Цікавасць да прадмета фарміруецца праз прызму стаўлення да педагога. Захопленасць настаўніка сваёй справай — адзін з ключавых фактараў, якія матывуюць дзяцей да вучобы. Такога меркавання прытрымліваецца Наталля Самалазава з сярэдняй школы № 1 Круглага, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З педагогікай Наталля Міхайлаўна трывала звязана амаль сямнаццаць гадоў. Практычна ўвесь гэты час яна выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў 1-й школе райцэнтра.
— Прафесійнае станаўленне праходзіла ў вёсцы Кручы, куды трапіла пасля заканчэння гістфака МДУ імя А.А.Куляшова. Спачатку ўзнікалі пэўныя складанасці, бо я першы настаўнік у нашай сям’і. Аднак у прафесіі не расчаравалася, упэўнілася ў правільнасці свайго выбару. Калі адпрацоўка па размеркаванні скончылася, мяне запрасілі ў гарадскую сярэднюю школу № 1, дзе якраз не хапала гісторыкаў. Так і знайшла сваё месца ў жыцці, — паведаміла Наталля Самалазава.
Асноўны прынцып, якім Наталля Міхайлаўна кіруецца ў рабоце, — бесперапыннае самаразвіццё. Педагог заўсёды знаходзіцца ў прафесійным пошуку.
— Своеасаблівым дэвізам для мяне з’яўляюцца словы А.Лінкальна: “Кім бы ты ні быў, будзь лепшым”. Заходзячы ў клас, стараюся стаць для вучняў лепшай, чым учора. Пастаянна рыхтую для іх крэатыўныя заданні, падбіраю незвычайныя гістарычныя факты, пытанні для дыскусій. Бачачы маю захопленасць, і дзеці захапляюцца прадметамі, якія выкладаю, — расказала Наталля Самалазава.
На думку Наталлі Міхайлаўны, для паспяховага навучання вельмі важная эмацыянальная сувязь паміж педагогам і навучэнцамі. Яна пераканана: неабходна ўлічваць рысы характару, здольнасці, настрой кожнага дзіцяці.
— Імкнуся быць на адной хвалі з вучнямі. Неабыякавыя мне іх радасці, праблемы ці няўдачы. Такі падыход дазваляе наладзіць цесны кантакт з дзецьмі, што істотна ўплывае на засваенне ведаў. Урокі знаходзяць водгук у вучняў, становяцца жывымі, эфектыўнымі, — патлумачыла Наталля Самалазава.
Творчымі заняткі Наталлі Міхайлаўны робіць гарманічная камбінацыя розных методык і тэхналогій, сучасных і традыцыйных форм работы.
— Сумяшчаю элементы розных методык. Прыхільнасць да чагосьці аднаго падразае крылы, таму мой педагагічны арсенал разнастайны. Найбольш часта ўжываю гульнявыя, здароўезберагальныя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Акцэнт раблю на развіцці фінансавай дасведчанасці і крытычнага мыслення навучэнцаў. Вучу іх прагназаваць, аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы і адстойваць свой пункт гледжання, — адзначыла Наталля Самалазава.

Прыярытэтам для Наталлі Міхайлаўны з’яўляецца не толькі навучанне, але і выхаванне вучняў. Для яе важна, каб урокі не проста прыносілі веды, а каб аказвалі станоўчы ўплыў на станаўленне асобы.
— У ходзе заняткаў рэгулярна паказваю вучням уклад нашай краіны ў знакавыя сусветныя падзеі на прыкладзе вядомых беларусаў. Гэта прывівае вучням любоў да Радзімы і гордасць за свой народ, — упэўнена Наталля Самалазава.
Фарміраванню патрыятычных якасцей садзейнічае і школьны гісторыка-краязнаўчы музей, якім кіруе Наталля Міхайлаўна. Тут у пяці экспазіцыях прадстаўлена больш за 800 экспанатаў, сабраных сіламі педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў.
— Музей дае магчымасць вучням у літаральным сэнсе дакрануцца да гісторыі, бо экспанаты можна браць у рукі і вывучаць. Тут часта праходзяць пазакласныя і выхаваўчыя мерапрыемствы, урокі па тэме “Наш край”. Вучні акунаюцца ў гістарычную атмасферу, наглядна знаёмяцца з тым, як жылі іх продкі, даведваюцца пра біяграфіі герояў Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы іх роднага горада. Гэта дапамагае запаўняць прабелы кніжнай педагогікі, — заўважыла Наталля Самалазава.
Асаблівую ўвагу ў сваёй дзейнасці Наталля Міхайлаўна ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі, раскрывае дзіцячыя таленты. За апошнія пяць гадоў настаўніца падрыхтавала звыш трыццаці пераможцаў другога і дзесяць — трэцяга этапу рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве. Сёлета дзевяцікласніку Арцёму Ганчарову зусім крыху не хапіла да перамогі на заключным этапе алімпіяды. Высокі ўзровень ведаў вучні Наталлі Самалазавай пацвярджаюць і пры здачы цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання. Сёлетняя выпускніца Валерыя Смалякова атрымала 100-бальны сертыфікат за ЦЭ па грамадазнаўстве, а яе аднакласніца Уладзіслава Міхайлава набрала 96 балаў на ЦТ па гэтым прадмеце.
— Мае вучні вынікова выступаюць і на Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, універсітэцкіх, дыстанцыйных алімпіядах, розных конкурсах. Усе поспехі дзяцей неверагодна мяне натхняюць. Але больш за ўсё радуе тое, што школьны парог навучэнцы пераступаюць сумленнымі, шчырымі, прыстойнымі маладымі людзьмі, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна. — Усе выпускнікі знайшлі сябе, жыццеўладкаваліся ў грамадстве. Менавіта гэта лічу сваім галоўным педагагічным дасягненнем.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





