Дырэктар Скідзельскага дзяржаўнага каледжа Сяргей Іванавіч Літвін у асяроддзі кіраўнікоў устаноў прафесійнатэхнічнай адукацыі асоба ўнікальная. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ад майстра да кіраўніка
С.І.Літвін непарыўна звязаны з каледжам з 1984 года, з дня яго заснавання. Свае першыя крокі на педагагічным шляху ён рабіў майстрам вытворчага навучання, прайшоў усе этапы кар’ернага росту да назначэння на пасаду кіраўніка. Аднак гэта не поўная карціна яго шляху ў педагогіцы. Дырэктар каледжа ў Скідзелі яшчэ і прыклад кіраўніка, які праз гады дэпутацкай работы вярнуўся ў родную ўстанову і працягнуў пачатую справу.
У гэтым навучальным годзе герой публікацыі дасягнуў пенсіённага ўзросту. Гэта калі верыць пашпарту. Па падліках прадстаўнікоў сацыяльнай службы працоўны стаж нашага героя — амаль 46 гадоў. Але з цяжкасцю верыцца ў гэтую лічбу: ніякай стомленасці ні ў вачах, ні ў голасе, на пытанне аб прафесійных планах суразмоўнік пералічвае нямала задач і напрамкаў работы.
Сёлета каледж пад кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча стаў адным з лепшых на Гродзеншчыне — у абласным конкурсе заняў 3-е месца. І гэта з улікам таго, што бягучы навучальны год установа пачала ў пашыраным фармаце: у сувязі з рэарганізацыяй яна прыняла каля сотні навучэнцаў Шчучынскага каледжа.
— Зліццё дзвюх навучальных устаноў — працэс нялёгкі, і работа па падрыхтоўцы да навучальнага года была праведзена каласальная. Аднак, калі меркаваць па водзывах дзяцей і педагогаў, якія папоўнілі наш калектыў, можна ўпэўнена сцвярджаць, што мы з гэтай задачай справіліся, — лічыць Сяргей Іванавіч.
Тут гатовы да новаўвядзенняў і ў наступным навучальным годзе. У дадатак да існуючых спецыяльнасцей прафесійна-тэхнічнай адукацыі ва ўстанове адкрыюць яшчэ і спецыяльнасць на ўзроўні ССА. У Скідзельскім каледжы будуць рыхтаваць спецыялістаў з прысваеннем двайной кваліфікацыі “тэхнік-механік і майстар вытворчага навучання”.
Лёсавызначальны паварот
Сяргей Іванавіч у педагогіку трапіў нечакана нават для сябе. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 у родным Скідзелі спрабаваў паступаць у аграрны ўніверсітэт:
— У мой час многія марылі стаць старшынямі калгасаў. Ва ўніверсітэты гэтага профілю конкурсы былі высокія. У год майго паступлення ў Гродна, напрыклад, ён складаў 3,6 чалавека на месца. Памятаю, крыху падвёў вынік іспыту па хіміі. Не без шкадавання пайшоў тады вучыцца ў Сапоцкінскае вучылішча, а з вышыні сённяшніх гадоў разумею, што так і павінна было здарыцца.
Згаданую ўстанову суразмоўнік скончыў на выдатна і атрымаў накіраванне на паступленне ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Скончыць яго давялося ў два этапы — з перапынкам на службу ва Узброеных Сілах. Тэхнікум таксама скончыў выдатнікам і паступіў у БІМСГ (сёння — БДАТУ) на інжынерна-педагагічны факультэт, але перавёўся на завочнае аддзяленне і пачаў працоўны шлях майстрам вытворчага навучання спачатку Сапоцкінскага, а пазней Скідзельскага вучылішча.
Добра памятае суразмоўнік дзень свайго пасвячэння ў маладыя педагогі. Урачыстасць з гэтай нагоды тады праходзіла ў Гродне, і на сцэну пад апладысменты залы ён выходзіў у кампаніі сённяшняга дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага каледжа будаўнічых тэхналогій Алены Іванаўны Жалезняковіч — тады таксама маладога спецыяліста.
Трымацца роднага месца
У 1990 годзе Сяргей Іванавіч прадстаўляў каманду кіраўнікоў установы адукацыі. 15 гадоў яго жыцця звязаны з работай намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а з 2009 года ён узначальвае каледж.
— Вядома, у жыцці былі розныя прапановы прафесійнага плана, але ў педагогіцы адчуваю сябе вельмі камфортна. Шмат у чым толькі дзякуючы гэтаму ў пачатку 90-х не сышлі з гэтага шляху на пару з жонкай. Няпростым быў той час і для краіны ў цэлым, і для выкладчыкаў у прыватнасці, — дзеліцца С.І.Літвін.
У многіх момантах вызначальным для сябе ён лічыць наказ бацькі — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны: “Трымайся роднага месца. Тут магілы нашых продкаў”.
— Ніколі не думаў аб педагогіцы ў юным узросце, — працягвае суразмоўнік. — Хацеў стаць інжынерам — у 14 гадоў разам з бацькам сабралі трактар. З яго майстэрні амаль не выходзіў. Тэхніка літаральна прыліпала да маіх рук… З 15 гадоў нязменна быў актыўным удзельнікам летняй уборачнай кампаніі. А 16-гадовым юнаком у 1976 годзе атрымаў працоўную кніжку з запісам аб тым, што працаваў памочнікам камбайнера. Адным словам, ніколі не баяўся працаваць… І ўсё ж, хоць я не рэалізаваў юнацкія планы стаць аграномам або інжынерам, удзячны лёсу, што ён прывёў мяне ў педагогіку.
С.І.Літвін прызнаецца, што па шуме басістых галасоў падлеткаў, якімі каледж напаўняецца на перапынках паміж заняткамі, шчыра сумаваў падчас работы ў парламенце. Аднак і ў гэты час стараўся трымацца бліжэй да каледжа. Як дэпутат Сяргей Іванавіч заўсёды быў сярод запрошаных гасцей на ўрачыстых лінейках і значных падзеях.
Каледж як жывы арганізм
Аб установе адукацыі, якую Сяргей Іванавіч узначальвае ўжо на працягу многіх гадоў, ён гаворыць амаль як пра роднага чалавека. З асаблівай цеплынёй расказвае пра тое, што ў каледжы многае трымаецца на сямейных традыцыях:
— Да канца 90-х амаль 80% педагогаў нашай установы працавалі ў дуэце мужа і жонкі. Разам з моцнымі кіраўнікамі была сфарміравана адпаведная сістэма падрыхтоўкі навучэнцаў. Прыемна ўсведамляць, што каледж для некаторых з іх стаў не проста месцам вучобы, але і стартам прафесійнага шляху. На сённяшні дзень у каледжы працуюць больш за дзесяць яго выпускнікоў.
Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце С.І.Літвін удзяляе арганізацыі адукацыйнага працэсу. Каледж у яго разуменні — гэта жывы арганізм, які ў сваім развіцці заўсёды павінен абапірацца на патрабаванні сённяшняга дня. Менавіта таму на працягу шэрага гадоў ва ўстанове адукацыі абітурыентам прапаноўваюць атрымаць спецыяльнасці з прысваеннем некалькіх кваліфікацый, напрыклад, адразу трактарыста-машыніста, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і вадзіцеля (для хлопцаў) або кухара і швачкі (для дзяўчат). Усё гэта бясплатна, да таго ж з магчымасцю пражывання ў інтэрнаце.
— Працуем у цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. Нашым выпускнікам заўсёды рады на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці. Прычым стараемся даць пуцёўку ў прафесію ў тым ліку навучэнцам з асаблівасцямі развіцця. Больш за 20 гадоў такія дзеці атрымліваюць на нашай базе сумежную спецыяльнасць садавода-агародніка. Наколькі паспяхова, мяркуйце самі: у мінулым годзе наша навучэнка Вікторыя Яхімчык атрымала дыплом ІІІ ступені на V Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023, які праходзіў у сталіцы.
Утульнасць для навучэнцаў
Па меркаванні кіраўніка каледжа ў Скідзелі, на стаўленне да выбранай прафесіі ўплывае не толькі тое, што імкнуцца ўкласці ў дзяцей педагогі. Не апошнюю ролю ў гэтым пытанні адыгрывае і тое, у якіх умовах гэта робіцца.
— Нам удалося поўнасцю абнавіць і абсталяваць швейны клас. Думаю, не кожная навучальная ўстанова можа сабе дазволіць падобную раскошу: больш за дзясятак новых швейных машын, пяцінітачныя авярлокі, камп’ютарная тэхніка ў вытворчых класах. У 2015 годзе, напрыклад, па забяспечанасці камп’ютарнай тэхнікай мы былі трэцімі сярод 112 устаноў краіны. Акрамя гэтага, паступова абнаўляем абсталяванне на кухні, а таксама ствараем максімальную ўтульнасць і камфорт у інтэрнаце. Рамонт у васьмі блоках ужо выкананы, да канца года плануем зрабіць яшчэ столькі ж, — гаворыць Сяргей Іванавіч.
У імкненні стварыць утульнасць у каледжы суразмоўнік бачыць яшчэ адну немалаважную рэч. Справа ў тым, што ў ліку навучэнцаў заўсёды ёсць сіроты.
— Імкнёмся рабіць усё магчымае, каб каледж стаў для кожнага навучэнца моцным плячом нараўне з упэўненымі першымі крокамі ў прафесіі, — працягвае С.І.Літвін.
Ён глыбока перакананы, што паэтапная адукацыя са стартам на ўзроўні ПТА — залог поспеху. У пацвярджэнне гэтых слоў Сяргей Іванавіч прыводзіць нямала прыкладаў, калі чалавек стаў паспяховым кіраўніком ці бізнесменам, а пачынаў вучобу менавіта на ступені ПТА. І адна з прычын гэтага — жаданне і ўменне працаваць, рэалізаванае ўжо з юных гадоў.
— Сіла імкнення — у волі чалавека, — рэзюмуе суразмоўнік. — Кожны этап у жыцці важна ўспрымаць як кропку росту і не спыняць шлях да развіцця.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара