэтым, зыхо­дзячы са свайго вопыту работы.

Навучыць немагчыма, можна навучыцца

Бацькам важна ўзаемадзейнічаць з педагогамі сваіх дзяцей, размаўляць па любых пытаннях, каб ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу было разуменне сваёй ролі ў ім. Не са слоў сына ці дачкі або іншага з бацькоў павінна складвацца ўяўленне пра тое, што адбываецца ў школе. Калі бацькі лічаць, што іх дзіця хтосьці навучыў дрэнным словам, то гэта не так. Калі вучань скардзіцца на педагогаў, што тыя да яго несправядлівыя, шукайце праблему ў яго сям’і.

— Калі вы спрабуеце выхоўваць падлетка, “зрабіць з яго чалавека”, то вы займаецеся перавыхаваннем. Навучыць немагчыма, можна толькі навучыцца, — адзначае спецыяліст. — Раскажу прытчу. Ідуць два сябры, у аднаго з іх ёсць сабака, і ён гаворыць: “Я навучыў свайго сабаку свістаць”. Сябар здзіўляецца і заўважае: “Мы гуляем з табой доўга, але я не пачуў, каб твой сабака свістаў”. — “Дык я ж сказаў, што навучыў яго свістаць, але не сказаў, што ён навучыўся”, — адказвае ўладальнік сабакі. Таму сфарміруйце жаданне і матывацыю вучыцца асабістым прыкладам, і тады дзіцяці адкрыюцца самыя складаныя веды.

Боязь быць непрынятым — адзін з самых вялікіх страхаў для падлеткаў. Таму яны могуць апынуцца пад уплывам небяспечных кампаній або ўвязацца ў дэструктыўныя адносіны.

Правілы прадукцыйнага ўзаемадзеяння з падлеткамі:

  1. Пагадзіцеся з хваляваннем і незадавальненнем.
  2. Пазбягайце спроб здавацца залішне разумеючым.
  3. Адрознівайце згоду і дазвол, цярпімасць і санкцыянаванне.
  4. Размаўляйце і дзейнічайце як дарослы.
  5. Хваліце падлетка і падтрымлівайце яго моцныя бакі.
  6. Пазбягайце акцэнтавання слабых бакоў.
  7. Дапамажыце падлетку самастойна разважаць: “Гэта твой выбар”, “Сам вырашы гэтае пытанне”, “Ты можаш адказаць за гэта”, “Гэта тваё рашэнне”.
  8. Праўда і спачуванне нараджаюць любоў.
  9. Паважайце патрэбу ў адзіноце, у асабістым жыцці.
  10. Пазбягайце гучных фраз і пропаведзяў: “Калі я быў у тваім узрос­це…”, “Гэта мяне раніць больш, чым цябе”.
  11. Не навешвайце ярлыкоў, не параўноўвайце з іншымі: “Ты нера­зумная і лянівая. Ніколі нічога не дасягнеш”.
  12. Пазбягайце крайнасцей. Даваць поўную свабоду гэтак жа няправільна, як і закручваць гайкі.

Пагаварыце па душах

— Калі бацькі не прымаюць дзіця такім, якім яно ёсць, не з’яўляюцца для яго аўтарытэтам, яно будзе шукаць тых, хто яго падтрымае і зразумее, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Гэта можа быць нейкая рэферэнтная, сацыяльна значная група, чые погляды падлетак прымае, модная група, якая мае канкрэтныя мэты, часцей дэс­труктыўныя, вядзе адпаведную прапаганду. Калі дзіця пагрузіцца ў выбраны кірунак, гэта можа справакаваць у яго псіхічныя або паводзінскія расстройствы. Напрыклад, расстройствы палавой ідэнтыфікацыі (РПІ), праяўленне транссексуалізму.

РНПЦ псіхічнага здароўя вядзе прыём маладых людзей з 18 гадоў, якія маюць падобныя ўяўленні, задумваюцца аб правя­дзенні аперацыі па змяненні полу. Калі не разглядаць крытэрыі пастаноўкі названага вышэй дыягназу, то перадумовы да такіх парушэнняў бачацца ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах. Калі вельмі груба, то адны дзеці, каб нешта даказаць бацькам, зрабіць ім балюча, адважваюцца на суіцыд, а іншыя, магчыма, на змяненне полу. У аснове правільнай поларолевай ідэнтыфікацыі ляжыць перайманне паводзінскай мадэлі аднаго з бацькоў таго ж полу. У хлопчыкаў РПІ фарміруецца ў выніку паталагічнай цеснай сувязі з маці, фіксацыі ў ролі маленькага дзіцяці. У дзяўчынак аналагічныя скажэнні адбываюцца пры вымушанай неабходнасці праяўляць самастойнасць і агрэсіўнасць з ранніх гадоў.

Праблема можа пачацца з гіперапекі або гіпаапекі. Напрыклад, гіперапякаемыя хлопчыкі, якія жывуць з мамай і бабуляй. Або старэйшыя дзяўчынкі ў сям’і, на якіх накладваецца функцыя догляду малых. Адна з дзяўчат, якая вырашыла змя­ніць пол, расказала, што ў дзяцінстве яна практычна не бачыла сваіх бацькоў дома, бо яны шмат працавалі. І дзяўчынка, якая павінна была хадзіць у сукенках з косамі і банцікамі, часцей насіла штаны і кароткую стрыжку, вырашала свае пытанні сама, без удзелу бацькоў. Паступова ў яе склаўся мужчынскі тып паводзін.

— Прымайце пачуцці свайго дзіцяці, зрабіце свой дом тэрыторыяй бяспекі, — звяртаецца да бацькоў Наталля Громава. — Не жартуйце з яго знешнасці і не забараняйце эксперыментаваць. Прос­та прапануйце менш радыкальны ва­рыянт ці памяняць нешта ў знешнасці падчас канікул.

Дайце падлетку самастойнасць у разумных межах: чым больш забарон, тым больш у яго будзе правакацыйных паводзін. Трэба выразна фармуляваць для дзіцяці межы таго, што можна і чаго нельга рабіць, але спачатку растлумачыць чаму.

Абмяркоўвайце з мужам (жонкай) праблемы дзіцяці. Калі бацькі выраша­юць пазбавіць падлетка карыстання гаджэтам або інтэрнэтам, нават на некалькі га­дзін, то яны павінны быць гатовы падарыць гэты час сыну ці дачцэ, каб паразмаўляць, заняцца іх любімай справай. Калі дарослы не гатовы гэта зрабіць, усе забароны бу­дуць неэфектыўныя. Навучыцеся правільна выказваць свае эмоцыі, каб было зразумела, ад чаго і як вы адчуваеце радасць або сум. Захоўвайце пачуццё гумару, можна нестандартна адрэагаваць нават на самую непрыем­ную з вашага пункту гледжання выхадку або ўчынак падлетка. Ёсць выраз, што адна з самых сур’ёзных дзіцячых памылак думаць: калі чалавек дарослы, то ён разумны. Часам дарослыя выглядаюць сапраўднымі дурнямі ў адносінах да сваіх дзяцей.

— Падчас кансультацый я часта задаю падлеткам пытанне “Вы хацелі б у будучыні мець такую ж сям’ю, як у вашых бацькоў?”, — гаворыць Наталля Громава. — Звычайна гучыць адказ “не”. Размова пра ўмоўна добрыя сем’і (асацыяльныя на кансультацыі не ходзяць). Што не так? Знайдзіце час, каб пагаварыць са сваім дзіцем па душах, прызнайце свае памылкі, даведайцеся, чым можаце яму дапамагчы, і папрасіце дапамогі ў яго. Упэўнена, вы пачуе­це для сябе адказ. І яшчэ, калі вы хочаце павагі і падзякі ад дзіцяці, праяўляйце гэтыя пачуцці ў адносінах да ўласных бацькоў, як бы ні складвалася сітуацыя ў сям’і. Вашы дзеці гэта проста скапіруюць. Бацькі, калі гаварыць фігуральна, — карані нашага дрэва жыцця, калі мы іх абрэжам, прыпынім зносіны, то засохнем, будзем нежыццяздольныя.

Надзея ЦЕРАХАВА