Выхаваць павагу да прыроды: як гэтаму навучыць дашкалят, ведаюць у дзіцячым садзе № 2 Крупак

- 9:00Главная, Образование

Мінулай восенню ў дзіцячым садзе № 2 Крупак з’явілася першае ў раёне дашкольнае лясніцтва “Лесавічкі”. Стварэнне эколага-адукацыйнага аб’яднання — гэта сумесная ідэя ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама і Крупскай лясной гаспадаркі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

“Перш чым пачаць рэалізацыю праекта, было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з лясгасам, складзены план работы на год, — расказвае выхавальніца дашкольнай установы Вольга Каралькова. — Што тычыцца назвы лясніцтва, то прыдумалі яе выхаванцы старшай групы, калі мы абмяркоўвалі гэтае пытанне”.

Вызначыць, хто з дашкалят — адзін з “лесавічкоў”, вельмі проста: Крупскі лясгас падарыў юным лесаводам міні-версію формы ляснічага.

“Ствараючы дашкольнае лясніцтва, мы ставілі перад сабой мэту выхавання беражлівых адносін да прыроды, — працягвае Вольга Каралькова. — Маленькія ўдзельнікі дашкольнага лясніцтва не толькі знаёмяцца з прыродай роднага краю, вучацца беражліваму стаўленню да яе, але і даглядаюць расліны, прымаюць удзел у экалагічных акцыях і мерапрыемствах, якія ініцыіруе лясная гаспадарка. Акрамя таго, дзеці даведваюцца шмат цікавага пра лю­дзей, якія працуюць у лесе, пра тое, колькі патрэбна часу і намаганняў, каб вырасла адно дрэва, не гаворачы пра цэлы лес”.

Першы крок да асваення прафесіі ляснічага малышы зрабілі, калі падчас адкрыцця лясніцтва пасадзілі на тэрыторыі сада 16 маленькіх туй. Цікава, хто вырасце хутчэй: дзеткі ці дрэвы?

“Нашы выхаванцы любяць зада­ваць пытанні, — адзначае Вольга Ула­дзіміраўна. — Актыўную дапамогу ў вывучэнні лесу аказваюць супрацоўнікі лясгаса, якія ўдзель­нічаюць у адукацыйным пра­цэсе. На адных з заняткаў начальнік гадавальніка Алег Анатольевіч Лугаўцоў азнаёміў дзетак з тэхнікай пасадкі саджанцаў, расказаў ім, у якіх умовах хвоі і елкі рас­туць лепш за ўсё”.

Пасля таго як прадстаўнік лясгаса паведаміў, што ў пакаёвых умовах вырасціць саджанцы елкі і хвоі немагчыма, “лесавічкі” вырашылі рызыкнуць і праверыць, ці так гэта на самай справе. Сабраўшы насенне хвоі, малышы высадзілі яго. Кожны дзень, прыходзячы ў дашкольную ўстанову, яны правяра­юць, ці ўзышло насенне.

“Дзякуючы супрацоўніцтву са спецыялістамі лясной гаспадаркі, хлопчыкі і дзяўчынкі высадзілі маленькія саджанцы іглічных раслін на ўчастку дзіцячага сада з дапамогай мяча Колесава — прылады працы, якая прымяняецца для пасадкі лесу, — дадае выхавальніца. — Калі малодшыя групы толькі назіраюць за працэсам, то выхаванцы старшай групы прымаюць непасрэдны ўдзел у пасадцы насення і саджанцаў”.

Каб іглічным не было адзінока расці, на тэрыторыі дзіцячага сада юныя “лесавічкі” адкрылі “Яселькі для дуба” і пасадзілі ў іх жалуды, укрыўшы апалым лісцем. За тым, як растуць маленькія дрэўцы, дашкаляты таксама назіраюць штодзень.

“Зімой мы прынялі ўдзел у акцыі “Пакарміце птушак”, а ў пачатку сакавіка — у праекце “Кожнаму шпаку — па палацы”, — расказвае пра ініцыятывы ў дзіцячым садзе Вольга Каралькова. — Зразумела, што першая ідэя была накіравана на выраб кармушак, каб забяспе­чыць птушак ежай у халодныя месяцы, а ў пачатку вясны мы будавалі домікі для шпакоў”.

У дашкольнай установе вялікая ўвага ўдзяляецца пазнавальна-практычнай дзейнасці. Дзякуючы захопленасці выхавальнікаў, дашкаляты актыўна далучаюцца да даследчай работы. Пры дапамозе мікраскопа і лупы малышы разглядаюць насенне дрэў, даследуюць і параўноўваюць сасновыя і яловыя іголкі. Яшчэ ­адзін прыбор, які ёсць у лясной лабараторыі, — гэта вагі. Пры іх дапамозе дзеткі вызначаюць, насенне якіх дрэў самае лёгкае, а якое, наадварот, самае цяжкае. Замаца­ваць веды пра гэта дапамагаюць тэматычныя гульні.

“Нядаўна мы стварылі міні-музей лесу, — заўважае Вольга Каралькова. — Яго экспанаты — кара дрэў і насенне. Мае выхаванцы з лёгкасцю могуць адрозніць дрэвы і па кары, і па насенні”.

З надыходам вясны ў дзіцячым са­дзе № 2 Крупак з’явіліся новыя клопаты і планы. Акрамя таго, што трэба высадзіць агарод, які пакуль расце на падаконніках, дзеці сумесна з лясгасам будуць праца­ваць над стварэннем сапраўднага дэнд­рапарку на тэрыторыі дашкольнай установы.

“Гэтай вясной мы плануем арганіза­ваць экскурсіі ў гадавальнік, дзе вырошч­ваюць саджанцы елкі і хвоі, і ў Крупскае лясніцтва, — дзеліцца планамі выхавальніца. — У тыдні лесу таксама прымем актыўны ўдзел. Што тычыцца закладкі дэнд­рапарку, то падчас работы раскажам пра розныя дрэвы і хмызнякі, пакажам дзецям, як правільна іх даглядаць. Прывіццё беражлівых адносін да прыроды, любові да роднага краю, папулярызацыя прафесіі работнікаў лясной галіны з’яўляюцца асноўнымі мэтамі стварэння да­школьнага лясніцтва”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА