Сямейны падыход: выпускнікі ВДУ імя П.М. Машэрава вынікова і творча працуюць у адной установе адукацыі

- 13:30Учительский дуэт

Адразу два яркія педагагічныя дуэты — сем’і Зайцавых і Бандарэнка — Любчанка з гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава — у цэнтры ўвагі карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пераемнасць

— Актуальнае пытанне: чым кіраваліся пры выбары прафесіі і ўніверсітэта?

Сяргей Зайцаў. Сярод нашых з жонкай родных ёсць людзі, звязаныя са сферай адукацыі, аднак на прафесійны выбар нас матывавалі ў першую чаргу школьныя настаўнікі. Я скончыў сярэднюю школу № 2 Віцебска з паглыбленым вывучэннем матэматыкі, мая настаўніца матэматыкі і класны кіраўнік Галіна Сяргееўна Сарокіна, настаўніца фізікі Наталля Мікалаеўна Іванова, можна ска­заць, легенды ў сваіх адукацыйных напрамках. Таму ў вучняў фарміраваліся адпаведнае стаўленне да гэтых прадметаў і глыбокія веды. Як пераможцу заключнага этапу Рэс­публіканскай алімпіяды па матэматыцы мяне без экзаменаў узялі ў наш Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава (цяпер ВДУ імя П.М.Машэрава). Пасля ўніверсітэта застаўся ў Віцебску: з 1997-га працаваў у сярэдняй школе № 41, з 2009-га — у гімназіі № 1.

Іна і Сяргей Зайцавы з сынам Міхаілам

Іна Зайцава. Нашы з мужам шляхі пераклікаюцца. Праўда, я родам з Пастаўшчыны. Шчыра прызнацца, з маленства не марыла стаць настаўніцай. Але мне пашчасціла вучыцца ў такіх выдатных педагогаў, як Даната Аляксандраўна Жолнер, Вольга Іванаўна Субач, наш класны кіраўнік Леанід Мікалаевіч Трубач. Нават не магу вызначыць дакладна, калі ў школьныя гады захапленне настаўнікамі перарасло ў жаданне выбраць педагагічную прафесію, аднак у выпускным класе прыняла гэтае рашэнне. З прадметаў мне найбольш лёгка давалася матэматыка, таму і падала дакументы на матэматычны факультэт. У Віцебск, бо горад падабаўся.

Па заканчэнні ўніверсітэта мяне размеркавалі ў сярэднюю школу № 6 Віцебска. У гімназію № 1 спачатку паступіў наш сын, а за ім і муж перавёўся на працу. Што мне заставалася? Толькі ўслед за ім!

Андрэй Бандарэнка. Калі казаць коратка, у мяне была падобная матывацыя і паступіў я на той жа факультэт. Між іншым з уласнага вопыту засведчу, што цяперашнія фарматы ЦТ і ЦЭ дазваляюць больш аб’ектыўна праверыць веды. З білетам на экзамене можа элементарна пашанцаваць або не, межы кантролю ведаў вузейшыя… Хаця да студэнтаў-лайдакоў мяне наўрад ці можна аднесці: універсітэт заканчваў у ліку лепшых на патоку. Адпаведна, размеркаванне атрымаў добрае, адразу ў гімназію № 1.

Святлана Любчанка. Віцебская сярэдняя школа № 1 (цяпер гімназія № 3 імя А.С.Пушкіна), дзе я вучылася, была з музычным ухілам. Удзячна ўсім маім настаўнікам, хто не толькі даваў нам веды, але і карпатліва прывіваў імкненне да творчасці, адказнасць, уменне бачыць прыгожае і знаходзіць нестандартныя рашэнні. Нам хацелася вырасці падобнымі да іх. Так склалася, што больш за музыку мяне прыцягвала гучанне замежнай мовы. Вельмі ўзрадавалася, калі ў Віцебску адкрылася новая спе­цыяльнасць і там пачалі рыхтаваць настаўнікаў англійскай і нямецкай моў. На 4 курсе прыйшла на практыку ў гімназію № 1, на 5-м мяне запрасілі сюды на працу, якую сумяшчала з вучобай. Тут і заста­лася.

У другім пакаленні

— Сямейная пераемнасць, па ўсім бачна, замацавалася ў дзецях?

Святлана Любчанка. Тое, што сын Ігар па ўласным жаданні пайшоў вучыцца ў фізіка-матэматычны клас, — факт, хаця ўвогуле ў яго з дзяцінства рознабаковыя захапленні… Пад кіраўніцтвам нашага калегі, кандыдата фізіка-матэматычных навук, нас­таўніка-метадыста Аляксанд­ра Яўгенавіча Гелясіна ён спрабуе сілы ў даследчай дзейнасці. У прыватнасці, двойчы станавіўся пераможцам абласной канферэнцыі работ даследчага характару “Эўрыка”. Наперадзе выпускны год, таму значны час у сына займае падрыхтоўка да цэнтралізаваных экзаменаў.

Іна Зайцава. Не ведаю, ці пойдзе сын Міхаіл у нашу прафесію. Мы лічым, што ён павінен сам вызначыцца і прыняць рашэнне, год на гэта ёсць. Тым не менш профіль ён выбраў фізіка-матэматычны. Акрамя таго, стаў алімпіяднікам у другім пакаленні, як бацька. Займаецца ў заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Веранікі Лакціной і два гады запар з’яўляецца пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы.

Матывацыя

У кожнага з вас выпускнікі з зайздросным пастаянствам атрымліваюць 100-бальныя сертыфікаты па выніках цэнтралізаваных іспытаў, вучні перамагаюць на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, ды і пераможцаў заключ­нага этапу сярод іх нямала. Падзяліцеся сакрэтамі пас­пяховай падрыхтоўкі.

Святлана Любчанка і Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка. Няма сакрэтаў. Сістэмная работа, асабісты прыклад, узаемная павага. Захапленне прафесіяй павінна быць найперш у настаўніка, інакш што ён перадасць дзецям? У вучняў стараюся развіваць логіку. Калі штосьці можна вывесці, а не вывучыць, — гэта, канечне, з’яўляецца пераважным. Але нешта даводзіцца і вучыць, бо ў фізіцы многа эмпірычна атрыманых даных, іх неабходна зразумець і запомніць. Затое яна дае магчымасць эксперымента­ваць, глыбока разумець навакольны свет: я для сябе пастаянна адкрываю штосьці новае з таго часу, як пачаў выкладаць прадмет. Таксама фізіка выхоўвае адказнае стаўленне да вучэбнага матэрыялу, якое пераносіцца на іншыя прадметы, у цэлым на асобу вучня. Гэта падобна да пірамідкі: элемент выцягнуў, і ўсё абрынулася. Неабходны моц­ны ўнутраны стрыжань, каб дасягнуць выніку. Вывучэнне фізікі дапамагае гэты стрыжань фарміраваць. Што да настаўніцкай дзейнасці, то ў мяне, нягледзячы на наяўнасць вопыту і ўласных метадычных напрацовак, пад­рыхтоўка да заняткаў дагэтуль займае многа часу. Калі размова пра высокаматываваных дзяцей, то магу і ў тры га­дзіны ночы ся­дзець, рыхтавацца. Як настаўнік не маю права расчараваць вучня.

Святлана Любчанка. Урокі замежнай мовы маюць магутны выхаваўчы і развіццёвы патэнцыял. Граматыка патрабуе дакладнасці ведаў, яснасці, лагічнас­ці. У працэсе вуснага маўлення немагчыма без творчага падыходу. Люблю, калі пры абмеркаванні пэўнай тэмы з падачы вучня ў размове ўзнікае нечаканы паварот і мы можам паразважаць, часам паспрачацца. Вучні сапраўды класныя, у іх мора цікавых ідэй, пазітыўных эмоцый, якімі яны з задавальненнем дзеляцца. На ўроку для мяне больш каштоўнае за ўзровень ведаў менавіта іх развіццё, уменне прымяняць веды на практыцы. Тады і ўзровень вучняў будзе павышацца. Сярод сёлетніх маіх выпускнікоў тры стабальнікі. Думаю, гэта пераканаўчае пацвярджэнне эфектыўнасці маёй методыкі.

Важна, каб кожны ў класе адчуваў сябе паспяховай асобай. Нельга гэтую асобу дарэмна пакрыўдзіць, абсалютна недапушчальна прынізіць. Размова не толькі пра ўзаемаадносіны настаўніка з вучнем, небяспека тут хаваецца глыбей: усе астатнія вучні назіраюць і запамінаюць, бяруць з нас прыклад!

Іна Зайцава. Нашы дзеці імкнуцца быць зоркамі, а вопытны настаўнік можа ства­рыць умовы на ўроку, каб магчы­масці станоўча праявіць сябе атрымаў кожны. Высокая матывацыя не з’яўляецца раптоўна ў старшых класах, мы яе разам з калегамі фарміруем паступова. І замацоўваем яе ў тым ліку праз даследчую дзейнасць, удзел у алімпіядах, іншых мерапрыемствах конкурснага характару. Напрыклад, у турніры юных матэматыкаў мае вучні перамагалі ў Віцебску на вобласці ў малодшай лізе і ў Мінску на адкрытым гарадскім турніры для 5—7 класаў. Дзеці любяць разважаць. Хтосьці можа выказацца: “Навошта мы вучым сінусы? У жыцці нам гэта не спатрэбіцца!” Тут жа яму з розных бакоў адгукаюцца аднакласнікі: “Што ты кажаш?! Формулы трыганаметрыі патрэбны табе для таго, каб арыентавацца ў вялікай колькасці інфармацыі, умець яе выбіраць, выкарыстоўваць так, як табе гэта выгадна. Каб шукаць аптымальнае і самае простае рашэнне. Ты вучышся, развіваеш сваю логіку і так рыхтуешся да жыцця!”

Сяргей Зайцаў. Наша асноўная задача — зацікавіць дзяцей прадметам, навучыць і матываваць іх рыхтавацца, забяспечыць правільнае суправаджэнне. Тады яны будуць здольныя дасягнуць пэўных поспехаў. Пераважная большасць вучняў з хіміка-біялагічнага класа, напрыклад, успрымае матэматыку з пункту погляду не столькі формул, колькі пазнання свету. І заняткі мы будуем такім чынам, каб ім было цікава. Вучань на ўроку павінен адк­рыць для сябе нешта новае.

Іна Зайцава: Галоўныя вынікі бацькоўскай і настаўніцкай працы адкладзены ў часе: сёння-заўтра іх, як правіла, не ўбачыш. Але потым наступае момант, калі радасна разумееш: дык вось яно! Гэтым мы жывём і дзеля гэтага працуем.

Вучыце фізіку!

— Што ў нашы дні для нас­таўніка з’яўляецца больш важным: умець з крэйдай ля дошкі растлумачыць тэму ці валодаць сучаснымі тэхналогіямі?

Сяргей Зайцаў. На мой пог­ляд, галоўнае — данесці да вучняў інфармацыю. Якім чынам — залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Бясспрэчна, сучасныя тэхналогіі неабходныя, у тым ліку калі трэба паказаць эксперымент, які нерэальна правесці на ўроку. У нашым распараджэнні выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, аднак з адронным калайдарам і яго аналагамі мы можам наглядна азнаёміць вучняў толькі па відэа або фота. А яшчэ дапамагчы атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, што вельмі матывуе дзяцей. Дарэчы, адна з маіх выпускніц-алімпіядніц якраз выбрала навуковым напрамкам фізіку часціц. Яна падзялілася пасля эксперыментаў у расійскай Дубне: “Уражанні незабыўныя!” Запрасілі яе і чакаем у госці.

Андрэй Бандарэнка. Мне імпануе выказванне легендарнага Эрнэста Рэзерфорда пра тое, што ўсе навукі падзяляюцца на фізіку і калекцыяніраванне марак. Напрыклад, калі вывучаць глыбей хімію, біялогію — там суцэльная фізіка. Гэта не асабістае меркаванне захопленага сваім прадметам настаўніка. Сучасная легенда беларускай навукі і медыцыны Уладзімір Альбертавіч Лаліні на сустрэчы з нашымі гімназістамі трапна параіў навучэнцам хіміка-біялагічных класаў: “Хочаце ведаць медыцыну — вучыце фізіку!”

Разам па жыцці

— Як нараджаюцца прафесійныя дуэты?

Сяргей Зайцаў. Мы з Інай пазнаёміліся ва ўніверсітэце, вучыліся ў адной групе. Узаемная сімпатыя перарасла ў сяб­роўства, а ў пэўны момант — у каханне. Аднак абодва лічылі: перад тым як пажаніцца, мэтазгодна спачатку ўладкавацца ў жыцці, атры­маць працоўнае месца, не ся­дзець на шыі ў бацькоў.

Іна Зайцава. Спяшацца, як вядома, трэба павольна (усміхаецца). Калі адчулі, што можам утрымліваць сям’ю, узаконілі свае адносіны.

Андрэй Бандарэнка. Са Святланай мы сустрэліся ў гімназіі. А пазнаёміліся бліжэй дзякуючы “Залатому ключу” — так называўся конкурс, які праходзіў сярод маладых настаўнікаў.

Святлана Любчанка. Можна сказаць, той ключ рэальна аказаўся залатым. Сумесная падрыхтоўка і перамога ў конкурсе сталі нашымі першымі крокамі на шляху, які потым стаў сямейным.

— Два педагогі ў сям’і — гэта плюс ці мінус?

Андрэй Бандарэнка. Канечне, мінус. Прыйшоў вечарам на кухню, а там педсавет (усміхаецца). Насамрэч, сямейныя педсаветы непазбежныя, аднак гэта мае і свае перавагі: можна параіцца, скаардынаваць нешта ў рабоце.

Святлана Любчанка. Тое, што работа павінна заставацца на рабоце, — гэта не зусім пра нас, але негатыў мы дадому стараемся не прыносіць. Найперш дома я маці і жонка, а потым настаўніца.

Сяргей Зайцаў. Мы кожны жывём па пэўным распарадку. Так, у сына значныя дадатковыя нагрузкі, звязаныя з алімпіядай, і ён выдатна разумее: каб быць тут пас­пяховым, неабходна правільна размяркоўваць час. Многія ж не могуць дасягнуць поспехаў толькі па адной банальнай прычыне: мы трацім час марна. Калі ж правільна скласці графік заняткаў, старацца яго прытрымлівацца, то можна многае паспець і многага дасягнуць.

Іна Зайцава. Дома настаў­нікі — звычайныя людзі. Толькі яны бясконца правяраюць сшыткі і стараюцца трымаць у полі зроку тэлефоны, бо пры неабходнасці яны на сувязі з вучнямі, з іх баць­камі па-за часам (усміхаецца). Насамрэч, відаць, кожная моцная сям’я грунтуецца на ўзаемаразуменні і падтрымцы. У сумесным правядзенні вольнага часу мы аматары актыўнага адпачынку. Выдатны варыянт — на дачы, яна ў нас у крокавай даступнасці. У сезон разам выязджаем у лес, збіраем ягады і грыбы. Летам падарожнічаем па Беларусі.

Андрэй Бандарэнка. Тры істотныя перавагі настаўніцкай прафесіі — чэрвень, ліпень, жнівень (усміхаецца).

Тое, што водпускі ў нас вялікія, летнія і супадаюць па часе, — сапраўды здорава. Мы імкнёмся любую вольную хвілінку праводзіць разам, для нас гэта каштоўна. Гэта датычыцца нават дробязей, якія могуць перарасці ў сямейную традыцыю. Напрыклад, пельмені лепім дружна, усёй сям’ёй.

Святлана Любчанка. Выяз­джаць на прыроду, падарожні­чаць таксама любім. Загадзя сумесна абмяркоўваем мясціны, якія хочам наведаць, і прыкладаем усе сілы, каб здзейсніць задуманае.

Сяргей Зайцаў. Лета — цудоўная пара, калі можна перавесці дыханне, аднавіцца. Аднак падсвядома адчуваеш: чагосьці не хапае. І паступова ўсведам­ляеш: патрэба вучыць стала часткай цябе, толькі тады жыццё будзе  паўнавартасным.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара