Якіх спецыялістаў рыхтуе Жлобінскі дзяржаўны каледж для металургічнай галіны

- 10:06Абитуриент, Образование

Жлобінскі дзяржаўны металургічны каледж (філіял БНТУ) — установа адукацыя адносна маладая, з 28-­гадовай гісторыяй. Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі навучання, тут рыхтуюць спецыялістаў для адной з найважнейшых галін вытворчасці — металургічнай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выбіраючы спецыяльнасць

Сёння ў каледж паступаюць абітурыенты пасля 9 класа на бюджэтную форму навучання для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі па трох спецыяльнасцях: “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання металургічнай вытворчасці” (кваліфікацыя “тэхнік-механік”), “Вытворчасць і перапрацоўка металаў” (кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг”) і “Тэхнічная эксплуатацыя тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці” (кваліфікацыя “тэхнік-электронік”). Самая шматлікая з іх другая, куды набіраюць сотню чалавек, фарміруючы 4 групы, а на кожную з астатніх спецыяльнасцей набор па 30 абітурыентаў. Дарэчы, па вопыце мінулага года самы высокі конкурс з прахадным балам 7,5 — сярод будучых тэхнікаў-электронікаў, а самы нізкі — сярод тэхнікаў-тэхнолагаў — 5,5.

Першыя гады 4 групы тэхнікаў-тэхнолагаў вучацца па адной праграме, і толькі на трэцім курсе, калі прадугледжана вучэбная практыка на прадпрыемствах і атрыманне рабочай прафесіі, ідзе падзел па спецыялізацыях: адны адпраўляюцца працаваць у сталядротавы цэх, другія — на пракатную вытворчасць, а трэція — у гарачы цэх, дзе плавіцца сталь. Па ўсіх спецыяльнасцях навучанне доўжыцца 3 гады і 7 месяцаў.

Гісторыя Жлобінскага дзяржаўнага металургічнага каледжа пачалася ў 1996 годзе, у той час ён называўся ПТВ-143, і цесна звязана з работай першай у краіне буйнамаштабнай металургічнай вытворчасці — Беларускага металургічнага завода.

Вучэбны працэс

— За гады навучання па кожнай спецыяльнасці маладыя людзі вывучаюць каля дзясятка розных спецпрадметаў. Напрыклад, будучыя металургі ўнікаюць у тэхналогію вытворчасці сталі і сплаваў каляровых металаў, вучацца разбірацца ў абсталяванні металургічнай і ліцейнай вытворчасці, электраабсталяванні металургічнай вытворчасці. Сярод дысцыплін спецыяльнага цыкла тэхнікаў-тэхнолагаў — асновы фізічнай хіміі, металазнаўства, металургічнай цеплатэхнікі, металургія чорных металаў, метады аналізу і кантроль якасці металургічнай прадукцыі. Некаторыя з іх вельмі аб’ёмныя, таму на іх вывучэнне патрабуецца некалькі гадоў. Ім папярэднічаюць такія прадметы агульнапрафесійнага цыкла, як, напрыклад, інжынерная графіка, тэхнічная механіка, матэрыялазнаўства і тэхналогія матэрыялаў, электратэхніка з асновамі электронікі, нармаванне дакладнасці тэхнічных вымярэнняў, стандартызацыя якасці прадукцыі, — знаёміць з асаблівасцямі вучэбнага працэсу намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Галіна Аве­рына.

Тэхнікі-механікі, унікаючы ў асновы металургіі, цеплатэхнікі, аўтаматызацыі металургічнай вытворчасці, многае даведваюцца аб усіх трох металургічных вытворчасцях: драцяна-канатнай, пракатнай і электрасталеліцейнай. Каб ра­забрацца ва ўсіх машынах і агрэгатах, электраабсталяванні металургічных прадпрыемстваў, навучэнцы вывучаюць гідраўлічныя і пнеўматычныя прывады, тэхналогію машынабудавання, метала­апрацоўчыя станкі і інструменты, пад’ёмна-транспартныя машыны, вучацца ажыццяўляць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт машын, агрэгатаў.

А вось тэхнікі-электронікі, перш чым паглыбіцца ў вывучэнне электронных сістэм праграмнага кіравання ў аўтаматызаванай вытворчасці, на 2 курсе асвойва­юць асновы вышэйшай матэматыкі. А потым ужо спасцігаюць тэарэтычныя асновы электратэхнікі, праграмаванне для аўтаматызаванага абсталявання, знаёмяцца з работай электрапрывада і аўтаматыкі, электрычных машын і апаратаў, лічбавай і мікрапрацэсарнай тэхнікі. А таксама вывучаюць прамысловую электроніку і мікраэлектроніку, тэхналагічнае абсталяванне і сродкі робататэхнікі, тэхналогію прамысловай вытворчасці, механіку прамысловых робатаў.

Ад тэорыі да практыкі

Практыка ў будучых спецыялістаў металургічнай галіны пачынаецца з 2 курса. У верасні — кастрычніку ў майстэрнях каледжа яны праходзяць слясарную практыку, а ў лютым — сакавіку іх чакае слясарна-механічная вучэбная практыка. На 3 курсе, з красавіка па ліпень, юнакі і дзяўчаты практыкуюцца на Беларускім металургічным заводзе, дзе ім прысвойваецца разрад рабочай спецыяльнасці.

Кожная спецыяльнасць прадугледжвае пералік розных рабочых прафесій. Сярод іх, напрыклад, вальцоўшчык 3-га разраду, аператар паста кіравання 4-га разраду, кантралёр вытворчасці чорных металаў, разьбяр трубазагатовак, лабарант-металограф, лабарант па фізіка-механічных выпрабаваннях, падручны сталявара, каўшавы, спецыя­ліст па вогнетрывалых матэрыялах, слесар-рамонтнік, слесар механазборачных работ, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, слесар-электрамантажнік па кантрольна-вымяральных прыборах, валачыльшчык дроту, награвальшчык металу.

Для атрымання некаторых прафесій трэба мець добрае здароўе. Напрыклад, быць сталяварам наканавана далёка не кожнаму жадаючаму, бо медкамісія на заводзе, якая дазваляе працаваць у гарачых цэхах, прад’яўляе сур’ёзныя патрабаванні да стану здароўя кожнага прэтэндэнта. У прыватнасці, гэта выдатныя слых і зрок, адсутнасць сардэчна-сасудзістых захворванняў, праблем са скурным покрывам.

— Па ініцыятыве дырэктара кале­джа Вячаслава Ліпаткіна з нядаўняга часу ў навучэнцаў з’явілася магчымасць ас­воіць падчас тэхналагічнай практыкі ў апошні год навучання другую рабочую прафесію або павысіць разрад па ўжо атрыманай, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Вышадко. — Таксама дзякуючы дамоўленасцям нашага дырэктара, значна пашырыўся пералік прадпрыемстваў, на якія навучэнцы адпраўляюцца, каб атрымаць першы вопыт работы. Цяпер гэта не толькі БМЗ, але і Інстытут парашковай металургіі, МТЗ, МАЗ, завод “Легмаш” прадпрыемствы “Бел­ОМА”, “СтанкаГомель” і “Інтэграл”. Да таго ж, праходзячы практыку на прадпрыемствах Мінска ці Оршы, будучыя выпускнікі ўжо атрымліваюць грошы за работу, што, вядома ж, дадае юным работнікам энтузіязму. Некаторыя дзяўчаты так добра сябе зарэкамендавалі на сталічных вытворчасцях, што пасля практыкі да нас прыйшлі ліс­ты з падзякай, а пасля выпускніцы туды працаўладкаваліся.

Заняткі для душы

У вольны ад вучобы час навучэнцы займаюцца вакалам, харэаграфіяй, тэатральным мастацтвам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. У каледжы ёсць свой тэатр моды “Элегія”, дзе дзяўчаты адшываюць калекцыі адзення, тэатральныя касцюмы, а таксама ствараюць дэкор для сцэны.

Каледж размяшчаецца ў чатырохпавярховым цагляным будынку, разлічаным больш чым на 700 навучэнцаў. Металургічныя спецыяльнасці юнакі і дзяўчаты асвойваюць у 30 вучэбных кабінетах і лабараторыях, 4 майстэрнях. Ёсць тут 3 камп’ютарныя класы, бібліятэка з чытальнай залай, пункт аховы здароўя, актавая зала, сталовая. А яшчэ трэнажорная, гімнастычная і танцавальная залы, пакой тэхнічнай творчасці, два рэпетыцыйныя пакоі, цір. Вольны час моладзь праводзіць у грамадска-бытавым корпусе.

У аб’яднанні па інтарэсах “Пад­рыхтоўка да ваеннай службы” зай­маюцца 15 юнакоў. Таксама маладыя людзі з задавальненнем наведваюць заняткі па псіхалогіі ў аб’яднанні па інтарэсах “Інь-Янь”, дзе вывуча­юць псіхалогію, спазнаюць сябе, разбіраюцца ў гендарных адносінах.

— Нашы творчыя навучэнцы часта выступаюць не толькі на сцэне каледжа, але і на гарадскіх святах, святочных пляцоўках Гомеля. У чатырох харэаграфічных аб’яднаннях па інтарэсах нямала хлопцаў, якія з задавальненнем асвойва­юць і сучасныя, і народныя танцы. Таксама юнакі і дзяўчаты актыўна наведваюць спартыўныя секцыі па валейболе, баскетболе, міні-футболе, лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, — удакладняе Галіна Аляксееўна. — Кожны месяц па адным з відаў спорту ў каледжы праходзіць унутраная спартакіяда, у якой прымаюць удзел усе вучэбныя групы. Затым лепшыя спартсмены прадстаўляюць каледж на раённай спартакіядзе і звычайна сярод сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі зай­маюць 1—2-е месцы.

Чатыры дзясяткі валанцёраў-актывістаў з задавальненнем прымаюць удзел у розных мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сярод іх “Цягнік Перамогі” і “Цягнік Памяці”, культурна-спартыўны фестываль “Вытокі”.

У рэспубліканскім творчым конкурсе “Арт-вакацыі” аматары творчасці пастаянна займаюць прызавыя месцы. Часта яны сярод лідараў і ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Профі-АРТ”.

Актыўныя ў вучобе, спорце і творчасці выпускнікі, па назіраннях педагогаў, набіраючыся вопыту на першым працоўным месцы, працягваюць вучыцца і завочна атрымліваюць вышэйшую адукацыю па выбраным профілі. Як правіла, яны паступаюць на скарочаны тэрмін навучання  ў БНТУ на машынабудаўнічы і механіка-тэхналагічны факультэты, а таксама ў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога. Атрыманая адукацыя пасля дапамагае даволі паспяхова расці па кар’ернай лесвіцы.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва каледжа