Праблема падлеткавага суіцыду з’яўляецца адной з самых актуальных праблем цяперашняга часу. Мы, дарослыя, умудроныя жыццёвым вопытам людзі — педагогі, бацькі, павінны разумець і прымаць той факт, што многае з таго, што нам здаецца дробяззю, для дзіцяці — глабальная праблема.
“Не трэба за мяне вырашаць, я ўжо дарослы!”
Можна вылучыць шмат прычын суіцыдальных паводзін: праблемы ў зносінах у сям’і, школьныя праблемы, адносіны з аднагодкамі, адносіны з процілеглым полам, крызісныя станы і многія іншыя.
Цяжкасці ў адносінах з бацькамі — адзін з фактараў, які можа давесці дзіця да самагубства. Асабліва гэта ўласціва дзецям падлеткавага ўзросту.
Падлеткавы ўзрост — гэта сур’ёзнае выпрабаванне на трываласць адносін паміж бацькамі і дзецьмі-падлеткамі.
Усё часцей бацькі могуць пачуць ад сваіх дзяцей фразы накшталт “Не трэба за мяне вырашаць, я ўжо дарослы!” ці “Адчапіцеся ад мяне! Я лепш ведаю, што мне трэба!”, а ўслед за гэтым гучна і з трэскам зачыняюцца дзверы. Як жа балюча бацькам чуць гэтыя словы… Да горла падступае камяк крыўды і гневу… І ў сітуацыі адчаю дзеянні і ўчынкі бацькоў прымаюць ультыматыўную форму зносін.
Ультыматум аказвае істотны ўплыў на працэс прыняцця рашэнняў тым бокам, якому ён прад’яўлены. Гэта звязана з тым, што ўльтыматум ставіць перад неабходнасцю зрабіць складаны выбар у абмежаваны прамежак часу і пад націскам пагрозы негатыўных наступстваў. Ультыматум рэзка звужае прастору для манеўру і кампрамісу. Ён фактычна зводзіць усе варыянты да бінарнага выбару: прыняць умовы або адхіліць іх. Гэта пазбаўляе бок, які атрымаў ультыматум, магчымасці пошуку альтэрнатыў або частковай згоды. Ультыматум стварае высокі націск у сціснутыя тэрміны. Немагчымасць старанна ўсё абдумаць і ўзважыць прымушае прымаць паспешлівыя і не да канца пралічаныя рашэнні. Гэта павялічвае верагоднасць памылак і неабдуманых крокаў. Страх перад пагрозай, якая змяшчаецца ва ўльтыматуме, можа справакаваць негатыўную рэакцыю. З гордасці, пачуцця супярэчнасці ці нежадання ўступаць націску бок можа пайсці на адмаўленне, нават усведамляючы рызыку.
Ультыматумы ў адносінах — гэта эгаістычная стратэгія, якая ігнаруе патрэбы і выбар іншага чалавека. Ультыматум (лац. ultimus — “самы апошні”) — патрабаванне, звязанае з абмежаваннем часу, дадзенага на яго выкананне, а таксама з пагрозай сур’ёзных наступстваў у выпадку яго невыканання. Ультыматум з’яўляецца дэманстрацыяй нежадання якога-небудзь роду перагавораў.
Афектыўны тып суіцыдальных паводзін непаўналетніх можа праявіцца якраз у такі момант, і падлеткі ўчыняюць дзеянні пад уплывам яркіх эмоцый. У такіх выпадках падлетак не мае дакладнага плана дзеянняў, а паводзіць сябе імпульсіўна, пад уплывам моцных негатыўных эмоцый. Крыўда, гнеў засланяюць сабой рэальнае ўспрыманне рэчаіснасці і прыводзяць да суіцыдальных дзеянняў.
Паказаць, хто тут галоўны
Ёсць і іншыя прычыны, па якіх людзі ставяць ультыматум у адносінах:
- здабыванне ўлады (у адносінах, дзе пастаянная барацьба за ўладу, ультыматумы могуць быць звычайнай з’явай, таму што гэта лепшы спосаб паказаць, хто тут галоўны);
- неэфектыўныя зносіны (чалавек не можа зразумець праблемы);
- асобасныя праблемы (некаторыя людзі схільныя да празмернай эмацыянальнасці і рэзкіх перападаў настрою);
- недавер (у адносінах не хапае даверу і адкрытасці, каб можна было спакойна выказваць свае патрэбы).
Любая сітуацыя, калі ў чалавека аднімаюць выбар, нездаровая. Ультыматумы — гэта пагрозы, а пагрозы ніколі не задавальняюць іншага чалавека, асабліва калі гэта падлетак. Прымусовае падпарадкаванне, якое было эфектыўным з дзіцем у маленстве, зараз неэфектыўнае і амаль ніколі не ўспрымаецца добра, а заўсёды выклікае абурэнне ў падлетка. Гэтае абурэнне выліваецца ў складаныя ўзаемаадносіны.
Што рабіць?
Як сябе паводзіць з падлеткам, каб не дапускаць пагаршэння адносін з ім і канфліктаў?
Пачнём з таго, што бацькі не павінны чакаць ад падлетка выбачэнняў і якіх-небудзь дзеянняў. Менавіта бацькі робяць першы крок насустрач, як бы крыўдна і горка ім ні было. Так, падлеткі могуць быць даволі жорсткімі ў сваіх выказваннях. Але бацькам трэба разумець, што, па-першае, зрабіўшы першы крок і пачаўшы размову, яны пакажуць яму прыклад таго, як канструктыўна можна сябе паводзіць у канфліктнай сітуацыі, па-другое, пакажуць гэтым, што любяць і прымаюць сваё дзіця і гатовы да канструктыўнага дыялогу, гатовы выслухаць. Абавязкова пры гэтым прагаварыце свае пачуцці пасля сказаных дзіцем балючых для вас слоў (толькі зрабіце гэта без уколаў папроку). Высновы яно зробіць само.
Калі вы гаворыце аб сваіх пачуццях падлетку, рабіце гэта ад першай асобы. Тут важна гаварыць пра сябе, свае перажыванні, а не пра асобу падлетка. Наогул, навучыцеся абмяркоўваць учынак падлетка без пераходу да крытыкі яго асобы, яго перажыванняў, якімі б непажаданымі ці непрымальнымі, на ваш погляд, яны ні былі. Можна выказваць сваю незадаволенасць нейкім асобным учынкам дзіцяці, але не дзіцем у цэлым. Гэтая незадаволенасць не павінна быць сістэматычнай, каб яна не перарасла ў непрыманне дзіцяці.
Уключаюцца механізмы самаратавання
Дзіцяці ў любым узросце неабходна добра ставіцца да сябе. Стаўленне да сябе фарміруецца праз стаўленне да яго навакольных, у першую чаргу бацькоў, значных дарослых. Калі яно ўвесь час чуе ў свой адрас толькі папрокі, яму становіцца вельмі дрэнна. У такім стане дзіця, асабліва падлетак, не можа знаходзіцца пастаянна, у яго ўключаюцца механізмы самаратавання. Падлетак пачынае шукаць месца, дзе ён атрымае адабрэнне, прызнанне і падтрымку. Таму часта падлеткі шукаюць падтрымку і разуменне ў розных групах, у тым ліку і негатыўнай накіраванасці, як у жывых зносінах ці ў сацыяльных сетках. Акцэнтуйце ўвагу не на слабых, а на моцных баках асобы падлетка, не скочвайцеся ў зносінах з ім у пастаянныя папрокі і крытыку.
Сачыце за тым, што іменна і як вы гаворыце свайму падлетку. Зусім нязначнае змяненне ў фармулёўцы і інтанацыі здольна павярнуць гутарку ў іншы бок.
“Ты дзейнічаеш правільна!”
Каб пазбегнуць лішніх праблем, памятайце, што перад вамі яшчэ дзіця, але яно ўжо патрабуе да сябе стаўлення як да дарослага. Таму не патрабуйце ад яго немагчымага. Але абавязкова падтрымлівайце яго ва ўсіх яго самастойных пачынаннях, у спробах самастойна зрабіць выбар. Не ўмешвайцеся ў справу, якой заняты падлетак, калі ён не просіць вашай дапамогі. Сваім неўмяшаннем і маўклівай падтрымкай вы невербальна будзеце паведамляць дзіцяці: “Ты дзейнічаеш правільна!” Адна з асноўных базавых патрэб падлетка — патрэба ў свабодзе і самавызначэнні. І менавіта самастойныя дзеянні падлетка забяспечваюць яму развіццё і сталенне.
Дайце падлетку адчуць усе адмоўныя наступствы сваіх дзеянняў (ці, наадварот, бяздзейнасці).
Потым дайце права падлетку вызначыцца, які з варыянтаў рашэння ён выбірае, і несці за гэтае рашэнне адказнасць. Толькі тады ён будзе сталець і станавіцца свядомым.
Падлеткавы ўзрост — гэта цяжкі ўзрост і для дзяцей, і для бацькоў. Але бацькам важна памятаць, што менавіта яны з’яўляюцца накіравальнымі адносін паміж імі і іх дзецьмі і менавіта ад іх залежыць, якімі гэтыя адносіны будуць у далейшым, ці захаваюцца ў іх тонкая эмацыянальная сувязь і цяпло.
P.S. Гэты матэрыял можа быць выкарыстаны ў практычнай рабоце класнага кіраўніка, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага і іншых спецыялістаў устаноў адукацыі для асветы законных прадстаўнікоў, прафілактыкі суіцыдальных паводзін у падлеткаў, узаемадзеяння і выхавання непаўналетніх.
Вольга АЎДЗЯЁНАК,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля
Фота pixabay.com