Больш за 30 спецыяльнасцей будаўнічай галіны прапаноўваюць абітурыентам установы прафадукацыі сталіцы

- 15:00Абитуриент, Образование

Такой разнастайнасці спецыяльнасцей пры фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы ПТА і ССА паспрыяла ўзмацненне сувязей з будаўнічымі прадпрыемствамі і арганізацыямі Мінска, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі заказчыкамі кадраў. Аб гэтым карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала загадчык сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена Чарных.

У час сумесных нарад вывучаецца рынак працы, спектр новых спецыяльнасцей, якія запатрабаваны работадаўцамі, фарміруецца змест навучання, абнаўляецца вучэбна-матэрыяльная база.

Нядаўна адбылася сустрэча кіраўнікоў сталічнай адукацыі з прадстаўнікамі «Мінскбуда», дзе былі агучаны запыты вытворцаў, абмеркаваны ўмовы практыкі для навучэнцаў на будаўнічых аб’ектах, а таксама іх далейшае працаўладкаванне.

Будаўнічая галіна імкліва развіваецца, укараняюцца новыя тэхналогіі, і мы павінны рухацца наперад з гэтай сферай ва ўнісон, аператыўна рэгуляваць лічбы прыёму на адпаведныя спецыяльнасці, уводзіць новыя кваліфікацыі, —адзначыла А. Чарных. — Быў праведзены шэраг прафарыентацыйных мерапрыемстваў, сумесных з заказчыкамі кадраў па ўсіх профілях падрыхтоўкі, у тым ліку ярмаркі, дні адкрытых дзвярэй, сустрэчы на прадпрыемствах. Створаны сайт abiturient.by, дзе ўсе навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі прадстаўляюць сваю дзейнасць.

Пры сёлетнім фарміраванні лічбаў прыему вялікая ўвага ўдзелена стварэнню адпаведных умоў для навучання падлеткаў з асаблівасцямі ў развіцці. Для іх адкрыта новая спецыяльнасць «Фларыст» на базе Мінскага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі. Каледж вядзе прыём такіх падлеткаў і па спецыяльнасці «Тынкоўшчык-маляр».

У цэлым сёлета ў каледжы сталіцы будзе прынята 48 чалавек з асаблівасцямі. А агульная колькасць навучэнцаў, што плануецца набраць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, складзе 4 242 чалавекі, у тым ліку пасля 9 классаў — 3 285; пасля 11 класаў — 874 чалавекі, на завочнае навучанне — 35. Падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца па 49 спецыяльнасцях, якія ўключаюць у сябе 113 кваліфікацый па 5 профілях адукацыі. Сярод іх «Мастацтва і гуманітарныя навукі», «Бізнес, кіраванне і права», «Інжынерная, апрацоўчая і будаўнічая галіны», «Сельская, лясная, рыбная гаспадарка і ветэрынарыя», «Службы». Самым значным з’яўляецца будаўнічы профіль, куды ўваходзяць 32 спецыяльнасці і 83 кваліфікацыі.

Фота з архіва рэдакцыі выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Інтэграцыя кваліфікацый сёлета набывае новыя формы, што дазваляе ў поўнай меры задаволіць патрэбы рынку працы, сацыяльна абараніць выпускніка навучальнай установы ў перыяд працаўладкавання. Як правіла, такая інтэграцыя падмацавана дагаворамі, заяўкамі на падрыхтоўку, улічвае вынікі працаўладкавання мінулых гадоў. Так, у Мінскім каледжы тэхналогій камунальнай гаспадаркі і транспартнага абслугоўвання інтэгруюцца кваліфікацыі «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі «А», «вадзіцель пагрузчыка», «машыніст экскаватара», «слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактараў».

З 1 верасня гэтага года будзе распачата прафесійная падрыхтоўка па трох новых для Мінска кваліфікацыях. Гэта «машыніст рэзальных машын» у Мінскім каледжы паліграфіі імя В.З. Харужай, «наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў» у Мінскім дзяржаўным каледжы тэхналогій машынабудавання, «буфетчык» — у Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы.

Падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе ажыццяўляцца ў гэтым годзе па 41 спецыяльнасці і 41 кваліфікацыі па 8 профілях: «Педагогіка», «Мастацтва і гуманітарныя навукі», «Сацыяльныя навукі, журналістыка і інфармацыя», «Бізнес, кіраванне і права», «Інфармацыйна-камунікацыйныя навукі», «Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны», «Ахова здароўя і сацыяльная абарона», «Службы». І на гэтым узроўні лідзіруюць таксама «Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны», для якіх будзе весціся падрыхтоўка па 20 спецыяльнасцях.

Новай для Мінска і для ўсёй краіны стане кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй «вымяральнік электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі» 5-га разраду для асоб з парушэннем слыху ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій. Будуць рыхтаваць і па такіх новых спецыяльнасцях, як  «Тэхнічная эксплуатацыя мехатронных сістэм электроннай вытворчасці» з прысваеннем кваліфікацыі «тэхнік-мехатронік» у Мінскім каледжы лічбавых тэхналогій, «Маркетынгавая дзейнасць» у Мінскім дзяржаўным каледжы гандлю і камерцыі, «Навучанне фізічнай культуры» ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы і «Дызайн» у Мінскім каледжы індустрыі моды.

Ала КЛЮЙКО
Фота аўтара