Плануючы летнюю аздараўленчую кампанію, педагогі Чэрвеньскага раёна паставілі перад сабой дакладную задачу: канікулы ў дзяцей павінны быць запамінальнымі і цікавымі. Што для гэтага трэба? У кожнай установе адукацыі — уласная формула. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Са школы — у космас
Рашэнне выбраць Чэрвеньскі раён для чарговага прэс-туру было цалкам зразумелым. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская зацікаўлена ў тым, каб вопыт яе калег трансліраваўся іншым педагогам, таму часта прапаноўвае тэмы для напісання артыкулаў у профільным выданні. Гэтым разам нагод для сустрэчы з журналістамі ў раёне было некалькі. Ірына Мікалаеўна расказала, што ў сярэдняй школе № 2 Чэрвеня, якую скончыў беларускі касманаўт Алег Навіцкі, ужо амаль зрабілі бягучы рамонт. З новага навучальнага года тут пачне працаваць музей касманаўтыкі: работа над ім таксама падыходзіць да завяршэння. Акрамя гэтага, у навучальнай установе адкрыецца дэфекталагічны кабінет, дзе змогуць займацца дзеці з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Для яго функцыянавання ўжо закупілі неабходнае абсталяванне і мэблю. Наступны крок — афарбоўка сцен: для дзяцей з аўтызмам важна выбраць спрыяльную колеравую гаму, якая дапамагае супакоіцца і не раздражняе вока.
“Кабінета для такіх выхаванцаў у нас яшчэ не было, — расказвае Ірына Змачынская. — У ім будзе аказвацца дапамога дзеткам з усяго раёна. Што датычыцца знешняга аблічча школы, то сёння ўжо завершана афармленне адной сцяны — на ёй намаляваны планеты. Такім жа чынам будзе пафарбавана яшчэ адна. На трэцім паверсе размесціцца музей касманаўтыкі. Плануецца, што ён стане не проста пляцоўкай для навучання, дзе можна праводзіць пэўныя заняткі, але і будзе прасторай для выхавання нашых дзяцей”.
Рабочы “Рытм”
Навучэнцы гімназіі № 1 Чэрвеня імя У.А.Караля з усіх форм арганізацыі летніх канікул аддаюць перавагу лагеру працы і адпачынку.
На мінулым тыдні тут пачаў працаваць такі летнік пад назвай “Рытм”. Дырэктар установы Сяргей Суша расказаў, што яго наведваюць 20 вучняў, якія падзелены на тры атрады. Кожны з іх выконвае пэўны від работ, а які іменна — залежыць ад арганізацыі, з якой ва ўстанове заключаны дагаворы: гэтым летам іх тры.
“Тыя, хто заключыў дагавор з райаграсэрвісам, працуюць на праполцы сельскагаспадарчых культур, а таксама на зернесушыльным камбінаце, — растлумачыў Сяргей Іванавіч. — Другі атрад накіроўваецца на зборку буякоў, а трэці замацаваны за прадпрыемствам, якое вырабляе паліўныя брыкеты. Хлопцы фасуюць іх па пакетах і рыхтуюць для транспарціроўкі”.
Як таго і патрабуе заканадаўства, на работах вучні, якім ужо споўнілася 14 гадоў, знаходзяцца чатыры гадзіны ў дзень. Пасля гэтага яны вяртаюцца ў гімназію на абед, адпачываюць і прымаюць удзел у дадатковых мерапрыемствах.
“Лагер такога профілю дазваляе дзецям зарабіць уласныя грошы, і ім гэта даспадобы, — дадае дырэктар гімназіі. — Што датычыцца дадатковай праграмы адпачынку, то яна ў нас рознабаковая, кожны педагог імкнецца прыдумаць нешта цікавае”.
На работах дзецям таксама няма калі сумаваць. Так, група хлопчыкаў пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры Аляксандра Іванавіча Балоціна занята на зернесушыльным комплексе.
“Чатыры навучэнцы працуюць з ячменем і рапсам, якія паступаюць на комплекс, і яшчэ чатыры замацаваны за будаўнічай брыгадай. Там яны выконваюць ролю падсобных рабочых, складваюць дошкі, дапамагаюць наводзіць парадак у будаўнічых матэрыялах, — растумачыў сутнасць работы А.Балоцін. — Сочыць за імі і кіруе працэсам назначаны майстар. Плануем, што за час змены мая каманда не толькі заробіць грошы, але і адпачне. Распарадак дня пабудаваны такім чынам, што вучні сумяшчаюць карыснае з прыемным. Як толькі скончым работу, паедзем у гімназію і будзем там праводзіць астатні час”.
Настаўнік фізкультуры прызнаўся, што яму вельмі падабаецца спорт і прыемна, што вучні таксама яго любяць: лета спрыяе таму, каб удзяляць гэтаму карыснаму захапленню яшчэ больш часу.
“Калі вяртаемся ў гімназію, ідзём на абед, а пасля збіраемся ў каманды і ганяем мяч, — адзначае настаўнік фізкультуры. — Радуе, што вучняў не трэба прымушаць да гэтага”.
“Голас. Верас”
У загарадным аздараўленчым лагеры “Верас” падыходзіць да завяршэння другая змена, падчас якой аздараўляюцца 75 дзяцей.
Плануючы арганізацыю адпачынку навучэнцаў, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з кадрамі. Для кіраўніка важна, каб са школьнікамі працавалі зацікаўленыя педагогі, якія ўмеюць знаходзіць з дзецьмі агульную мову. Начальнік упэўнена: маладым спецыялістам гэта ўдаецца лепш за ўсё. Сакрэту тут ніякага няма. Дзякуючы не вельмі вялікай розніцы ва ўзросце, навучэнцы хутка збліжаюцца са сваімі важатымі, давяраюць ім, а значыць, любая праблема, калі яна ўзнікае, вырашаецца імгненна і без наступстваў.
“Сёлета з нашымі выхаванцамі працуюць удзельнікі студэнцкага атрада “Полымя”, — расказвае дырэктар лагера Валерый Захараў. — У яго склад уваходзяць маладыя спецыялісты Чэрвеньскага раёна. Прыемна, што сярод іх ёсць тыя, хто прыязджае ў лагер не першы год”.
У ліку такіх настаўнікаў — старшая выхавальніца настаўніца англійскай мовы сярэдняй № 2 Чэрвеня імя А.К.Флегантава Кацярына Замковіч, якая ўжо пятае лета выконвае ў “Верасе” ролю важатай. Дзяўчыне, дарэчы, ёсць з каго браць прыклад: Валерый Васільевіч кіруе лагерам 11 гадоў, а пачынаў калісьці з пасады выхавальніка.
“Мне вельмі падабаецца прыязджаць сюды, — дзеліцца К.Замковіч. — І справа не толькі ў атмасферы, якая тут пануе. У лагер вяртаюцца многія дзеці, з якімі мы сустракаліся ў мінулыя гады. Так, летась развіталіся з тымі, хто праводзіў канікулы ў “Верасе” пяць гадоў запар і вырас на маіх вачах”.
Змена, на якой працуе настаўніца англійскай мовы, называецца “Шчыт Айчыны”. Па словах педагога, яна прадугледжвае вялікую колькасць мерапрыемстваў, накіраваных на выхаванне патрыятызму, а таксама прысвечана значнай гістарычнай падзеі — 80-годдзю з дня вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
“Мы праводзілі квест-гульню па вывучэнні роднага краю, вусны часопіс “Іх імёнамі названы вуліцы Чэрвеньшчыны”, арганізоўвалі конкурс малюнкаў “Краіна, у якой я жыву”, — пералічвае старшая выхавальніца. — Таксама мы наведалі мемарыяльны комплекс “Папова града” і брацкія пахаванні”.
Вучні прымаюць удзел у многіх мерапрыемствах, некаторыя з якіх ужо сталі для іх любімымі. Так, конкурс “Голас. Дзеці” — гэта творчая пляцоўка для развіцця вакальных, паэтычных і харэаграфічных здольнасцей, а “Містар Верас” і “Міс Верас” вызначаюць найбольш амбіцыйных, смелых і крэатыўных удзельнікаў лагернай змены.
“Усё гэта праводзіць наш студатрад, — тлумачыць Кацярына Сяргееўна. — Але і ў атрадах для выхаванцаў арганізоўваюцца асобныя праграмы. Калі надвор’е дрэннае і не дазваляе выйсці на вуліцу, школьнікі гуляюць у настольныя гульні, малююць ці проста размаўляюць адно з адным. Прыемна назіраць, як яны вучацца камунікаваць, будаваць зносіны. Я ўпэўнена, што загарадны аздараўленчы лагер павінен здарыцца хаця б аднойчы ў жыцці як дзіцяці, так і настаўніка. Тут можна атрымаць тыя эмоцыі, якія дапамагаюць у рабоце на працягу ўсяго навучальнага года”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА