Тое, што стане педагогам, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Алена Комар вырашыла, калі вучылася ў 4 класе. Ужо тады яна ведала, як гучаць назвы раслін на латыні, і ўяўляла, як будзе вучыць гэтаму дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Любоў да біялогіі Алене Анатольеўне прывілі ў сям’і. Яе тата Анатоль Фёдаравіч працаваў аграномам і часта браў дачку на работу ў поле.
“Тата займаўся раслінамі і мяне захапіў гэтым, — расказвае пра сябе настаўніца. — Калі вучылася ў 4 класе, я ведала іх назвы не толькі на рускай мове, але і на латыні. Тата часта паказваў новыя расліны, тлумачыў іх паходжанне і асаблівасці, расказваў, якое значэнне яны маюць у жыцці чалавека і чым могуць быць карыснымі. Гэта было мне вельмі цікава”.
У 6 класе, убачыўшы ў раскладзе біялогію, дзяўчынка ўзрадавалася: цяпер можна яшчэ больш дасканала вывучаць любімы прадмет і паглыбіцца ў яго.
“Настаўніца бачыла, што я ведаю прадмет, хваліла, што давала стымул для яшчэ большага развіцця, — дапаўняе педагог. — Пасля першай часткі, батанікі, у нас праз год пачалася заалогія, якая таксама была вельмі цікавай. Увогуле, усе раздзелы біялогіі — гэта нешта неверагоднае. Кожны з іх вельмі поўна раскрывае навакольны свет, робіць яго яшчэ больш прывабным для вывучэння”.
Калі надышоў час вызначацца з будучай прафесія, А.Комар ужо дакладна ведала, з чым звяжа будучыню: ёй хацелася вучыць дзяцей заўважаць вакол сябе прыгожае, глядзець на навакольнае асяроддзе зацікаўленымі вачыма.
“Пасля заканчэння школы я паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка, — працягвае настаўніца біялогіі. — Калі скончыла ўніверсітэт, працавала ў Лявонавіцкай сярэдняй школе. Праз некаторы час мяне заўважыла метадыст і прапанавала перайсці ў сярэднюю школу № 4 Нясвіжа, дзе я выкладаю ўжо 21 год”.

Ці можна метад нагляднасці, якім карыстаўся тата Алены Анатольеўны, калі вучыў дачку запамінаць расліны, назваць эфектыўным у дачыненні да сучасных школьнікаў? Разважаючы над гэтым пытаннем, педагог выказала меркаванне, што гэта магчыма, але не ў кожнай навучальнай установе. Для таго каб паказаць вучням усю разнастайнасць расліннага свету, неабходна вывесці іх туды, дзе ён будзе максімальна прадстаўлены. Сярэдняй школе № 4 Нясвіжа з гэтым пашанцавала: ва ўстановы адукацыі ёсць свой дэндрапарк, а гэта 1325 дрэў і кустоў.
“У нас растуць самыя разнастайныя віды, якіх больш нідзе на тэрыторыі раёна не ўбачыш, толькі ў школьным дэндрапарку, — звяртае ўвагу педагог. — Калі прыходзім сюды з дзецьмі, расказваю, як называецца тое ці іншае дрэва або куст. Яны пачынаюць цікавіцца, задаюць пытанні пра характарыстыкі раслін і тое, чым яны могуць быць карыснымі”.

Урокі біялогіі ў дэндрапарку — гэта не толькі пра разнастайнасць ліставых культур. Алена Анатольеўна любіць паглыбляцца ў гісторыю і расказваць пра паходжанне вегетатыўных прадстаўнікоў і тое, як яны трапілі ў нашу краіну, ці добра прыжываюцца і як прадстаўлены ў дзікай прыродзе. Адназначна, такая інфармацыя пашырае кругагляд вучняў.
“У нашай краіне вельмі мала дэкаратыўных раслін, якія натуральным чынам тут выраслі, — тлумачыць настаўніца. — У дэндрапарку большасць гадаванцаў — таксама не мясцовыя. Напрыклад, эсперэя, платан, чырвоны дуб — гэта завезеныя культуры. Калісьці рэдкім быў і сумах — цікавы род раслін, які аб’ядноўвае больш чым 250 відаў кустоў і невялікіх дрэў сямейства Анакардыевых. Калісьці сумах завезлі ў якасці дэкаратыўнага віду, затое сёння ад яго спрабуюць пазбавіцца, бо ён хутка разрастаецца. Але ў нас на тэрыторыі ён яшчэ сустракаецца”.

Тэме распаўсюджанасці айчынных і прывезеных раслін навучэнцы Алены Анатольеўны прысвяцілі навуковую работу, якую прэзентавалі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Педагог прызналася: ёй было вельмі прыемна, што з невялікага праекта, які рыхтаваўся ў межах рэалізацыі “зялёнай школы”, вырасла вялікая распрацоўка. І ўсё гэта дзякуючы зацікаўленасці дзяцей.
“Калі бачу, што дзеці цікавяцца тэмай, хочацца даць ім як мага больш ведаў, — прызнаецца А.Комар. — Над навуковай работай мы працавалі разам з ужо нашай выпускніцай Дашай Ямцэвіч. Сёння яна — студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Калі вучылася ў школе, дзяўчынка прымала ўдзел у алімпіядах па біялогіі раённага і абласнога этапаў, вывучала шмат дадатковай літаратуры”.
За час, пакуль працуе ў школе, Алена Анатольеўна пашырыла межы прымянення біялогіі: яе вывучаюць не толькі па падручніку ці на тэрыторыі дэндрапарку. Практычнымі ведамі па прадмеце авалодваюць удзельнікі школьнага клуба юных ратавальнікаў-пажарных “Ястрабы”, якім кіруе настаўніца.
“Асноўны кірунак біялогіі, якім павінны валодаць “ястрабы”, — гэта медыцынская падрыхтоўка, — тлумачыць настаўніца. — Кіраваць клубам я пачала 21 год назад, адначасова з выкладаннем біялогіі. Калі ў Нясвіжы праводзіўся раённы конкурс ратавальнікаў-пажарных, дырэктар прапанавала суправаджаць нашых вучняў. У той дзень якраз праводзіўся чарговы этап спаборніцтва — КВЗ, у які я гуляла, калі вучылася ва УВА. Больш нічога, што тычыцца конкурсаў, я не ведала. Але так атрымалася, што з’ездзіла з вучнямі і дагэтуль працягваю займацца “Ястрабамі”.
Калі 21 год назад у клубе было толькі 10 удзельнікаў, то сёння ратавальнікі-пажарныя сярэдняй школы № 4 — гэта 67 навучэнцаў з розных класаў. Пералік таго, чым яны займаюцца, шырокі: КВЗ, пажарны спорт, медыцына, асновы бяспекі жыццядзейнасці, баявое разгортванне і інш.
“Перш чым прыняць удзел у конкурсах, вызначаем спіс удзельнікаў, — гаворыць кіраўнік клуба. — Гэта адбываецца пасля азнаямлення з праграмай спаборніцтваў. У нашай камандзе ёсць навучэнцы пачатковых класаў. Іх, як правіла, курыруюць старшакласнікі. Напрыклад, старэйшыя дзяўчынкі вучаць маленькіх асновам медыцынскай падрыхтоўкі, а хлопчыкі адказныя за папулярызацыю ведаў і ўменняў у такіх кірунках, як пажарны спорт, турыстычная паласа і інш. Затым, калі ўсе ўсяму навучаны, мы збіраемся і вызначаем, хто з “ястрабаў” едзе на конкурс. Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі і няважна, па якім кірунку — біялогіі ці дзейнасці клуба. Нават сёння, падчас канікул, вучні прыходзяць у госці і мы абмяркоўваем многія тэмы, але самая актуальная — уступная кампанія. Не так даўно сёлетняя выпускніца школы ўдзельніца клуба “Ястрабы” Маргарыта Акуневіч стала курсантам Універсітэта грамадзянскай абароны МНС”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





