У каледжах Беларусі працуюць над адкрыццём новых спецыяльнасцей сумесна з заказчыкамі кадраў і міністэрствамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Штогод адны спецыяльнасці закрываюцца, а другія, запатрабаваныя эканомікай, аднаўляюцца. Да таго ж адкрываюцца і зусім новыя для Беларусі спецыяльнасці. Іх адкрыццю папярэднічае маштабная работа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і профільнымі міністэрствамі. Ініцыятарам адкрыцця новай спецыяльнасці можа выступіць як установа адукацыі, так і заказчык кадраў. І тут ужо адбываецца сумесная работа: мы вызначаем назву спецыяльнасці, яе змест і ўносім у нарматыўна-прававыя акты, такія як класіфікатар і іншыя, — паведаміла першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Юлія Сычова.
У сваю чаргу дырэктар Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі А.Л.Паўлючонак нагадала, што ў Мінску функцыянуюць 52 установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з іх 24 каледжы камунальнай формы ўласнасці, у тым ліку 19 падпарадкаваных непасрэдна камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама. Сёлета на ўзровень ПТА сталічныя каледжы плануюць прыняць больш як 4,2 тысячы навучэнцаў (амаль 3,3 тысячы выпускнікоў 9-х класаў і 874 — 11-х класаў).
Дарэчы, штогод пераглядаецца кваліфікацыйная структура прафесійнай падрыхтоўкі ў Мінску. Сёлета на ўзроўні ПТА плануецца ажыццяўляць набор па 49 спецыяльнасцях, якія ўключаюць у сябе 113 кваліфікацый па пяці профілях адукацыі: “Мастацтва і гуманітарныя навукі”, “Бізнес-кіраванне і права”, “Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны”, “Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя”, “Службы”.
— З гэтага года пачнецца падрыхтоўка па трох новых для Мінска кваліфікацыях: “машыніст рэзальных машын” — на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа паліграфіі імя В.З.Харужай, “наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў” — у Мінскім дзяржаўным каледжы тэхналогій машынабудавання і “буфетчык” — у Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы. Да таго ж навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця будзем рыхтаваць па дзвюх кваліфікацыях: “фларыст” — на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі і “садавод” — у Мінскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва, — праінфармавала Аляксандра Леанідаўна.
На ўзроўні ССА ў сталіцы можна атрымаць 41 спецыяльнасць, якія ўключаюць 41 кваліфікацыю па васьмі профілях адукацыі. У гэтым годзе пачнуць падрыхтоўку па такіх новых спецыяльнасцях, як “Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі” з прысваеннем кваліфікацыі “вымяральнік электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі” і “Тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці” з кваліфікацыяй “тэхнік-мехатронік” — у Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, “Маркетынгавая дзейнасць” — у Мінскім каледжы гандлю і камерцыі, “Навучанне фізічнай культуры” — у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, “Дызайн (графічны)” — у Мінскім дзяржаўным каледжы індустрыі і моды.
— З году ў год мэтавая падрыхтоўка набірае абароты і ў сталіцы. Сёлета яна прадугледжвае 587 месцаў на ўзроўні ПТА, што на 232 месцы больш, чым у мінулым годзе. Заяўкі паступілі ад 63 заказчыкаў кадраў — прадпрыемстваў і арганізацый Мінска. На ўзроўні ССА заяўлена 203 мэтавыя месцы, з іх 90 адведзена на педагагічныя спецыяльнасці, — паведаміла дырэктар Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра прафадукацыі.
А яшчэ яна звярнула ўвагу на інтэрнэт-сэрвіс “Абітурыент Мінск”, створаны па ініцыятыве камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Яго мэта — інфармацыйная падтрымка прыёмнай кампаніі бягучага года.
— З дапамогай гэтага сэрвісу можна азнаёміцца з 19 мінскімі каледжамі і іх спецыяльнасцямі і кваліфікацыямі, асаблівасцямі ўступнай кампаніі — 2024, а таксама даведацца пра самыя актуальныя прафесіі на рынку працы і аб прахадных балах мінулага года, прайсці прафарыентацыйны тэст, вызначыцца з установай адукацыі і ацаніць свае шансы на паступленне, — расказала А.Л.Паўлючонак.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара