З гэтага года кіраўнікоў усіх устаноў дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці аб’ядноўвае адпаведны савет

- 15:25Гродненская область, Новости

З гэтага года кіраўнікоў усіх устаноў дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці аб’ядноўвае адпаведны савет. У фармаце прамога дыялогу падчас пасяджэнняў вырашаюцца актуальныя пытанні павышэння якасці адукацыйнага працэсу, фарміруецца метадычная скарбонка карысных распрацовак і цікавага вопыту. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Першае пасяджэнне савета мінулым летам прайшло на базе нашага дзіцячага сада, — гаворыць загадчыца дзіцячага сада № 101 Гродна і старшыня савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі вобласці Жанна Казловіч. — І такія сустрэчы — гэта не толькі магчымасць канструктыўнага дыялогу, але яшчэ і доб­рая нагода зазірнуць у госці да калег. Для ўдзельнікаў пасяджэння мы арганізавалі змястоўную экскурсію па ўстанове і азнаёмілі з вопытам фарміравання адукацыйнай прасторы, у тым ліку па-за групавымі памяшканнямі — у холах і калі­дорах.

У гэтым пытанні дзіцячы сад № 101 — добры прыклад для пераймання вопыту. Па дарозе ў групы выхаванцы дзень за днём адпраўляюцца ў розныя тэматычныя падарожжы. Ва ўстанове цікава аформлены адразу некалькі холаў. Ёсць каларытны этнаграфічны куток і астравок бяспекі, прысвечаны тэме космасу калідор з аб’ёмнай выявай планет і фае, што са­дзейнічае экалагічнаму выхаванню. Асобнай увагі заслугоўвае і цікава аформленая сцяна выпускнікоў і супрацоўнікаў установы. У форме галінастага дрэва яна адлюстроўвае моманты, на якіх робіцца стаўка ва ўстанове, ва ўзаемадзеянні на ўзроўні “выхаванец — выхавальнік”: пераемнасць і сямейнасць.

— Савет кіраўнікоў установы дашкольнай адукацыі Гро­дзенскай вобласці сёння аб’ядноўвае 19 ініцыятыўных, творчых і зацікаўленых ва ўдасканаленні і развіцці дашкольнай адукацыі загадчыкаў дзіцячых садоў з усіх раёнаў вобласці і Гродна. Узаемадзеянне галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама з членамі савета забяспечвае рэалізацыю прынцыпу калегіяльнасці ў кіраванні сістэмай да­школьнай адукацыі, а цеснае прафесійнае ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях дае магчымасць прымаць эфектыўныя кіраўніцкія рашэнні, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта.

На першым пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні захавання бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў, выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне дашкольнай адукацыі ў Гродзенскай вобласці і кіраўніцкія аспекты арганізацыі адукацыйнага працэсу. Асобная ўвага была ўдзелена пытанням змянення падыходаў і патрабаванняў да распрацоўкі праграм аб’яднанняў па інтарэсах і ўдасканаленню якасці адукацыйнага працэсу ў дачыненні да работы з дзецьмі з АПФР.

Савет толькі пачаў работу, і ў галоўным упраўленні адукацыі аблвыканкама ўпэўнены, што такі фармат узаемадзеяння будзе карысным.

— Правільна выбудаванае ўзаемадзеянне дапаможа ўдасканаліць надзейную аснову для сумеснай працы, бо работа савета прадугледжвае абмен інфармацыяй аб даручэннях, публікацыю актуальных даных і матэрыялаў, а таксама зваротную сувязь з кіраўнікамі ўстаноў дашкольнай адукацыі не толькі Гродзенскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў Беларусі, — дадала Анжаліка Кухта.

Удзельнікі створанага савета плануюць сфарміраваць электронны кейс-зборнік “Лепшыя педагагічныя і кіраўніцкія практыкі” па такіх пытаннях, як узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў, пераемнасць дашкольнай адукацыі і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, работа з маладымі спецыялістамі.

— Гэта будзе садзейнічаць павышэнню якасці, развіццю і ўдасканаленню метадалагічнай культуры, метадычнага і кіраўніцкага майстэрства і прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў і кіраўніцкіх кадраў, а таксама матывацыі іх да інавацыйнай дзейнасці, — адзначыла Жанна Казловіч.

Яна таксама дадала, што ў сучасных умовах асаблівая роля ўдзяляецца кіраўніцкаму майстэрству:

— Важна арыентавацца тут перш за ўсё на стварэнне камфортных умоў для выніковай дзейнасці педагогаў з дзецьмі, бацькамі і для самавыяўлення ў ёй. Лепшы вопыт забяспечыць развіццё ўстаноў адукацыі, станоўчую дынаміку і стабільнасць кіраўніцкіх і адукацыйных вынікаў. І якраз гэтай мэце будзе садзейнічаць узаемадзеянне кіраўнікоў дзіцячых садоў вобласці ў фармаце пасяджэнняў савета.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама