Новы навуковы кластар у Каменскай школе здзіўляе нават вопытных сталічных педагогаў

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Сучасны навуковы кластар, які нядаўна з’явіўся ў Каменскай сярэдняй школе Бабруйскага раёна, здольны здзівіць нават вопытных сталічных педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кластар уяўляе сабой некалькі прасторных, з празрыстымі сценамі класаў, аб’яднаных паміж сабой у вялікую лабараторыю, якая займае амаль увесь паверх. Тут ёсць усё неабходнае для заняткаў школьнікаў, магчыма, будучых вучоных: фізікаў, хімікаў, матэматыкаў, біёлагаў.

Дырэктар Каменскай школы Раман Мануленка адзначае, што ўстанова славіцца таленавітымі педагогамі. А зараз, калі тут з’явіўся навуковы кластар, школа стала яшчэ больш знакамітай. Усё пачалося з таго, што летась тут быў праведзены капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі. У выніку ўвесь другі паверх быў перабудаваны, поўнасцю змянілася яго планіроўка: некалькі былых класаў аб’ядналіся ў адзіную прастору. Тут, як заўважае дырэктар, плануецца праводзіць заняткі не толькі для каменскіх дзяцей, але і для школьнікаў з усяго раёна — разглядаецца варыянт арганізацыі навуковага факультатыву ў рамках шостага школьнага дня.

Дарэчы, у школе працуе раённы рэсурсны цэнтр па пад­рыхтоўцы дзяцей да ўдзелу ў алімпіядах. Раман Мануленка падкрэслівае, што ва ўстанове адукацыі склаўся прыродазнаўча-матэматычны напрамак, а галоўны яе скарб — самаадданыя, высокапрафесійныя педагогі, большасць з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

***

Сямейная пара — настаўнік фізікі і матэматыкі Міхаіл Зябкін і настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Людміла Зябкіна — зай­маецца з дзецьмі робататэхнікай і інфарматыкай.

Іх вучні — дзевяцікласніца Эвяліна Скрэнда і сямікласнік Стас Нашчынец — распрацавалі ўнікальную сістэму аўтапаліву раслін, якая бу­дзе карыснай для прымянення на агародзе, у садзе або паслужыць для паліву хатніх раслін. З гордасцю школьнікі дэманструюць свой агрэгат, які нядаўна на абласным конкурсе даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі заняў 2-е месца, а на абласным конкурсе IT-праектаў “Канструяванне і робататэхніка” — 3-е.

— Калі гаспадары будуць некуды ад’яз­джаць, наша распрацоўка дазволіць раслінам у цяпліцы спакойна “перажыць разлуку”. Канструкцыя складаецца з датчыка вільготнасці глебы, помпы, рэле, якое яе ўключае, святлодыёдаў, а галоўнае — мікракантролера, які кіруе ўсім працэсам. Калі вільгот­насць глебы становіцца ніжэйшай за 50%, раслінам пачынае падавацца вада, — расказвае Эвяліна.

Мілана Шырокая і Маргарыта Спірына распрацавалі цікавы праект “Бібіка”. Яны запраграмавалі аўтамабіль так, каб ён сам аб’язджаў на сваім шляху перашкоды. А іх аднакласніца Яўгенія Салтыкова прадставіла “Разумны дом”, які сам рэгулюе клімат у памяшканні. Усе дзеці адзначаюць: галоўнае, каб у любога навуковага праекта была выразная практычная накіраванасць.

***

Дырэктар школы Раман Мануленка — кіраўнік рэсурснага цэнтра па біялогіі.

У прасторным класе сярод раслін і прабірак нас сустракае дзевяцікласнік Сцяпан Шыла, які плануе звязаць свой лёс з навукай.

— Адкры­ваць для сябе біялогію можна бясконца, — разважае хлопец. — Займаюся пад кіраўніцтвам Рамана Мікалаевіча ўжо не першы год, планую паступіць у МДУ імя А.А.Куляшова, стаць настаўнікам хіміі і біялогіі.

Сцяпан з энтузіязмам дэманструе нам дослед з геранню: палівае яе і накрывае колбай.

Праз некаторы час шкло запацее, — тлумачыць вучань. — Гэта азначае, што расліна выпарвае ваду праз лісце. З дапамогай біялагічных доследаў можна нават вымяраць аб’ём вады, якая выдзяляецца.

— Доследы вельмі зручна дэманстраваць дзецям з дапамогай нашага мультыборда, — заўважае дырэктар. — У нас ёсць лічбавы перахаднік, які дазваляе вывесці дослед, што праводзіць настаўнік ці вучань, у рэжыме рэальнага часу на экран і паказаць усяму класу.

У біялагічнай лабараторыі ў Рамана Мікалаевіча зараз займаюцца вучні 7 і 8 класаў, а адзінаццацікласнікі актыўна рыхтуюцца да алімпіяд па прадмеце.

— Яны адпрацоўваюць менавіта практычныя навыкі, — тлумачыць педагог. — Практычная частка алімпіяды складаная, без рэгулярных заняткаў не абысціся, нават калі тэорыю ведаеш на выдатна. У нас самае сучаснае абсталяванне. Нядаўна ў школу паступілі новыя прыборы для даследавання мікраклімату, вільготнасці паветра. У планах яшчэ шмат праектаў. І, вядома, да ўдзелу мы запрашаем не толькі нашых школьнікаў, але і вучняў з усяго Бабруйскага раёна.

Ва ўсіх дзяцей павінна быць магчымасць займацца навуковай практыкай. Тэорыя— гэта добра, але менавіта практычныя заняткі павышаюць узровень ведаў вучняў.

***

Хімію ў Каменскай школе выкладае Людміла Хамічэнка — кіраўнік адпаведнага рэсурснага цэнтра, выдатнік адукацыі.

—  Мы можам право­дзіць любыя доследы, — адзначае настаўніца. — У нас ёсць нават складанае абсталяванне, як ва ўніверсітэцкіх лабараторыях. У найбліжэйшых планах — набыць лічбавыя датчыкі, якія будуць паказваць, як хімічныя рэакцыі залежаць ад тэмпературы і іншых паказчыкаў. Гэта ўжо вельмі высокі ўзровень вывучэння прадмета.

— Вельмі любім хімію! — хорам гавораць дзевяцікласніцы Валерыя Смычнік і Арзу Алякберава і дэманструюць працэс растварэння рэчываў пры дапамозе магнітнай мяшалкі. — Гэта навука цудаў. З дапамогай хімічных пераўтварэнняў можна ства­раць любыя рэчывы, эксперыментаваць з колерамі.

Сёлета вучні Людмілы Анатольеўны са сваёй работай “Вызначэнне якасці саставу лекавых прэпаратаў” занялі 2-е месца на абласным конкурсе даследчых работ па хіміі. У бягучым навучальным годзе пілотны праект, над якім ужо працуюць навучэнцы 9 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы, мае назву “Вызначэнне колькаснага саставу дзеючых кампанентаў у жарапаніжальных леках”. Тэму даследчай работы прапанавалі самі вучні.

— Гэтае даследаванне вельмі важнае, — каменціруе Людміла Хамічэнка. — Яно пакажа, як мяняецца састаў усім нам вядомых лекаў пры іх няправільным захоўванні. Напрыклад, у інструкцыі напісана, што прэпарат трэба трымаць у сухім месцы, а многія людзі, на жаль, не звяртаюць на гэта ўвагі. А між тым кампаненты лекаў пры пэўнай вільготнасці могуць літаральна пераўтварыцца ў атруту.

У планах педагога і вучняў яшчэ шмат даследчых праектаў, якія маюць практычную накіраванасць.

— Наш навуковы кластар дазваляе праводзіць заняткі на якасна новым узроўні, — пад­крэслівае настаўніца. — Сучаснае абсталяванне дапаможа дзецям авалодаць практычнымі навыкамі, якія будуць карыснымі як для алімпіяднікаў, так і для тых, хто хоча паглыблена вывучаць хімію.

Не так даўно ў Каменскай сярэдняй школе праходзіла сустрэча для намеснікаў дырэктара школ Бабруйскага раёна. Гасцям прадэманстравалі навуковы кластар і прапанавалі прывозіць сюды на заняткі вучняў з іншых устаноў адукацыі. Дарэчы, усе рэсурсныя цэнтры па названых прадметах дзейнічаюць на базе школы. А новы кластар ужо наведваюць некалькі старшакласнікаў з гарадскіх школ Бабруйска.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара