Аляксандр Ваўчкоў: фармірую ў навучэнцаў навыкі і ўменні, якія дазволяць быць запатрабаванымі спецыялістамі

- 14:35Могилевская область, Персона

Перадаць навучэнцам прафесійныя веды і вопыт, сфарміраваць іх асобу, падрыхтаваць да працоўнага жыцця — ключавыя задачы ўладальніка звання “Майстар года” з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Аляксандра Ваўчкова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З прафесійнай адукацыяй Аляксандр Сяргее­віч трывала звязаны ўжо даволі доўгі час. Рабоце з падрастаючым пакаленнем ён прысвяціў звыш дзесяці гадоў, прычым у яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс. Увесь гэты час Аляксандр Ваўчкоў з’яўляецца майстрам вытворчага навучання ў элект­ратэхнічным каледжы.

— Я і сам тут атрымліваў прафесію. Мой бацька — электраманцёр, ён і параіў гэтую ўстанову. Вучыўся я з энтузіязмам, быў у ліку выдатнікаў. Калі атрымліваў дыплом, кіраўніцтва каледжа прапанавала застацца працаваць на пасадзе майстра. Так і распачаўся мой педагагічны шлях, — расказаў Аляксандр Сяргеевіч.

Зараз Аляксандр Ваўчкоў выкладае спецыяльнасці “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” і “Электрамантажнік па сілавых і асвятляльных сістэмах”. У ліку яго выхаванцаў звыш 500 маладых лю­дзей. На занятках у Аляксандра Сяргеевіча яны спасцігаюць азы прафесіі: вучацца працаваць з бытавымі і прамысловымі электрычнымі прыборамі.

Каб вытворчае навучанне было эфектыўным, Аляксандр Ваўчкоў вялікую ўвагу ўдзяляе стварэнню належных умоў. Цалкам самастойна ён аформіў майстэрню па мантажы асвятляльных электраўстановак.

— Акцэнт зрабіў на адпаведнасці стандартам Prof­skills. Рабочыя месцы ў майстэрні персаналізаваныя. На стэндах прадстаўлены праг­рамуемыя лагічныя кантролеры і іншае абсталяванне, якое выкарыс­тоўваецца для аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў на прадпрыемствах, — паведаміў Аляксандр Сяргеевіч.

Па яго меркаванні, галоўная мэта майстра — наву­чыць. Навучыць падлетка праца­ваць рукамі, якасна і адказна выконваць сваю справу, каб у далейшым атрымліваць ад выб­ранай прафесіі не толькі матэ­рыяльнае, але і маральнае задавальненне.

— Заняткі будую так, каб яны стымулявалі дапытлі­васць вучняў, матывавалі іх на самаадукацыю. Прафесійным уменням вучу праз уласны прыклад і сумесную дзейнасць. Да кожнага навучэнца шукаю свой падыход, імкнуся заўважыць моцныя бакі, — расказаў Аляксандр Сяр­гее­віч.

Асаблівую ўвагу педагог удзяляе развіццю здольнас­цей навучэнцаў. Яго выхаванцы паспяхова праяўля­юць сябе ў конкурсным руху, з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі спаборніцтваў Profskills, прычым як рэспуб­ліканскага, так і міжнароднага ўзроўню.

— Масава далучаю навучэнцаў да навукова-тэхнічных конкурсаў. Для іх гэта добрая магчымасць навучыцца нестандартна і крэатыўна мысліць. Хлопцы займаюцца вынаходніцтвам і часта прыдумваюць незвычайныя механізмы або нават новыя тэхналогіі. Напрыклад, навучэнцы Антон Бяганскі, Міхаіл Веранкоў і Мікіта Фіялкоўскі пад маім кіраўніцтвам распрацавалі трэнажор па праграмаванні лагічных кантролераў і макет разумнага дома, аснашчанага альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі. Праекты сабралі шэраг пераможных дыпломаў, — адзначыў Аляксандр Сяргеевіч.

Разам з прафесійнай пад­рыхтоўкай моладзі ў прыярытэце педагога і яе выхаванне. Па суботах і на канікулах разам са сваімі навучэнцамі ён наведвае музеі, памятныя месцы рэгіёна і краіны.

— Рэгулярна арганізоўваю выхаваўчыя мерапрыемствы. Падчас нефармальных зносін шмат увагі ўдзяляю гутаркам пра такія важныя паняцці, як патрыятызм, грамадзянскасць, імкнуся закладваць у навучэнцах правільныя каштоўнасці і арыенціры, — расказаў Аляксандр Сяргеевіч.

Сёння Аляксандр Ваўчкоў — майстар першай ква­ліфікацыйнай катэгорыі. Але, нягледзячы на гэта, ён бесперапынна знаходзіцца ў творчым пошуку.

— Пастаянна ўкараняю ў адукацыйны працэс прагрэсіўныя формы навучання. Стараюся, каб навучэнцы атрымлівалі дакладную, сучасную, актуальную інфармацыю. Фармірую ў іх тыя навыкі і ўменні, якія дазво­ляць ім быць запатрабаванымі на рынку працы спецыялістамі, — падкрэсліў Аляк­сандр Сяргеевіч.

Для павышэння прафесійнай кампетэнцыі Аляксандр Ваўчкоў прымае ўдзел у разнастайных конкурсах, фестывалях, канферэнцыях. Нядаўна стаў лепшым у краіне на рэспубліканскім конкурсе “Майстар года”.

— Высокае званне стала для мяне чарговым штуршком да прафесійнага росту. Хочацца рабіць заняткі яшчэ больш выніковымі, яшчэ больш укладваць у сваіх вучняў, — заўважыў Аляксандр Сяргее­віч. — Менавіта гэта ў планах на найб­ліжэйшую перспек­тыву.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара