Выключна дзеля дзяцей: на чым робяць акцэнт ва ўзаемадзеянні з вучнямі педагогі Мінскага раёна

- 9:00Главная, Образование

Арганізоўваць летам камфортныя ўмовы для адпачынку і аздараўлення дзяцей, а ў навучальным годзе падтрымліваць атмасферу, якая дапамагае эфектыўна засвойваць вучэбны матэрыял, — у прыярытэце дзейнасці педагогаў Мінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мінскі раён — самы многанаселены ў краіне. Разважаючы над тым, які ён, педагог, які тут працуе, начальнік упраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама Людміла Лукша ахарактарызавала настаўніка прысталічча вельмі дакладна.

“Нашы настаўнікі адданыя сістэме адукацыі, дзецям і сваёй прафесіі, — акцэнтавала Людміла Канстаўцінаўна. — Побач з намі знаходзіцца Мінск, куды можна лёгка перавесціся, але педагогі Мінскага раёна працуюць на сваіх месцах. Не так даўно раён адзначыў 90-годдзе. Мы развіваемся, захоўваючы і прымнажаючы традыцыі, фарміруем у нашых дзяцей устойлівую грамадзянскую пазіцыю. У 21 установе адукацыі створаны і працу­юць клубы ваенна-патрыятычнага кірунку. Наша гордасць — раённыя клубы  “Сокал” і “Застава”. Сёння ўстановы адукацыі — цэнтр ідэй, ініцыятыў і творчасці для кожнага дзіцяці. У раёне назапашаны вопыт арганізацыі інклюзіўнай адукацыі. А дзейнасць устаноў адукацыі накіравана на выхаванне міласэрнасці ў падрастаючага пакалення праз развіццё валанцёрскага руху і стваральную працу”.

Адукацыйная прастора Мінскага раёна — гэта 121 установа адукацыі, у сістэме якой працу­юць больш чым 6000 чалавек.

“Вельмі каштоўна, што ў многіх калег з больш чым 40-гадовым педагагічным стажам у працоўнай кніжцы ў графе “Месца работы” значыцца адна ўстанова адукацыі, — прызналася Людміла Канстанцінаўна. — Кожны дзясяты педагог — выпускнік школ прысталічча”.

Л.К.Лукша паведаміла, што з 1 верасня ў школах раёна будуць вучыцца каля 30 000 школьнікаў, прычым больш за 3000 з іх — першакласнікі, якія ўпершыню сядуць за парты.

Летам у педагогаў Мінскага раёна такія ж клопаты, як і ва ўсіх настаўнікаў краіны, — арганізацыя і правядзенне аздараўленчай кампаніі. У рэгіёне за час канікул аздаровяцца 9760 дзяцей.

“Падчас аздараўлення нашы педагогі шмат увагі ўдзяляюць правілам бяспечных паводзін навучэнцаў, — адзначыла начальнік упраўлення. — Ва ўсіх лагерах праходзяць прафілактычныя мерапрыемствы, якія накіраваны на папярэджанне шкодных звычак і дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, а таксама на гарантаванне бяспекі жыццядзейнасці, захаванне і ўмацаванне здароўя школьнікаў. Асаблівая ўвага летам удзяляецца дзецям з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама тым непаўналетнім, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”.

Асаблівы акцэнт у Мінскім раёне зроблены на выхаваўчым складніку дзейнасці лагераў. Прыярытэтным напрамкам такой работы педагогі рэгіёна называюць грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Для вырашэння гэтай задачы праводзіцца пошукава-даследчая дзейнасць, а таксама экскурсійная работа.

“У лагерах рэалізуецца праект “Крок да поспеху”, право­дзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў моладзі цвёрдай грамадзянскай і патрыя­тычнай пазіцыі”, — падкрэсліла Л.Лукша.

Каб лета выхаванцам запомнілася, педагогі стараюцца кожную змену напоўніць зместам пэўнай тэматыкі, разнас­таіць яе. А каб бацькі бачылі, чым займаюцца іх дзеці, настаўнікі размя­шчаюць інфармацыю аб мерапрыемствах на сайтах упраўлення і ўстаноў адукацыі, у абласных і раённых Telegram-каналах.

Гарадок імя Чэхава

Аднайменны блог бібліятэкі Астрашыцка-­Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна з’явіўся не для дэманстрацыі адукацыйных мерапрыемстваў установы. Яго стварэнне мае больш глыбокі сэнс.

Блог “Гарадок імя Чэхава” быў створаны для таго, каб расказваць пра карысць чытання, цікавыя кнігі і папулярызаваць іх. Летам знач­насць сеткавага дзённіка ўзрастае, і гэта лагічна: куды, як не ў бібліятэку, дзеці прыходзяць, каб прачытаць тое, што ім задалі на канікулы?

Наталья Бельмач

“Блог нашай школьнай бібліятэкі (дзейнічае з 2015 года) з’яўляецца ў тым ліку інтэрнэт-пляцоўкай для правядзення і рэалізацыі розных сеткавых мерапрыемстваў, акцый і праектаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, — растлумачыла дырэктар Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Наталля Бельмач. — Нашы навучэнцы і педагогі захапіліся іх правя­дзеннем. З цягам часу “Га­радок імя Чэхава” пачаў актыўна супрацоўнічаць з цэнтрам медыярэсурсаў і бібліятэчнай работы Мінскага абласнога інстытута адукацыі. Сёння наша распрацоўка стала інтэрактыўнай пляцоўкай для рэалізацыі культурна-адукацыйных праектаў не толькі для Мінскай вобласці, але і для ўсёй краіны”.

За час існавання на платформе блога было праведзена 19 сеткавых акцый, у якіх прынялі ўдзел каля 6000 чалавек, дзяцей і дарослых з Беларусі, Літвы і Расійскай Федэрацыі. Удзел у такіх мерапрыемствах дазваляе навучэнцам на­быць вопыт па стварэнні даследчых работ, развіць навыкі міжасобасных зносін у розных праектных супольнасцях, функцыянальную дасведчанасць, мысленне і інш. Значна, што сеткавыя акцыі “Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй сям’і: без тэрміну даўнасці” (2019—2023) і “Лета на 10+, або Сонца. Кніга. Сям’я. Сто фантазій”, “Як добра, што ёсць сям’я: сястрычка, мама, тата, я!”, распрацаваныя ў школе, інструктыўна-метадычным пісьмом Міністэрства адукацыі на 2023/2024 навучальны год рэкамендаваны да правядзення ва ўсіх установах адукацыі краіны.

“Мэта акцыі “Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй сям’і. Без тэрміну даўнасці…”, якая праходзіла на платформе з 2020 па 2024 год і атрымала статус рэспубліканскай, — захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, умацаванне сувязі паміж пакаленнямі, выяўленне і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў з выкарыстаннем IT-тэхналогій, — дадала Н.Бельмач. — У акцыі за тры гады прынялі ўдзел больш як 1100 чалавек. А ў 2023/2024 навучальным годзе ў блогу праведзены пяць сеткавых акцый, у якіх удзельнічалі каля 2000 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гэта самы высокі паказчык за шэсць гадоў, і ён пацвярджае, што прыдуманая намі форма работы эфектыўная і дае рэальны вынік”.

Быццам Рэмбрант

У сярэдняй школе № 1 Копішча ў апошні летні месяц праводзяцца гасцявыя сустрэчы школьнікаў з іх класнымі кіраўнікамі.

Дырэктар школы Кацярына Шыўрына растлумачыла, што такая форма работы дазваляе загадзя абазна­чыць найбліжэйшыя планы на пачатак навучальнага года.

“Разам са сваімі настаўнікамі вучні плануюць, якія месцы ў краіне яны наведаюць, — тумачыць К.А.Шыўрына. — Мы часта арганізоўваем для навучэнцаў шматлікія тэматычныя экскурсіі, таму прыблізны план іх правядзення заўсёды павінен быць пад рукой. Што тычыцца іншай дадатковай работы, то 31 жніўня на пляцоўцы ўстановы адукацыі запланаваны кірмаш. На ім будуць прэзентаваны гурткі на платнай і бясплатнай аснове, якія можна наведваць у нашай школе”.

Лета яшчэ не скончылася, але пра вучэбныя планы і іх рэалізацыю педагогі школы думаюць даўно. Несумненна, тыя ідэі, якія былі рэалізаваны ў мінулым навучальным годзе і сталі папулярнымі сярод навучэнцаў, з верасня будуць прадоўжаны. Адна з іх — прафарыентацыйны праект “Стань сабой”. Яго сэнс у тым, што на сустрэчу са школьнікамі запрашаюцца людзі, якія дасягнулі поспеху ў той ці іншай сферы.

“Нашы вучні задаюць 100 пытанняў даросламу, амаль як у аднайменнай тэле­праграме, — працягвае Кацярына Шыўрына. — Дзякуючы знаёмству з прадстаўнікамі многіх сфер, дзеці могуць вырашыць, якая прафесія ім больш падабаецца, кім яны могуць стаць у будучыні. Мы ўжо запрашалі ў госці ветэрынараў, урачоў, пісьменнікаў, журналістаў, тых, хто адкрыў у нашай краіне самую вялікую школу чырлідынгу, і г.д. Усе сустрэчы былі вельмі цікавымі і натхняльнымі”.

Самыя крэатыўныя вучні з ахвотай адгукнуліся на прапанову стаць удзельнікамі творчай ініцыятывы “Сфоткай тыпу Рэмбрант”. Умовы ўдзелу ў ёй вельмі прос­тыя: школьнікі выбіраюць карціну вядомага мастака і з дапамогай падабранага рэквізіту спрабуюць увасобіць яе ў жыццё, а пасля робяць фотаздымак: злева — арыгінал палатна, справа — копія. Праект вельмі спадабаўся вучням, а значыць, працяг у яго адназначна будзе.

“Для настаўнікаў таксама рэалізуем пэўныя праекты, — дадае дырэктар школы. — У нас працуе многа маладых спецыялістаў, для якіх створана і паспяхова дзейнічае школа маладога педагога. Яе вядзе настаўніца пачатковых класаў Караліна Рудніцкая, якая дапамагае з рознымі метадычнымі дапаможнікамі, матэрыяламі, аказвае псіхалагічную падтрымку”.

Вялікае значэнне ў школе надаюць духоўна-маральнаму і ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Менавіта на гэта накіравана музейная экспазіцыя “Па­мяць”, якая дзейнічае ва ўстанове. Педагогі адзначаюць, што мастацтва дапамагае дзецям больш дэталёва даведацца пра ваенныя часы. Выставы твораў Міхаіла Савіцкага, Марка Шагала адлюс­троўвалі тыя падзеі, пра якія школьнікі чыталі ў падручніках гісторыі. Дарэчы, экскурсіі па зале, дзе размешчана экспазіцыя, праводзяць вучні-валанцёры і запісва­юць іх на аўдыягід.

“Мы супрацоўнічаем з Нацыянальным мастацкім музеем, і нашы навучэнцы ўжо праводзілі ў ім экскурсіі, — адзна­чае Кацярына Алегаўна. — У верасні ў нас з’явіцца новая экспазіцыя, якая, упэўнена, таксама стане цікавай для наведвальнікаў”.

Каляровыя гальштукі

Каб дакладна ведаць, да якога атрада адносяцца выхаванцы, у аздараўленчым лагеры “Белыя росы” прыдумалі, як іх пазначаць.

Самы просты варыянт — насіць  гальштукі пэўнага колеру. Аранжавы, салатавы, ружовы, сіні, чырвоны — апрануў аксесуар, і ніякай блытаніны не будзе.

“Гэта вельмі зручна, асабліва калі трэба аператыўна сабраць увесь атрад разам, — гаворыць важаты “чырвонага” атрада настаўнік англійскай мовы Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Ула­дзіслаў Харушын. — Мне вельмі падабаецца праца­ваць з дзецьмі, асабліва ў фармаце аздараўленчага лагера”.

У “Белыя росы” Уладзіслаў прыехаў на чатыры змены — якраз на ўвесь свой настаўніцкі водпуск — і прызнаецца, што застаўся б ячшэ і на пятую змену, але трэба рыхтавацца да пачатку новага навучальнага года.

“Большасць нашага калектыву — гэта студэнты БДПУ імя Максіма Танка, будучыя псіхолагі, — паведаміў дырэктар лагера Анатоль Кандзюхоў. — За кожным атрадам, акрамя важатых, замацаваны старшы выхавальнік. Разам яны складаюць добрую каманду, праводзяць з дзецьмі гульнявыя, пазнавальныя мерапрыемствы, арганізоўваюць экскурсіі па знакавых мясцінах”.

Экскурсіі на БелАЗ, Лінію Сталіна, у Хатынь дапамагаюць дзецям нават падчас канікул вывучаць гісторыю сваёй краіны. Па словах дырэктара лагера, выхаванцам “Белых рос” падабаецца прымаць удзел у дыскусіях і абмеркаваннях. Рэспубліканская інфармацыйна-­асвет­ніцкая акцыя “Крок да поспеху”, якая право­дзіцца ў лагерах краіны, накіравана якраз на гэта.

“Вучні з цікавасцю далучаюцца да спікераў, уступаюць у дыялог, — адзначае Анатоль Фёдаравіч. — Бачачы гэта, разумеем, што такая форма правядзення часу выклікае ў дзяцей інтарэс”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА