Марыя Вараб’ёва: маладыя вучоныя ПалесДУ — наша сучаснасць і светлая будучыня

- 13:35Абитуриент, Интервью

Чаму быць вучоным — гэта каласальная праца і вялікая адказнасць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Марыя Вараб’ёва, дацэнт кафедры біятэхналогіі, кандыдат біялагічных навук, старшыня савета маладых вучоных ПалесДУ і прадстаўнік СМВ пры Мінадукацыі.

Энтамалогія і біятэхналогіі

— Марыя Міхайлаўна, у якім узросце ў вас праявілася цікавасць да навукі?

— Жывыя арганізмы цікавілі мяне з самага ранняга дзяцінства. Мама расказвала, што, будучы зусім маленькай дзяўчынкай, я пастаянна ў час дажджу разглядала амфібій у лужынах. Самае цікавае, што менавіта гэтая група жывёл стала маім першым аб’ектам даследавання, і ў 2014 годзе я абараніла магістарскую дысертацыю па вывучэнні іх відавой разнастайнасці, феналогіі і асаблівасцей размнажэння.

— А яшчэ над чым працавалі ў студэнцкія гады?

Мой асноўны напрамак дзейнасці — экалогія і захаванне відавой разнастайнасці. Маім першым настаўнікам стаў кандыдат біялагічных навук дацэнт В.А.Бахараў — вучоны з вялікай літары: працавіты і адданы сваёй справе, выключна станоўчы прыклад для пераймання. Ён падтрымаў выбраную мной тэму, дапамог авалодаць метадамі даследавання і на працягу пяці гадоў аказ­ваў падтрымку. Памятаю наш першы сумесны выезд на Баброўскія азёры, што ў Мазыры. Гэта быў сакавік, сонейка прыгравала, і пачаліся міграцыі амфібій да месцаў размнажэння, тут мы і пазнаёміліся бліжэй з гэтай групай жывёл. Віктар Аляксандравіч навучыў чуць іх пошчакі, адрозніваць самцоў ад самак, а таксама знаходзіць кладкі ікры.

Вось так навука стала неад’емнай часткай майго жыцця. Мне вельмі хацелася прадоўжыць навуковую дзейнасць. Наяўнасць вялікай колькасці публікацый і дыпломаў І ступені за ўдзел у канферэнцыях дапамагла паступіць у аспірантуру пры БДУ на кафедру заалогіі да доктара біялагічных навук прафесара Сяргея Уладзіміравіча Бугі. Праўда, маім навуковым кіраўніком стала кандыдат біялагічных навук дацэнт Н.У.Воранава. Пры знаёмстве з ёй я адразу задала пытанне: “Ніна Уладзіміраўна, у мяне ёсць шансы абараніць дысертацыю пасля заканчэння аспірантуры?” Яна адказала: “Канечне, будзем працаваць. Усё рэальна”. І ў нас усё атрымалася. Я паспяхова і прычым датэрмінова абараніла дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата біялагічных навук па дзвюх спецыяльнасцях — “Энтамалогія” і “Малекулярная генетыка”.

— Давайце акрэслім сённяшняе кола вашых навуковых інтарэсаў. Пры выкладанні якімі ведамі дзеліцеся са студэнтамі?

Увогуле ў лік маіх навуковых інтарэсаў уваходзяць малекулярная генетыка, энтамалогія, эвалюцыя, сельская гаспадарка і біяінфарматыка.

Лічу, што навуковая дзейнасць цесна звязана з выкладчыцкай. Усімі назапашанымі ведамі і вопытам дзялюся з навучэнцамі падчас заняткаў, на лекцыях, пры правядзенні практычных і лабараторных, а таксама пры напісанні вучэбных і метадычных дапаможнікаў.

Зараз аб’ектам маіх даследаванняў стала тля — небяспечны шкоднік сельскагаспадарчых і іншых культур. Я вывучаю марфалагічную і генетычную зменлівасць тлі, якая належыць да розных эколага-сістэматычных груп. Асаблівую ўвагу засяроджваю на чужародных інвазіўных відах гэтай групы насякомых, ДНК-штрыхкадзіраванні тлі фаўны Беларусі з ліку шкоднікаў сельскагаспадарчых і іншых культур, а яшчэ на распрацоўцы ПЦР-ПДРФ-ключоў як альтэрнатыў, якія выкарыстоўваюцца пры дыягностыцы цяжка дыферэнцыруемых відаў і падвідаў тлі Беларусі і выяўленні гаплатыпаў СOI. Такога роду даследаванні заслугоўваюць увагі, паколькі адыгрываюць ключавую ролю пры складанні прагнозаў біялагічных інвазій, пры карэктнай дыягностыцы насякомых, ацэнцы стабільнасці папуляцый шкоднікаў, распрацоўцы санітарна-прафілактычных мерапрыемстваў.

Навука — для ўсіх

У ПалесДУ сапраўды дастаткова магчымасцей для рэалізацыі маладых вучоных. Раскажыце пра сваю лабараторыю і яе сучаснае абсталяванне.

— Кіраўніцтва Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта падтрымлівае маладых вучоных ва ўсіх іх пачынаннях. Каб яны маглі праводзіць навуковыя даследаванні, абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, створаны спецыяльныя лабараторыі, аснашчаныя сучасным і дарагім абсталяваннем.

Галіновая лабараторыя, дзе я ажыццяўляю сваю навукова-даследчую дзейнасць, называецца “ДНК і клетачныя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі”. Яна была створана ў 2017 годзе. Сярод яе асноўных напрамкаў дзейнасці — фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, эксперыментальныя распрацоўкі ў галіне прыродазнаўчых (біялогія, хімія, медыцына, сельская гаспадарка і інш.) навук, укараненне інавацыйных тэхналогій у аграпрамысловым комплексе і аграхімічнай вытворчасці, распрацоўка айчынных дыягнастычных тэст-сістэм і клетачных рэпрадуктыўных тэхналогій для патрэб сельскай гаспадаркі і г.д.

Мы праводзім спектраскапію, спектра­флуарыметрыю, цэнтрыфугаванне, імунаферментны і біяхімічны аналізы і шмат чаго іншага. Так, для правядзення малекулярна-генетычнага аналізу выкарыстоўваем цэнтрыфугу з астуджальным эфектам, камеру для гарызантальнага электрафарэзу, трансілюмінатар, ламінарны бокс, вортэкс і тэрмастат.

— Што дапамагае зацікавіць студэнтаў навуковай дзейнасцю ўжо на першым курсе?

— Канечне, асабісты прыклад. Студэнты, назіраючы за навінамі сайта ўніверсітэта, старонкамі ў Instagram і “УКантакце”, пачынаюць праяўляць цікавасць да савета маладых вучоных. Студэнцкія навукова-даследчыя таварыствы актыўна ўключаюцца ў яго дзейнасць, пачынаюць арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы: “Фес­тываль навукі”, “Беларусь інтэлектуальная”, “Моладзь у навуцы: выклікі і перспектывы”, “Сусветны фестываль моладзі — 2024”, “Навука для ўсіх”, “Таямніцы біялогіі” і інш. Нашы студэнты — залатая моладзь не толькі ПалесДУ, але і ўсёй краіны. На іх мы ўскладаем вялікія спадзяванні, бо яны — наша сучаснасць і светлая будучыня.

— Якімі праектамі маладых вучоных універсітэта вы асабліва ганарыцеся?

— Даследаванні, якія праводзяцца маладымі вучонымі ПалесДУ, фінансава падтрымліваюцца з боку дзяржавы — БРФФД, ДПНД і Міністэрства адукацыі. Зараз нашы навукоўцы працуюць над такімі грантамі, як “ДНК — штрыхкадзіраванне прадстаўнікоў атрада Паўцвердакрылых з ліку чужародных інвазіўных відаў фаўны Беларусі”, “Даследаванне ўзаемадзеяння кампанентаў эфірнага масла Humulus spp. з бялкамі біяплёнкі Candida albicans” і “Экзагенныя брасінастэроіды — новыя эфектары-рэгулятары метабалізму грыбоў і сродак кіравання фізіялагічнай актыўнасцю”. Іх спіс мы штогод пашыраем і папаўняем.

Сёння сферы дзейнасці маладых вучоных універсітэта ахопліваюць многія галіны эканомікі краіны, у прыватнасці прамысловасць і сельскую гаспадарку. Вынікі іх навукова-даследчых работ рэгулярна
прэзентуюцца на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, выставах, а таксама штогод на рэспубліканскім маладзёжным інавацыйным праекце “100 ідэй для Беларусі”.

— Марыя Міхайлаўна, што б вы сказалі вучоным-пачаткоўцам?

Быць вучоным — каласальная праца і вялікая адказнасць. У Беларусі навука карыстаецца асаблівай падтрымкай і даверам з боку дзяржавы, таму да беларускіх вучоных прад’яўлены сур’ёзныя патрабаванні. Сучасны вучоны — цярплівы, удумлівы, камунікабельны чалавек, які пастаянна папаўняе свой багаж ведаў. Гэта не проста спецыяліст, а менеджар, які добра арыен­туецца ў прыярытэтных напрамках сусветных навуковых даследаванняў.

На сённяшні дзень у нашай краіне створаны ўсе ўмовы для маладых вучоных-пачаткоўцаў. Распрацавана серыя праектаў з лекцыямі, што дапамагаюць студэнту зразумець, як працуе навуковая сістэма на дзяржаўным узроўні, у якім напрамку асабіста ён можа і павінен рухацца. У нас рэгулярна праводзяцца семінары па напісанні артыкулаў і падрыхтоўцы прэзентацый сваёй працы, а яшчэ заняткі па тайм-менедж­менце, якія аказваюць дапамогу аспіранту ў размеркаванні часу для падрыхтоўкі прэзентацыі ў належны тэрмін. Наладжана міжнароднае супрацоўніцтва і адпаведна магчымы абмен паміж студэнтамі з мэтай выканання пэўных этапаў навуковай работы ў спецыялізаваных лабараторыях і пад кіраўніцтвам вузкіх спецыялістаў у гэтай галіне. Штогод праходзяць маладзёжныя інавацыйныя праекты: “100 ідэй для Беларусі”, “100 ідэй для краін СНД”, прадастаўляюцца стыпендыі і гранты Прэзідэнта Беларусі таленавітым маладым вучоным.

У заключэнне хацела б падкрэсліць, што ў ПалесДУ працуюць высока­кваліфікаваныя спецыялісты ў розных галінах эканомікі, а таму ў сценах універсітэта мы дапаможам рэалізаваць любую ідэю!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара