Святлана Каркоцкая падзялілася вопытам падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд па беларускай мове і літаратуры

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Святлана Пятроўна Каркоцкая працуе ў сярэдняй школе № 2 Талачына імя М.П.Лугоўскага, дзе рыхтуе алімпіяднікаў па беларускай мове і літаратуры. Настаўніцы даводзіцца быць вучням і псіхолагам, і сябрам, і амаль членам сям’і. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Я родам з вёскі, што за 5 км ад Талачына. Кажуць, дзе нара­дзіўся, там і зга­дзіўся, — нагадвае вядомае выслоўе су­размоўніца. — Дык вось гэта пра мяне. Запіс у працоўнай кніжцы сведчыць, што ў школе я працую 35 гадоў. Сюды я працаўладкавалася ў 1989 годзе пасля заканчэння філфака БДУ.

Калі шмат гадоў назад выпускніцы філалагічнага факультэта, прычым рускага аддзялення, прапанавалі паспрабаваць падчас дэкрэтнага водпуску калегі выкладаць беларускую мову і літаратуру, яна пага­дзілася. А потым зразумела, што няма нічога больш пастаяннага, чым штосьці часовае, і тую прапанову лічыць знакавай у сваім жыцці. Настаўніца прызнаецца, што вельмі любіць свой прадмет і прыгожую, мілую, душэўную беларускую мову. Гэтай любоўю з году ў год яна дзеліцца са сваімі вучнямі.

Сярод іх заўсёды знаходзяцца тыя, хто зацікаўліваецца мовай настолькі, што вырашае прыняць удзел у алімпіядным руху. Вучні Святланы Пятроўны становяцца прызёрамі і пераможцамі абласных алімпіяд, яшчэ часцей перамагаюць на раённым узроўні. У гэтым навучальным годзе яе вучаніца, дзевяцікласніца Дар’я Краўчанка, увайшла ў лік пераможцаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і атрымала дыплом III ступені. Гэтая перамога дае права школьніцы без уступных іспытаў паступіць у Ліцэй БДУ. Напэўна, гэтым правам дзяўчына скарыстаецца.

Дзелячыся сваім вопытам падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, Святлана Пятроўна рас­казвае:

— Да абласнога і тым больш рэспуб­ліканскага ўзроўню цяжка дайсці. Акрамя жадання настаўніка, трэба, каб сышліся разам яшчэ некалькі складнікаў. У першую чаргу важна адшукаць таленавітага вучня, абудзіць у ім цікавасць да роднай мовы, каб яго вочы свяціліся іскрынкамі дапытлівасці, каб яму хацелася працаваць літаральна дзень і ноч. Да таго ж поспех у пад­рыхтоўцы да алімпіяды часта залежыць ад працаздольнасці вучня, яго адказнасці і магчымасці аддавацца гэтай рабоце цалкам.

Ужо ў 5 класе настаўніца прымячае, хто на што здольны, практыкуе творчыя заданні.

— Пры вывучэнні творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў раблю ўпор на тыя моманты, на якіх можна засяродзіць увагу і развіць творчае ўяўленне вучняў, — тлумачыць педагог. — Звяртаю ўвагу на тых дзетак, якія даюць неардынарныя адказы на пытанні. Паступова, часам непрыметна для вучняў, пачынаю да­ваць тым, хто прадэманстраваў асаблівыя здольнасці, дадатковыя заданні. Напрыклад, пры вывучэнні грамадзянскай лірыкі ў творчасці розных аўтараў магу прапанаваць заданне з зорачкай, дзе патрабуецца скласці невялічкае сачыненне-разважанне або сачыненне-апісанне пра родны край. У некаторых выпадках вучні падстройваюцца пад стыль пісьменніка, а часам выходзяць за гэтыя межы і дэманструюць уласнае бачанне. Творчыя заданні даюцца з 5 класа, бо пад­рыхтоўка да ўдзелу ў алімпіядзе вя­дзецца па двух прадметах: і мове, і літаратуры. Алімпіяда складаецца з двух тураў. Першы — гэта напісанне водгуку на празаічны або паэтычны твор. За 4 гадзіны трэба напісаць водгук, у якім перадаць свае думкі і эмоцыі. Другі этап — гэта комплексная работа па фанетыцы, граматыцы, сінтаксісе і пунктуацыі. Таксама сюды ўваходзяць адно творчае пытанне, адно пытанне на веданне літаратурных твораў, у тым ліку для пазакласнага чытання, і адно — па тэорыі літаратуры.

Дар’ю Краўчанка і яшчэ некаторых яе аднакласніц педагог заўважыла, калі яны вучыліся ў 5 класе. Дар’я з ахвотай выконвала творчыя заданні, бралася за дадатковыя. Напрыклад, самастойна складала слоўнікавы дыктант і прапаноўвала яго вучням, падбірала апорныя словы па пэўнай тэме. Выкананне такіх заданняў узбагачала яе слоўнікавы запас, як і чытанне кніг.

Актыўна практыкавацца ў напісанні водгукаў Даша пачала з 7 класа. Увогуле, у той час дзяўчынка аднолькава захапілася як беларускай мовай, так і біялогіяй, выступала на раённых алімпіядах па абодвух прадметах. Па словах настаўніцы, гэта той выпадак, калі таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, бо яе вучаніца — выдатніца. Сярэдні бал выпускніцы 9 класа, якая паспела, акрамя іншага, паўдзельнічаць у тэлевізійнай гульні “Я ведаю”, — 9,9.

Яшчэ нейкі час Дар’я вагалася, у якім кірунку ёй развівацца далей. Але ўсё ж такі аддала перавагу роднай мове. Чаму? Як мяркуе настаўніца, мабыць, у яе атрымалася не толькі запаліць агеньчык цікавасці ў вачах Дар’і, але і ўсяліць у яе на­дзею на перамогу. Ужо тады было відавочна, што ў дзяўчынкі ёсць усе шансы ў 8 класе паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе за 9 клас. Так і адбылося. На жаль, год назад дыплом прызёра на апошнім этапе алімпіяды школьніца не атрымала, але набыла неабходны вопыт і з яшчэ большым энтузіязмам і ўпартасцю ўзялася за работу.

— Дарэчы, у Дар’і Краўчанка лепш за ўсё атрымліваюцца водгукі на творы філасофскай тэматыкі, — заўважае Святлана Пятроўна, якая можа расказваць пра сваю вучаніцу гадзінамі. — Памятаю, яе першыя творчыя работы, як і ў многіх падлеткаў, былі ў шэрых, змрочных колерах. Але паступова, пад канец 7 класа і ў пачатку 8-га жыццё для Дашы заззяла яркімі адценнямі. Шматколернасць яна ўбачыла не толькі ў навакольным асяроддзі, але і ў беларускіх творах. Яна заўсёды многа чытала. Гэта і праграмныя творы, і творы для пазакласнага чытання. У пачатку 9 класа Дар’я ўжо адолела праграму 11 класа па літаратуры. Сёння ў свае 15 гадоў без багатага практычнага вопыту за плячыма яна паказвае неверагодную глыбіню ведання жыцця. У яе водгуках шмат філасофіі. Дыяпазон яе поглядаў на рэаліі сучаснага жыцця і гісторыю вельмі шырокі і неардынарны. Калі чытаеш Дашыны сачыненні, здаецца, піша чалавек, у якога за плячыма шмат жыццёвых падзей і перажыванняў. Гэтую магчымасць ёй дае яе вялікасць кніга. Калі пісьменнік зацікавіў Дашу, яна выходзіць за межы праграмы. На гэта ў яе заўсёды хапае часу. Усё прачытанае яна прапускае праз сябе. Напрыклад, яе захап­ляюць творы, звязаныя з праблемамі экалогіі, і ў сваіх водгуках яна не толькі ўзнімае вострыя пытанні, але і прапаноўвае іх рашэнні.

Дзяўчына заўсёды дэманстравала неверагодную працаздольнасць і ўчэпіс­тасць. Як гаворыць Святлана Каркоцкая, гэта той вучань, які ставіць перад сабой мэту і робіць усё для яе дасягнення. У яе ніколі не было пачуцця насычанасці. Маўляў, я стамілася, на сёння хопіць. Не. Здаецца, калі можна было б, яна сядзела і вучылася б без сну. А працаздольнасць настаўніка і вучня ў падрыхтоўцы да алімпіяды адыгрывае вялікую ролю. Як і пачуццё адказнасці.

У традыцыйны дзень алімпіядніка пераможцаў раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў віншуюць перад усімі вучнямі школы, узнагароджваюць дыпломамі, прэміямі. Падзячныя лісты атрымліваюць і іх бацькі. На такой сустрэчы ў гэтым годзе Дар’я Краўчанка звярнулася да сваёй настаўніцы: “Святлана Пятроўна, не хопіць слоў, каб аддзячыць вам за вашу працу!”

— У актыўны перыяд падрыхтоўкі да алімпіяды мы выходзілі са школы а сямнаццатай гадзіне, сустракаліся па суботах, — адзначае настаўніца. — А дома падрыхтоўка працягвалася. Дар’я магла патэлефанаваць у дзесяць гадзін вечара з нейкім пытаннем, і мы пачыналі разбі­раць яго. Памятаю, у той дзень, калі Даша ўвечары павінна была ехаць на рэспуб­ліканскі этап алімпіяды, першую частку дня мы яшчэ выконвалі з ёй алімпіядныя заданні анлайн. А з сабой яна везла сумку з дзясяткам сшыткаў-дапаможнікаў, якія выкарыстоўвае ў падрыхтоўцы, бо ёй трэба іх прагартаць, усё паўтарыць.

За той час, што настаўніца і вучаніца праводзяць разам, паміж імі ўзніклі поўнае паразуменне і давер. У адносінах Святланы Каркоцкай і Дар’і Краўчанка гэта праяўляецца ў тым, што яны заўсёды на сувязі. Даша ведае, што можа патэлефанаваць педагогу ў любы час і па любым пытанні і што заўсёды пачуе адказ, а калі трэба — і словы падтрымкі.

— У першую чаргу матывацыя рыхтавацца да алімпіяды і перамагаць ідзе ад настаўніка, — гаворыць Дар’я Краўчанка. — Я схільная да перфекцыянізму, і таму часта для мяне не існуе меж дасканаласці, а Святлана Пятроўна, каб супакоіць мяне, зняць нейкае напружанне, гаворыць, што я многае зрабіла, упарта працую і шмат чаго ўжо ведаю. Яна падкрэслівае: калі ёсць напрацаваная база, трэба калі-нікалі даваць сабе адпачынак. Гэтыя словы адначасова і супакойваюць, і ўсяляюць упэўненасць у сваіх сілах.

Святлана Пятроўна добра ведае, што кожны яе вучань асаблівы, са сваім характарам, меркаваннем, да кожнага патрэбны свой падыход. Для некаторых дзяцей саперніцтва ў групе падчас падрыхтоўкі да іспытаў, алімпіяд, спаборніцтваў ідзе на карысць, а некаторым, наадварот, можа на­шкодзіць, таму з такімі адзіночкамі лепш займацца індывідуальна.

— Для вучняў падрыхтоўка да алімпіяды — цяжая праца. Бывае, яны рэагуюць востра, эмацыянальна. Настаўніку часам даводзіцца быць і псіхолагам, і сябрам, і амаль членам сям’і, — гаворыць суразмоўніца. — Ведаючы псіхалогію сваіх навучэнцаў, стараюся да кожнага знайсці падыход, падабраць тое трапнае слоўца, якое супакоіць, настроіць на добры лад. Часта дапамагае нейкі прыклад з жыцця.

Напрыканцы сустрэчы педагог па­дзялілася сваім педагагічным крэда:

Іншы раз, калі грызуць сумненні,

Гляну на дзяцей — і стане мне лягчэй,

Бо ніякім словам не заменіш

Шчырасць непадкупную вачэй.

 Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара